«Зараз жа вызвальце маю кватэру!» — сказаў спадар Замза і, не адпускаючы ад сябе жанчын, паказаў на дзверы. «Як гэта можна разумець?» — спытаўся крыху збянтэжаны сярэдні пан і соладка ўсміхнуўся. Два астатнія кватаранты трымалі рукі за спінаю і безупынна паціралі іх, нібы ў вясёлым чаканні вялікай спрэчкі, якая, аднак, для іх павінна скончыцца памысна. «Я разумею гэта дакладна так, як кажу»,— адказаў спадар Замза, і адным шэрагам ён і абедзве яго спадарожніцы пайшлі проста на кватаранта. Той напачатку стаяў ціха і глядзеў на падлогу, быццам бы думкі ў ягонай галаве цяпер выстройваліся па-новаму. «Тады мы ідзём»,— сказаў ён і паглядзеў на спадара Замзу, быццам бы просячы ў пакорлівасці, якая раптам у ім з'явілася, дазволу нават і на гэтае рашэнне. Спадар Замза адно некалькі разоў прыжмурыў і расплюшчыў свае вялікія вочы, гледзячы ў іх бок. У адказ на гэта кватарант і праўда адразу ж доўгімі крокамі пайшоў у пярэдні пакой; яго абодва сябры ўжо нейкую хвілю прыслухоўваліся, трымаючы рукі спакойна, а цяпер проста кінуліся ўслед за ім, нібыта спалохаўшыся, што спадар Замза сам раней за іх зойдзе ў пакой і разлучыць іх з іхнім правадыром. У пярэднім пакоі ўсе трое паздымалі з вешака капелюшы, павыцягвалі свае кійкі са стаяка, моўчкі зрабілі паклон і пакінулі кватэру. З нейкім зусім, як высветлілася, беспадстаўным недаверам спадар Замза, разам з абедзвюма жанчынамі, выйшаў на лесвічную клетку; усе яны, абапёршыся на парэнчы, глядзелі, як трое паноў, хоць павольна, але няўхільна, сыходзілі долу доўгімі сходамі, на кожным паверсе знікаючы за пэўным паваротам сходаў і праз некалькі імгненняў паяўляючыся зноў; чым ніжэй яны сыходзілі, тым меней цікавасці яны выклікалі ў сям'і Замзаў, і калі ім насустрач выйшаў, а потым ганарліва з'явіўся высока па-над імі памочнік разніка з кашом на галаве, тады спадар Замза разам з жанчынамі адышоў ад парэнчаў, і ўсе, нібы з палёгкаю, вярнуліся ў пакой.
Разам вырашылі выкарыстаць сённяшні дзень на адпачынак і прагулкі; яны не толькі заслужылі гэтага перапынку ў працы — ён быў безумоўна ім патрэбны. Гэтак вось яны селі за стол і напісалі тры лісты з апраўданнямі: спадар Замза — у сваю дырэкцыю, спадарыня Замза — да свайго працадаўцы, а Грэта — да свайго непасрэднага шэфа. Калі яны пісалі свае лісты, увайшла прыслуга і паведаміла, што яна скончыла сваю ранішнюю працу. Трое — тыя, што пісалі,— напачатку проста, не падымаючы галавы, кіўнулі ёй на знак згоды; толькі калі прыслуга ўсё яшчэ чамусьці не хацела адыходзіць, яны раздражнёна паглядзелі на яе. «Ну?» — спытаў спадар Замза. Прыслуга стаяла ў дзвярах з усмешкаю і нібыта збіралася паведаміць сям'і пра вялікае шчасце, але хацела зрабіць гэта толькі тады, калі яе дакладна пра тое распытаюць. Уваткнутае амаль вертыкальна на яе капелюшы маленькае страусавае пяро, якое заўсёды раздражняла спадара Замзу, крыху пагойдвалася ў розныя бакі. «Ну, дык чаго вы, уласна, хацелі?» — спыталася спадарыня Замза, якую прыслуга яшчэ шанавала найболей. «Ну,— адказала тая, і дружалюбны смяшок не дазволіў ёй адразу ж гаварыць далей,— ну, вы не павінны турбавацца, як прыбраць тое з суседняга пакоя. Ужо ўсё ў парадку». Спадарыня Замза і Грэта нахіліліся над сваімі пісьмамі, як быццам бы збіраліся пісаць далей; спадар Замза, заўважыўшы, што прыслуга збіраецца зараз дакладна пра ўсё распавядаць, спыніў яе рашуча выцягнутай далонню. А раз ёй не было дазволена расказваць, яна ўспомніла, што надта спяшаецца, і — відавочна, пакрыўджаная — выгукнула: «Адзьё ўсім»,— і, рэзка павярнуўшыся і раз'юшана ляпнуўшы дзвярыма, пакінула кватэру.
«Увечары я яе звольню»,— сказаў спадар Замза, але не атрымаў ніякага адказу ні ад жонкі, ні ад дачкі, бо прыслуга, здавалася, парушыла іх толькі што здабыты спакой. Яны падняліся з месцаў, падышлі да акна і, спыніўшыся там, абняліся. Спадар Замза павярнуўся ў сваім крэсле да іх і нейкую хвілю моўчкі за імі назіраў, а потым голасна сказаў: «Ну, хадзіце ўжо сюды. Кіньце тыя старыя справы. I будзьце крыху паблажлівыя да мяне». Жанчыны тут жа паспяшаліся да яго, прыласкалі яго і хуценька скончылі пісаць свае лісты.
Потым яны, усе ўтраіх, выйшлі з дому, чаго яны не рабілі ўжо колькі месяцаў, і паехалі электрычкаю за горад. Вагон, у якім яны сядзелі адны, быў увесь асветлены цёплымі сонечнымі промнямі. Зручна адкінуўшыся на сваіх месцах, яны абмяркоўвалі свае планы на будучыню, і высветлілася, што, калі іх добра разгледзець, яны зусім не дрэнныя, бо пасады ўсіх траіх, пра што яны між сабою яшчэ ніколі не размаўлялі, былі добрыя і асабліва перспектыўныя. Найістотнейшага і найхутчэйшага паляпшэння становішча магчыма было лёгка дасягнуць праз замену кватэры; яны хацелі ўзяць цяпер меншую і таннейшую, але ў больш зручным месцы і ўвогуле болей практычную, чым сённяшняя кватэра, якую адшукаў яшчэ Рыгор. Амаль што адначасова, калі яны вялі гэткую размову, спадару і спадарыні Замзам, якім у вочы кідаўся ўсё жвавейшы выгляд дачкі, прыйшла ў галаву думка, што, нягледзячы на ўсе пакуты апошняга часу, якія зрабілі бледнымі яе шчокі, яна расквітнела, вырасла ў прыгожую відную дзяўчыну. Сцішваючыся і амаль падсвядома паразумяваючыся позіркамі, яны думалі, што надыходзіць час пашукаць ёй спраўнага мужа. І, быццам бы пацвярджаючы іх новыя мары і добрыя намеры, перад канцавым пунктам іх паездкі дачка паднялася першая і пацягнулася сваім маладым целам.
Читать дальше