Тады суд здзейснены, а мы з жаўнерам закопваем асуджанага».
Падарожнік нахіліўся вухам да афіцэра і, трымаючы рукі ў кішэнях сурдута, прыглядаўся да работы машыны. Асуджаны прыглядаўся таксама, але пры тым нічога не разумеў. Ён трохі схіліўся і сачыў за торганнем штыроў, калі жаўнер, на знак, пададзены афіцэрам, разрэзаў яму ззаду кашулю і нагавіцы так, што яны з яго паспадалі; асуджаны паспрабаваў падхапіць падаючую адзежу — акрыць сваю галізну,— але жаўнер падняў яе ўгору ды строс з яго апошняе рыззё. Афіцэр спыніў машыну, і ў цішыні, што пасля гэтага ўсталявалася, асуджаны быў пакладзены пад барану. Ланцугі з яго былі знятыя, а замест іх замацаваныя рамяні; асуджанаму ў першую хвілю гэта падалося ледзьве не палёгкаю. Тут барана апусцілася яшчэ крыху ніжэй, бо чалавек гэты быў худы. Калі вастрыі дакрануліся да яго цела, па скуры ў яго прабеглі дрыжыкі; у той час калі жаўнер быў заняты ягонай правай рукою, ён сам выцягнуў левую, не ведаючы, у якім накірунку; гэта быў, аднак, той накірунак, дзе стаяў падарожнік. Афіцэр няспынна глядзеў на падарожніка збоку, быццам бы спрабуючы прачытаць на ягоным твары тое ўражанне, што на яго робіць экзекуцыя, якую ён — прынамсі, у агульных рысах — толькі што апісваў.
Рэмень, прызначаны на запясце, лопнуў: відаць, жаўнер зацягнуў яго занадта моцна. Афіцэр мусіў яму дапамагчы; жаўнер паказаў яму адарваны кавалак рэменя. Афіцэр падышоў да жаўнера і сказаў, паварочваючы твар да падарожніка: «Машына вельмі складаная: сям-там нешта рвецца або ламаецца; праз гэта, аднак, не павінна скажацца яе агульная ацэнка. Рэмень, зрэшты, можна адразу ж замяніць; дзеля гэтага я буду ўжываць ланцуг; што праўда, ад таго пацерпіць далікатнасць рухаў бараны ў вобласці правай рукі.— I, накладаючы ланцуг, ён дадаў: — Сродкі, патрэбныя на ўтрыманне машыны, цяпер надта абмежаваныя. За часы былога каменданта толькі дзеля гэтай мэты і была вызначаная каса, якой я свабодна карыстаўся. Тут быў склад, дзе захоўваліся самыя розныя запчасткі. Прызнаю: я амаль што дапускаў марнатраўства з імі... маю на ўвазе даўней, не цяпер, як сцвярджае новы камендант, які толькі шукае прычын, каб знішчыць старыя прыстасаванні. Цяпер ён сам распараджаецца касай, прызначанай на ўтрыманне машыны, і калі я пасылаю па новы рэмень, ён патрабуе ў якасці доказу прад'явіць парваны; новы рэмень паступае толькі праз дзесяць дзён, ён ужо горшага гатунку і не шмат чаго варты. Але тое, як мне тым часам абслугоўваць машыну без рамянёў, нікога не хвалюе».
Падарожнік раздумваў: улазіць рашуча ў чужыя справы — гэта заўсёды рызыкоўная рэч. Ён сам не быў ані грамадзянінам калоніі для асуджаных, ані грамадзянінам дзяржавы, да якой яна належала. Калі б ён захацеў асудзіць або ўвогуле паспрабаваць перашкодзіць экзекуцыі, яму б маглі сказаць: «Ты чужынец і сядзі ціха!» Ён бы нічога не мог на гэта адказаць, а толькі дадаў бы, што ў гэтым выпадку сам не разумее свайго ўчынку, бо падарожнічае толькі дзеля таго, каб назіраць, і ні ў якім разе не дзеля таго, каб нешта мяняць у карным заканадаўстве чужой краіны. Але сітуацыя, што тут складалася, правакавала яго на гэта. Несправядлівасць судовага разбору і нялюдскасць пакарання не выклікалі сумненняў. Ніхто не змог бы абвінаваціць падарожніка ў нейкай прадузятасці, бо асуджаны быў чужым яму чалавекам, не земляком; ён нават не абуджаў ніякага спачування. Сам жа падарожнік меў рэкамендацыі ад высокіх інстанцый; яго прымалі тут з вялікай ветлівасцю і павагай; а факт яго запрашэння на экзекуцыю, здавалася, павінен быў сведчыць, што існавала жаданне пачуць ягоную думку наконт гэтага суда. Усё гэта было тым болей відавочна, бо камендант, як ён цяпер вельмі выразна пра гэта чуў, не быў прыхільнікам гэткай судовай працэдуры, а ў дачыненні да афіцэра паводзіў сябе амаль што варожа.
Тут падарожнік пачуў раз'юшаны крык афіцэра. Той якраз, не без цяжкасцяў, засунуў асуджанаму ў рот лямцавы кляп, а апошні, не могучы стрымаць інстынкту раздражнення, заплюшчыў вочы і званітаваў. Афіцэр спешна адарваў яго ад кляпа ўгору і хацеў нахіліць ягоную галаву ў равок, але было занадта позна: ваніты ўжо цяклі па машыне. «Ва ўсім вінаваты камендант! — крыкнуў афіцэр, непрытомна калоцячыся каля масянжовых апор.— Машына запаскуджаная, як свінарнік! — Дрыготкімі рукамі ён паказваў падарожнаму, што здарылася.— Хіба ж я цэлымі гадзінамі не спрабаваў даводзіць каменданту, што ў дзень перад пакараннем нельга выдаваць ніякай ежы! Ды новае ліберальнае кіраўніцтва мае іншую думку. Камендантавы жанчыны, перш чым чалавека адвядуць, панапіхваюць яго аж даверху рознымі салодкімі рэчамі. Усё сваё жыццё ён харчаваўся смярдзючай рыбай, а цяпер павінен есці слодычы! Зрэшты, хай бы сабе так і было, я не пярэчыў бы, але чаму нельга набыць новага лямцу, які я выпрошваю ўжо тры месяцы?! Як жа можна, не брыдзячыся, браць у рот гэты лямец, які ў перадсмяротнай агоніі ссала і грызла больш як сто чалавек?»
Читать дальше