«Так, барана,— адказаў афіцэр,— і гэты назоў якраз падыходзіць. Штыры размешчаныя тут гэтаксама, як у баране, а ўсё разам рухаецца, нібы барана, хоць толькі ў адным месцы і з куды большай зграбнасцю. Зрэшты, вы зараз гэта зразумееце. Сюды, на ложак, кладуць асуджанага. Я хацеў бы найперш апісаць апарат, а толькі потым прадэманстраваць самую працэдуру. Тады вы зможаце лепш сачыць за ёю. Зрэшты, шасцярня ў рысоўніку ўжо занадта моцна сцерлася і вельмі рыпіць у час руху; тады ледзьве можна разумець адзін аднаго; на жаль, тут дужа цяжка даставаць запчасткі... Дык вось гэта, як я ўжо казаў, ложак. Ён цалкам акрыты слоем ваты; вы яшчэ даведаецеся, з якой мэтай. На гэтую вату асуджанага кладуць жыватом уніз — натуральна, голага; вось рамяні, каб прывязваць яго; тут за рукі, тут за ногі, а тут за шыю. Тут на ложку, у галавах, дзе, як я казаў, чалавека найперш кладуць тварам, знаходзіцца гэты маленькі лямцавы кляп, які можна лёгка адрэгуляваць гэтак, каб ён запіхваўся асуджанаму проста ў рот. Гэта ўсё з мэтаю перашкодзіць яму крычаць або адкусіць сабе язык. Натуральна, чалавек мусіць браць гэты лямец сабе ў рот, бо іначай рэмень, што трымае ягоную шыю, пераломіць яе.
«Ці гэта вата?» — спытаў падарожнік, нахіліўшыся ўперад. «Ну, вядома ж,— адказаў афіцэр з усмешкаю,— памацайце самі». Ён узяў руку падарожніка і правёў ёю па ложку. «Гэта адмыслова апрацаваная вата, таму яе гэтак нялёгка распазнаць; я яшчэ скажу пра яе прызначэнне». Падарожнік ужо крыху зацікавіўся тым апаратам; затуліўшы далонню вочы ад сонца, ён глядзеў уверх, на апарат. Гэта была вялікая спаруда. Ложак і рысоўнік мелі аднолькавыя памеры і былі падобныя да дзвюх цёмных скрыняў. Рысоўнік уздымаўся недзе на два метры па-над ложкам; абедзве часткі па краях былі злучаныя чатырма масянжовымі прэнтамі, якія амаль што зіхцелі на сонцы. Паміж скрыняў на сталёвай стужцы вісела барана.
Афіцэр ледзьве быў звярнуў увагу на ранейшую абыякавасць падарожніка, але цяпер зразумеў зацікаўленасць, што абуджалася ў ім; ён перапыніў свае тлумачэнні, каб даць падарожніку спакойна ўсё разгледзець. Асуджаны імітаваў рухі падарожніка; а раз ён не мог затуліць вочы далонню, то свабодна міргаў вачыма, гледзячы ўгору.
«Значыць, тут ляжыць чалавек»,— сказаў падарожнік, адхіліўся назад у крэсле і скрыжаваў ногі.
«Але,— адказаў афіцэр, потым, ссунуўшы крыху назад форменную шапку, правеў далонню па гарачым твары, — а цяпер паслухайце! Як ложак, гэтак і рысоўнік маюць свае электрычныя батарэі; ложку ён патрэбны самому, а рысоўніку — для бараны. Як толькі чалавека прывязваюць, ложак пачынае рухацца. Дробнымі і вельмі хуткімі рухамі ён торгаецца адначасна ў бакі, наперад і назад. Падобныя апараты вы, магчыма, бачылі ў лякарнях; толькі ў нашага ложка ўсе рухі дакладна разлічаныя; менавіта яны падстроеныя вельмі дакладна пад рухі бараны. А гэтая барана, уласна, і выконвае прысуд».
«А як жа гучыць прысуд?» — спытаў падарожнік. «Вы гэтага таксама не ведаеце? — спытаў афіцэр са здзіўленнем у голасе і прыкусіў губы,— даруйце, калі мае тлумачэнні беспарадкавыя; вельмі прашу мне прабачыць. Бо даўней тлумачэнні даваў якраз камендант; але новы камендант пазбавіў сябе ад гэтага ганаровага абавязку; аднак тое, што ён нават такога шаноўнага госця,— падарожнік спрабаваў абедзвюма рукамі бараніцца ад гэтых выразаў шанавання,— ... што ён нават такога шаноўнага госця не праінфармаваў пра форму нашага прысуду, гэта ўжо нейкая навацыя, якая... — У яго на губах ужо відаць быў праклён, але ён стрымаўся і адно дадаў: — Мне гэта не было паведамлена, і тут не мая віна. Зрэшты, вядома ж, я здолею як найлепей патлумачыць нашыя спосабы выканання прысуду, бо я нашу тут,— ён ляпнуў сабе па кішэнях на грудзях,— адпаведныя ўласнаручныя рысункі нашага папярэдняга каменданта».
«Уласнаручныя рысункі самога каменданта? — перапытаў падарожнік.— Ці ён быў усім у адной асобе? Ці ён быў адначасна жаўнерам, суддзёй, канструктарам, хімікам, рысавальнікам?»
«Так ёсць»,— адказаў афіцэр, ківаючы галавою, з нерухомым, задуменным паглядам. Пасля ён крытычна паглядзеў на свае рукі; яны падаліся яму не зусім чыстымі, каб імі можна было дакранацца да рысункаў; таму ён пайшоў да кубла і яшчэ раз іх вымыў, а потым, выцягнуўшы маленькую скураную папку, сказаў: «Наш прысуд гучыць не надта сурова. З дапамогаю бараны належыць выпісаць асуджанаму на целе тое правіла паводзін, якое ён парушыў. Гэтаму асуджанаму, напрыклад,— афіцэр паказаў на таго чалавека,— на целе будзе напісана: Шануй свайго камандзіра!»
Читать дальше