Першыя чатырнаццаць дзён бацькі не маглі пераадолець сябе ды зайсці да яго, і Рыгор часцяком чуў, як яны выказвалі найвялікшую павагу да цяперашняй працы сястры, хоць дагэтуль яны нярэдка на яе злаваліся, бо, на іх думку, ад гэтай дзяўчыны раней вялікай карысці не было. Але цяпер абое, бацька і маці, почасту чакалі перад Рыгоравым пакоем, пакуль сястра робіць там прыборку, і як толькі яна адтуль выходзіла, дык павінна была вельмі дакладна расказваць, які выгляд меў пакой, што Рыгор з'еў, як сябе гэтым разам паводзіў і ці можна заўважыць хоць маленькае паляпшэнне. Маці хацела, зрэшты, адносна ў кароткім часе наведаць Рыгора, але бацька з сястрою стрымлівалі яе з дапамогай аргументаў, што апелявалі да розуму і да якіх Рыгор вельмі ўважліва прыслухоўваўся; і тыя аргументы ён цалкам прызнаваў за слушныя. Пазней, аднак, яны мусілі ўтрымліваць яе сілай, а калі яна пачынала крычаць: «Пусціце мяне да Рыгора, гэта ж мой няшчасны сынок! Хіба вы не разумееце, што я павінна пайсці да яго?!» — Рыгору думалася, што, можа, усё-такі было б добра, каб маці прыходзіла да яго; вядома ж, не кожны дзень, але, мажліва, хоць раз на тыдзень; яна ж усё разумела нашмат лепей за сястру, якая, нягледзячы на сваю смеласць, усё ж была толькі дзіцём і, цалкам магчыма, адно што праз сваю дзіцячую легкадумнасць узяла на сябе такі цяжар.
Рыгорава жаданне ўбачыць маці неўзабаве здзейснілася. Удзень Рыгор, зважаючы на бацькоў, ужо не хацеў паказвацца каля акна, але па тых некалькіх квадратных метрах падлогі шмат поўзаць таксама не мог; спакойнае ляжанне моцна даймала яго і ўначы; ад ежы хутка ён перастаў атрымліваць нават найменшае задавальненне, і дзеля разнастайнасці ён прызвычаіўся поўзаць у розныя бакі па сценах ды столі. З асаблівай ахвотаю ён вісеў на столі; гэта было нешта зусім інакшае, як ляжанне на падлозе; лягчэй дыхалася; яго тулава крыху гайдалася; і ад тае лёгкай рассеянасці, якая апаноўвала яго там, уверсе, Рыгор, здаралася, нечакана для сябе адрываўся і пляскаўся на падлогу. Але цяпер ён, натуральна, валодаў сваім целам зусім іначай, чым тое было раней, і нават пры такіх сур'ёзных падзеннях не прычыняў сабе шкоды. Сястра адразу ж заўважыла, якую новую забаву знайшоў сабе Рыгор: поўзаючы, ён там і сям пакідаў сляды сваіх клейкіх ножак,— і тут яна ўзяла сабе ў галаву зрабіць так, каб ён меў як мага болей прасторы для поўзання, і прыбраць мэблю, якая гэтаму перашкаджала,— гэта найперш куфэрак ды пісьмовы стол. Самой ёй, аднак, на гэта не ставала сілы; папрасіць на дапамогу бацьку яна не наважылася; пакаёўка, вядома, ёй бы не дапамагла, бо гэтая, прыкладна шаснаццацігадовая, дзяўчына хоць і смела трывала на сваёй працы пасля звальнення былой кухаркі, але ўсё ж выпрасіла сабе дазвол трымаць кухню пастаянна зачыненаю на замок і адчыняць толькі на адмысловы зварот; гэтак сястры не заставалася нічога іншага, як аднаго разу, калі бацькі не было дома, паклікаць маці. Маці прыйшла з радасна-ўсхваляванымі воклічамі, але перад дзвярыма Рыгоравага пакоя прыціхла. Спачатку сястра, натуральна, разгледзелася, ці ў пакоі ўсё ў парадку, і толькі потым дазволіла маці ўвайсці. Рыгор надзвычай паспешліва ссунуў прасцірадла яшчэ ніжэй і зрабіў на ім яшчэ болей складак; гэта выглядала, нібыта прасцірадла накінутае на канапу і сапраўды выпадкова. Рыгор і гэтым разам не стаў віжаваць з-пад свайго прасцірадла; ён адмовіўся пры гэтым ад магчымасці ўбачыць маці і быў толькі рады, што яна ўсё ж такі прыйшла. «Заходзь, яго не відаць»,— сказала сястра і, відавочна, павяла маці за руку. Цяпер Рыгор чуў, як дзве слабыя жанчыны імкнуліся зрушыць з месца досыць цяжкі стары куфэрак і як сястра брала ўвесь час на сябе большую частку працы, не слухаючы папярэджанняў маці, якая непакоілася, што дачка можа падарвацца. Гэта працягвалася вельмі доўга. Недзе ўжо пасля чвэрці гадзіны спроб маці сказала, што лепей было б пакінуць куфэрак на месцы, бо, па-першае, ён цяжкі, і яны да бацькавага прыходу не здолеюць усяго зрабіць і куфэркам, пакінутым пасярод пакоя, заваляць Рыгору ўсю дарогу; па-другое, яшчэ невядома, ці Рыгору спадабаецца, калі будзе выносіцца мэбля. Ёй здаецца, што, наадварот, выгляд пустой сцяны яе толькі засмучае — а чаму ў Рыгора не можа быць гэткага самага адчування, бо ён даўно прывык да гэтай мэблі ў сябе і будзе адчуваць сябе ў пустым пакоі самотным. «I хіба гэта не так? — скончыла маці зусім прыцішана, хоць яна і так прамаўляла амаль шэптам, быццам бы не хочучы, каб Рыгор — пра якога яна не ведала, дзе ён дакладна можа знаходзіцца — пачуў хоць бы гучанне яе голасу; бо ў тым, што ён не разумее слоў, яна была перакананая,— хіба гэта не так, што, прымаючы мэблю з пакоя, мы тым самым паказваем, што ўжо страцілі ўсякую надзею на паляпшэнне і пакідаем яго выключна самому сабе? Думаю, што будзе сама лепей, калі мы паспрабуем утрымаць пакой дакладна ў тым стане, у якім ён быў раней, каб Рыгор, калі ён зноў вернецца да нас, знайшоў усё нязменным і лягчэй забыўся пра ўсё, што тады адбывалася».
Читать дальше