Але, як быццам раскайваючыся за свой учынак, яна тут жа зноў адчыніла дзверы і на дыбачках, нібыта ў пакоі быў цяжкахворы або нават пабочны чалавек, зайшла да яго. Рыгор высунуў галаву амаль да самага краю канапы і назіраў за сястрою. Ці заўважыць яна, што ён пакінуў некранутым малако — і не таму, што не галодны,— і ці прынясе яму якую-небудзь іншую страву, якая яму болей падыдзе? Калі б яна не зрабіла гэтага сама, ён лепей памёр бы ад голаду, чым наўмысна звярнуў бы на гэта яе ўвагу; хоць яму і надта моцна карцела выбегчы з-пад канапы, кінуцца да сястры ў ногі і папрасіць у яе якой-небудзь добрай ежы. Але сястра адразу ж са здзіўленнем заўважыла, што міска яшчэ поўная і толькі зусім крыху малака разліта вакол яе на падлозе; яна адразу ж узяла пасудзіну — праўда, не голымі рукамі, а з дапамогаю анучы — і вынесла прэч. Рыгору зрабілася надзвычай цікава, што яна прынясе ўзамен; ён рабіў самыя разнастайныя здагадкі. Але ён ніколі б не дадумаўся, што сястра, дзякуючы сваёй дабрыні, можа зрабіць у сапраўднасці. Каб даведацца пра яго смак, яна прынесла яму цэлы выбар страваў, расклаўшы іх на старой газеціне. Тут была старая, крыху з гніллю гародніна; косткі з застылай белай падлівай, што заставаліся пасля вячэры; трохі разынак і міндалю; сыр, які Рыгор два дні таму абвясціў неядомым; луста сухога хлеба; хлеб з маслам і пасыпаны соллю кавалак хлеба з маслам. Апроч таго, яна побач з усім астатнім паставіла яму тую самую міску — відаць, вызначаную для яго раз і назаўсёды,— наліўшы ў яе вады. I, з далікатнасці, бо ведала, што Рыгор пры ёй есці не будзе, спешна выйшла з пакоя і нават павярнула ключ у дзвярах, каб Рыгор адчуў, што ён можа ўладкавацца так, як сам захоча. Рыгоравы ножкі цяпер, калі ён накіраваўся да ежы, з шумам замітусіліся. Зрэшты, ягоныя раны павінны былі ўжо зусім загаіцца; нішто яму не замінала, і ён дзівіўся з гэтага, узгадаўшы, як месяц таму ён зусім крыху парэзаў сабе палец нажом і як гэтая ранка яшчэ пазаўчора яму досыць моцна смылела. «Няўжо гэта мае адчуванні прытупіліся?» — падумаў ён і ўжо прагна смактаў сыр, да якога яго пацягнула адразу і куды мацней, чым да іншых страваў. Хутка і з вачыма, што слязіліся ад задавальнення, ён паглынаў адно за адным сыр, гародніну і падліву; затое свежыя стравы былі яму нясмачныя, ён не мог нават трываць іхняга паху і тое, што хацеў з'есці, адцягнуў нават крыху ўбок. Рыгор ужо даўно скончыў есці і толькі лена ляжаў на тым самым месцы, калі сястра павольна павярнула ключ у дзвярах — на знак таго, што яму пара схавацца. Гэта адразу спалохала яго, хоць ён амаль што драмаў, і Рыгор паспяшаўся адпаўзці пад сваю канапу. Але яму каштавала вялікіх намаганняў перасіліць сябе і заставацца пад канапаю нават тыя кароткія хвілі, пакуль сястра была ў пакоі, бо ад добрай ежы ягонае тулава крыху акруглілася і ён ледзьве мог дыхаць у цясноцці. Пераадольваючы слабыя прыступы ўдушша, ён крыху выпукленымі вачыма глядзеў, як сястра, нічога не падазраючы, змяла венікам не толькі рэшткі з’едзеных страў, але і тую ежу, да якой Рыгор і не дакрануўся — быццам яе ўжо таксама нельга спажываць,— потым хуценька ссыпала ўсё ў кубел, накрыла яго драўлянай накрыўкай і пасля гэтага вынесла. Толькі яна адвярнулася, як Рыгор вылез з-пад канапы, выцягнуўся і раздзьмуўся.
Гэткім спосабам Рыгор цяпер атрымліваў ежу штодня: адзін раз з раніцы, калі бацькі і пакаёўка яшчэ спалі, другі раз пасля агульнага абеду, бо тады бацькі яшчэ на хвілінку засыналі, а прыслугу сястра адсылала з якім-небудзь даручэннем. Вядома, яны таксама не хацелі, каб Рыгор памёр ад голаду, але, мажліва, даведвацца пра ягонае сілкаванне іначай як з расповядаў сястры,— гэтага яны проста не маглі трываць, а мажліва, сястра проста хацела аберагчы іх ад найменшых засмучэнняў, бо яны і праўда досыць шмат мусілі цярпець.
Якая была знойдзена нагода, каб у тую першую раніцу выправадзіць з кватэры доктара і слесара — пра тое Рыгор так і не даведаўся, бо паколькі яго не разумелі, дык нікому, у тым ліку і сястры, не прыходзіла ў галаву, што ён можа разумець іншых; і таму, калі сястра бывала ў ягоным пакоі, ён мусіў задавольвацца тым, што час ад часу чуў, як яна ўздыхала і скіроўвала свае модлы да святых. Толькі пазней, калі яны трохі да ўсяго прывыклі — пра тое, каб прывыкнуць зусім, натуральна, не магло быць і гаворкі,— Рыгор часам лавіў якую-небудзь заўвагу, што рабілася добразычліва або яе так магчыма было зразумець. «Але ж сёння яму было смачна»,— гаварыла яна, калі Рыгор старанна з’ядаў стравы; у адваротным жа выпадку (а яны паўтараліся ўсё часцей і часцей) яна звычайна амаль што са смуткам у голасе казала: «Зноў усё засталося».
Читать дальше