Падарожнік паглядзеў мімалётным позіркам на асуджанага; калі афіцэр на яго паказваў, госць трымаў галаву нахіленаю і, здавалася, напружваў увесь свой слых, каб нечага даведацца. Ды рухі яго набрынялых, сціснутых вуснаў відавочна сведчылі, што ён нічога не мог зразумець. Падарожнік хацеў спытацца пра розныя рэчы, але, гледзячы на асуджанага чалавека, спытаў адно: «Ці ведае ён, на што асуджаны?»
«Не»,— адказаў афіцэр і хацеў адразу ж прадоўжыць свае тлумачэнні, але падарожнік перапыніў яго: «Ён не ведае свайго ўласнага прысуду?» — «Не,— зноў адказаў афіцэр і затрымаўся на хвілю, быццам бы жадаючы пачуць ад падарожніка падрабязнейшае ўдакладненне яго пытання, а потым дадаў: — Паведамляць яму пра гэта не мела б ніякае карысці. Ён жа даведаецца сваім целам, да чаго яго прысудзілі». Падарожнік хацеў ужо замаўчаць, але адчуў, што асуджаны скіраваў на яго свой пагляд; здавалася, ён пытаўся, ці ўхваляецца гэты спосаб выканання прысуду. Таму падарожнік, які быў ужо адкінуўся ў крэсле, зноў нахіліўся наперад і спытаўся яшчэ: «Але ж ён ведае хоць бы, што асуджаны?» — «Таксама не»,— адказаў афіцэр і ўсміхнуўся падарожніку, быццам бы чакаючы ад яго яшчэ нейкіх асаблівых адкрыццяў. «Не,— сказаў падарожнік і правёў сабе рукою па лбе,— дык, значыцца, гэты чалавек нават цяпер не ведае, як была ўспрынятая яго абарона?» — «У яго не было магчымасці абараняць сябе»,— сказаў афіцэр і паглядзеў убок, нібыта гаворачы да самога сябе і не жадаючы прысароміць падарожніка расказам пра тыя самыя зразумелыя яму рэчы. «Усё-такі ў яго павінна быць магчымасць абараняць сябе»,— сказаў падарожнік і падняўся з крэсла.
Афіцэр адчуў небяспеку таго, што яму давядзецца надоўга затрымацца, тлумачачы ўстройства машыны; таму ён падышоў да падарожніка, узяў яго пад руку, паказаў на асуджанага, які цяпер, калі ўвага гэтак відавочна была скіраваная на яго, стаяў выпрастаўшыся — жаўнер таксама падцягнуў ланцуг, і афіцэр сказаў: «Рэч тут у наступным. Я пастаўлены тут, у калоніі, суддзёю. Нягледзячы на мой малады ўзрост. Бо ва ўсіх справах, звязаных з пакараннямі, я дапамагаў ранейшаму каменданту і ведаю гэты апарат найлепей. Падставовы прынцып, паводле якога я суджу, гэта: віна заўсёды несумненная. Іншыя суды могуць гэтага прынцыпу не прытрымлівацца, бо ў іх уваходзіць шмат галоў і яны яшчэ маюць над сабою вышэйстаячыя суды. Тут усё зусім іначай ці, прынамсі, было іначай за часы папярэдняга каменданта. Новы ўжо, зрэшты, выяўляў жаданне ўмешвацца ў мае прысуды, але дагэтуль мне ўдавалася бараніцца, і надалей будзе ўдавацца... Вы хацелі, каб я растлумачыў вам гэты выпадак; ён гэткі самы просты, як і ўсе іншыя. Сёння ўранні адзін капітан зрабіў данясенне, што гэты чалавек, які быў прызначаны яму за ардынарца і спіць у яго пад дзвярамі, тым разам заспаў. Ягоны ж абавязак заключаецца ў тым, каб уставаць і аддаваць чэсць перад капітанавымі дзвярамі, як толькі гадзіннік праб'е чарговую гадзіну. Вядома ж, гэты абавязак зусім не цяжкі і неабходны, бо на ягоным пасту трэба быць заўсёды бадзёрым, каб прыслужваць, і пільным, каб служба ішла як трэба. Учора ноччу капітан захацеў спраўдзіць, ці выконвае ардынарац свой абавязак. Калі прабіла другую гадзіну, капітан адчыніў дзверы і ўбачыў, што жаўнер, скурчыўшыся, спіць. Ён пайшоў па нагайку, а потым выцяў ардынарца ўпоперак твару. Замест таго каб устаць і прасіць у капітана прабачэння, гэты чалавек схапіў свайго камандзіра за ногі, страсянуў і закрычаў: «Выкінь бізун, інакш я цябе зжару!», Вось сутнасць гэтае справы. Гадзіну таму капітан прыйшоў да мяне, я запісаў ягоныя паказанні і неадкладна вынес прысуд. Потым загадаў накласці на гэтага чалавека ланцугі. Усё было тут вельмі проста. Калі б я спачатку гэтага чалавека выклікаў ды ўчыніў яму допыт, у выніку было б толькі замяшанне. Ён бы хлусіў, а калі б мне ўдалося абвергнуць ягоную хлусню, ён бы замяніў яе іншай хлуснёй — і гэтак далей. Цяпер жа я яго трымаю і ўжо не адпушчу... Ці ўсё цяпер зразумела? Але час праходзіць, павінна ўжо пачынацца экзекуцыя, а я ўсё яшчэ не скончыў тлумачыць, з чаго складаецца апарат».
Ён прымусіў падарожніка сесці ў крэсла, потым зноў падышоў да апарата і пачаў: «Як бачыце, канфігурацыя бараны адпавядае канфігурацыі чалавечага цела: вось барана для тулава, а вось бароны для ног. Для галавы прызначаецца толькі гэтае маленькае вастрыё. Ці вам зразумела?» Ён прыязна нахіліўся да падарожніка, гатовы зрабіць самыя падрабязныя тлумачэнні.
Падарожнік, наморшчыўшы лоб, разглядаў барану. Яго не задаволіла інфармацыя пра спосаб ажыццяўлення судовага працэсу. Ён увесь час мусіў сабе паўтараць, што гаворка ідзе пра калонію для асуджаных, што тут патрэбныя спецыяльныя правілы ўнутранага распарадку і што да самага канца тут неабходна дзейнічаць па-вайсковаму. Але, апроч таго, ён меў пэўныя спадзяванні на новага каменданта, які, відавочна, збіраўся, хоць і памалу, уводзіць новыя працэсуальныя нормы, якія толькі што гэты афіцэр не можа ўспрымаць сваім абмежаваным розумам. Гэты ход думак змусіў падарожніка спытацца: «Ці будзе камендант прысутнічаць пры экзекуцыі?» — «Дакладна невядома,— адказаў афіцэр, балесна закрануты гэтым непасрэдным пытаннем, і ягоны прыязны выраз твару сказіўся.— Менавіта таму нам трэба паспяшацца. Я буду змушаны, хоць гэта мне і прыкра, скараціць мае тлумачэнні. Але заўтра, калі апарат будзе ачышчаны — бо ягоная адзіная хіба якраз у тым, што ён моцна пэцкаецца,— я змагу прадоўжыць больш падрабязныя тлумачэнні. А зараз скажу толькі пра самае неабходнае... Калі чалавек ляжыць на ложку, а ложак ужо робіць адпаведныя рухі — торгаецца, барана апускаецца на тулава. Яна сама становіцца такім чынам, што ледзьве дакранаецца да цела вастрыямі штыроў; калі яна зойме гэтае становішча, вось гэтая сталёвая ліна напружваецца і робіцца нібы штанга. І цяпер пачынаецца забава. Недасведчаны чалавек звонку не бачыць ніякае розніцы паміж пакараннямі. Яму здаецца, што барана функцыянуе заўжды аднолькава. Торгаючыся, яна ўцінае свае штыры ў цела, якое, апроч таго, торгаецца разам з ложкам. Каб толькі даць кожнаму магчымасць кантраляваць выкананне прысуду, барана зробленая са шкла. Праз гэта ўзніклі пэўныя тэхнічныя цяжкасці — у сувязі з умацаваннем на ёй штыроў; але пасля шматлікіх спроб гэта ўдалося зрабіць. Мы ж, бачыце, не шкадавалі ніякіх высілкаў. I цяпер кожны можа бачыць скрозь шкло, як на целе ўзнікае надпіс. Ці не жадаеце падысці бліжэй і агледзець штыры?»
Читать дальше