Бацька вобмацкам давалокся да свайго фатэля і зваліўся ў яго; усё гэта выглядала, нібы ён расслабіўся для сваёй звычайнай вячэрняй дрымоты, але моцнае дрыжанне галавы, быццам пазбаўленай апоры, сведчыла, што ён зусім не спаў. Рыгор увесь гэты час ціха ляжаў на тым месцы, дзе яго заспелі кватаранты. Расчараванне з прычыны неажыццяўлення задуманага, але, магчыма, і слабасць, выкліканая доўгім галаданнем, зрабілі так, што ён не мог рухацца. Ён баяўся — прытым з дзіўнай упэўненасцю,— што ў наступнай хвілі над ім выбухне нейкая катастрофа і — чакаў яе. Не адпалохала яго нават скрыпка, якая, выслізнуўшы з-пад дрыготкіх пальцаў маці, упала ў яе з каленяў, выдаўшы з сябе моцны гук.
«Дарагія бацькі,— сказала сястра і для пачатку ляпнула далонню па стале,— гэтак далей быць не можа. Калі вы гэтага не разумееце, дык я разумею добра. Я не хачу перад гэтай пачвараю вымаўляць імя майго брата і таму проста скажу: мы павінны паспрабаваць пазбавіцца ад яе. Мы зрабілі ўсё, што ў чалавечых сілах,— спрабавалі даглядаць і цярпець яго; мяркую, што ніхто не можа нас хоць у чым-небудзь папракнуць».
«Яе праўда, тысячу разоў»,— выказаў сваю думку бацька. Маці, якая ўсё яшчэ ніяк не магла аддыхацца, пачала з вар’яцкім выразам вачэй глуха кашляць у выстаўленую наперад далонь.
Сястра падбегла да маці і падтрымала яе лоб. Дзякуючы сестрыным словам, бацька, здавалася, набраўся больш пэўных думак, выпрастаўся ў крэсле і забаўляўся сваёй форменнай шапкаю сярод талерак, што засталіся на стале пасля кватаранцкай вячэры, прытым ён час ад часу паглядаў на прыціхлага Рыгора.
«Мы павінны прыкласці намаганні, каб пазбыцца яго,— сказала сястра, звяртаючыся цяпер выключна да бацькі, бо маці праз свой кашаль зусім нічога не чула,— ён яшчэ загоніць вас абаіх у магілу; ведаю, што так будзе. Калі ўжо даводзіцца гэтак цяжка працаваць, як мы ўсе, дык немагчыма трываць дома гэтай вечнай пакуты. Я таксама ўжо не магу гэтага вытрымліваць». I яна так моцна выбухнула плачам, што яе слезы пырснулі на матчын твар, адкуль яна іх тут жа машынальна змахнула.
«Дзіця маё,— сказаў бацька са спачуваннем і з нязвыклым, як на яго, разуменнем сітуацыі,— але што ж нам цяпер рабіць?»
Сястра толькі паціснула плячыма ў бездапаможнасці, якая агарнула яе, калі яна плакала, у процілегласць ранейшаму адчуванню ўпэўненасці ў сабе.
«Калі б ён мог нас разумець»,— сказаў бацька напалову запытальна; сястра, плачучы, толькі махнула рукою, на знак таго, што пра гэта няма чаго і думаць.
«Калі б ён мог нас разумець,— паўтарыў бацька і заплюшчыў вочы, успрымаючы перакананасць сястры ў немажлівасці гэтага,— тады, пэўна, было б магчымае нейкае пагадненне з ім. Але так...»
«Ён павінен знікнуць,— ускрыкнула сястра,— гэта адзіны сродак, тата. Ты мусіш толькі пазбыцца ўсялякае думкі пра тое, што гэта — Рыгор. Тое, што мы так доўга ў гэта верылі... гэта ж наша няшчасце. Але як жа ён можа быць Рыгорам? Калі б ён быў Рыгорам, ён бы даўно зразумеў, што сумеснае жыццё людзей з гэткай пачвараю немагчымае, і добраахвотна сышоў бы ад нас. У нас бы тады не было брата, але мы маглі б жыць далей і шанаваць яго памяць. Цяпер, аднак, гэтая жывёліна нас пераследуе, выганяе кватарантаў; відавочна, хоча захапіць сабе ўсю кватэру, а нас — змусіць начаваць на вуліцы. Зірні, зірні, тата,— ускрыкнула яна раптоўна,— ён зноў пачынае!» I ў жаху, зусім не зразумелым Рыгору, сястра пакінула нават маці, проста адштурхнулася ад яе крэслам, як быццам бы яна лепей ахвяравала роднаю маці, чым засталася б побач з Рыгорам; яна паспешліва схавалася за бацькам, які, усхваляваны толькі з прычыны яе паводзін, таксама падняўся з месца і выцягнуў рукі, нібыта баронячы сястру.
Але ж Рыгору не прыйшло нават у галаву, каб жадаць напалохаць каго-небудзь, а асабліва сястру. Ён проста пачаў адварочвацца, каб пасля вярнуцца ў свой пакой; гэта, зрэшты, выглядала дзіўна, бо з прычыны ягонага пакутлівага стану паварочвацца яму было цяжка і ён мусіў дапамагаць сабе галавою, якую ён увесь гэты час шмат разоў падымаў і якою біўся аб падлогу. Ён крыху затрымаўся на месцы і агледзеўся. Здаецца, яны зразумелі ягоныя добрыя намеры; спалох сярод сямейнікаў доўжыўся толькі кароткія хвілі. Цяпер усе паглядалі на яго ў маўчанні і са смуткам. Маці ляжала, выцягнуўшы і сціснуўшы ногі, у сваім крэсле; яе вочы ад стомы амаль запалі; бацька і сястра сядзелі адно каля аднаго; сястра абняла бацькаву шыю адной рукою.
«Зараз ужо, відаць, мне можна адвярнуцца»,— падумаў Рыгор і зноў узяўся за працу. Ён не мог не сапці ад высілкаў, што рабіў, і раз-пораз мусіў адпачываць. Ніхто, зрэшты, яго і не прыспешваў, яму была дадзеная поўная свабода. Скончыўшы свой паварот, ён адразу ж наўпрост пайшоў назад. Яму было дзіўна ад тае адлегласці, што была паміж ім і ягоным пакоем, і ён не мог уцяміць, як гэта ён, пры сваёй слабасці, за кароткі час, амаль не заўважаючы таго, прайшоў такую самую дарогу. Думаючы толькі, каб рухацца як найхутчэй, ён ледзьве зважаў на тое, што з боку сям'і не пачуваўся ніводзін вокліч, ніводнае слова, якія б маглі яму замінаць. Адно калі ён ужо быў у самых дзвярах, ён павярнуў галаву — зрэшты, не да канца, бо чуў, як шыя робіцца ўсё цвярдзейшая; але, ва ўсякім разе, ён убачыў, што за ягонай спінай нічога не памянялася, толькі сястра паднялася са свайго месца. Ягоны апошні позірк слізгануў па маці, якая ўжо заснула.
Читать дальше