Дзверы былі, уласна, расчыненыя досыць шырока, бо ён мусіў адчыняць іх гэткім чынам, але яго ўсё яшчэ не было відаць. Рыгор мусіў толькі павольна павярнуцца вакол аднае палавінкі дзвярэй, прытым вельмі асцярожна, каб не пляснуцца на спіну каля ўвахода ў пакой. Ён яшчэ быў заняты гэтым складаным рухам і не меў часу зважаць на штосьці іншае, але тут пачуў гучнае «ой!», што вырвалася з грудзей выканаўчага дырэктара: яно гучала нібы пошум ветру; і цяпер Рыгор таксама яго ўбачыў — як дырэктар, стоячы побач каля дзвярэй і прыціскаючы далонь да растуленага рота, павольна адступаў назад, як быццам яго гнала нейкая нябачная і раўнамерна разлічаная сіла. Маці — яна стаяла тут, нягледзячы на прысутнасць дырэктара, усё яшчэ з распушчанымі, высока ўскудлачанымі пасля начы, валасамі,— раскінуўшы рукі, напачатку паглядзела на бацьку, пасля зрабіла два крокі насустрач Рыгору і звалілася на падлогу сярод сваіх шырока раскінутых спадніц, са зняможана апушчанай на грудзі галавою. Бацька пагрозліва сціснуў кулакі, як быццам бы хочучы загнаць Рыгора назад у пакой; потым ён разгублена азірнуўся, затуліў вочы рукамі і заплакаў так, што ягоныя моцныя грудзі пачалі скаланацца.
Рыгор зусім і не зайшоў у гасцёўню, а толькі прытуліўся знутры да нерухомай палавінкі дзвярэй — так што толькі часткова былі відны ягонае тулава і нахіленая ўбок галава, якая пазірала на астатніх. Тым часам у пакоі значна пасвятлела; на другім баку вуліцы быў выразна відзён кавалак супрацьлеглага, бясконцага, чорна-шэрага будынка — гэта была лякарня — з ягонымі правільнымі вокнамі, што рэзка вылучаліся на фоне фасада; дождж не перапыняўся, але цяпер падалі толькі вялікія, паасобку відочныя кроплі: яны падалі на зямлю таксама паасобку. Стол быў увесь, аж занадта, застаўлены посудам ад снедання, бо для бацькі менавіта снеданне было найважнейшай штодзённай ядою, і бацька расцягваў яго на гадзіны, чытаючы разнастайныя газеты. На процілеглай сцяне, якраз насупраць, вісела Рыгорава фота з часоў яго службы ў войску: малодшы лейтэнант, рука на шпазе, з бесклапотнай усмешкай, ён выклікаў павагу сваёй вопраткай і вайсковай формай. Дзверы ў пярэдні пакой былі адчыненыя; адчыненыя былі і дзверы ў кватэру; відны былі нават лесвічная клетка і пачатак сходаў, якія вялі ўніз.
«Ну вось,— сказаў Рыгор, усведамляючы сабе, што толькі ён адзін застаўся па-ранейшаму спакойны,— зараз апрануся, упакую калекцыю і паеду. Ці вы дазволіце, ці дазволіце мне ехаць? Як бачыце, спадар дырэктар, я не ўпарты і працую з ахвотаю; паездкі стамляюць, але ж без іх я не мог бы жыць. Але куды ж вы пайшлі, спадар выканаўчы дырэктар? У фірму? Праўда? I вы раскажаце ўсё, як яно ёсць? Вядома ж, можна быць часова непрацаздольным, але гэта якраз той момант, каб прыгадаць сабе пра тое, чаго хтосьці дасягнуў раней; ён будзе працаваць тым старанней, з тым большай пільнасцю. Я ж гэтак абавязаны спадару шэфу, вы цудоўна ведаеце. А па-за тым я апякуюся бацькамі і сястрою. У мяне ёсць праблемы, але я выберуся з іх. Толькі не рабіце іх цяжэйшымі, чым яны напраўду ёсць. Займіце ў фірме мой бок! Ведаю, коміваяжораў не любяць. Думаюць, што яны зарабляюць шалёныя грошы і прытым цудоўна сабе жывуць. Папросту ў людзей няма адмысловай нагоды лепей падумаць пра гэтыя аблудныя ілюзіі. Але ж вы, спадар дырэктар, лепей валодаеце гэтай сітуацыяй, чым іншыя супрацоўнікі,— нават, калі гаварыць шчыра, лепш, чым сам спадар шэф, які, будучы прадпрымальнікам, лёгка можа памыляцца не на карысць працаўніка. Вы вельмі добра ведаеце таксама, што коміваяжор, які амаль цэлы год праводзіць па-за офісам фірмы, надта лёгка можа зрабіцца ахвяраю плётак, выпадковых і беспадстаўных абвінавачванняў, перад якімі ён зусім не можа сябе абараніць, бо часцей за ўсё проста нават не ведае пра іх; і толькі, калі, змораны, вяртаецца з камандзіроўкі, ён на сваёй скуры дома адчувае вынікі таго ліха, прычыну якога ён не можа распазнаць. Спадар дырэктар, не сыходзьце, не сказаўшы мне ніводнага слова, якое б сведчыла, што вы згодныя хоць бы з маленькай часткай таго, што я кажу!»
Але яшчэ калі толькі Рыгор пачынаў гаварыць, выканаўчы дырэктар адвярнуўся цераз плечы, якія раз-пораз варушыліся, азіраўся на Рыгора, надзьмуўшы пры гэтым губы. А пад час Рыгоравага маналога ён ні хвілі не быў спакойны, а паціху, не спускаючы з Рыгора вачэй, адступаўся да дзвярэй — надзвычай павольна, быццам бы існавала таемная забарона пакідаць пакой. Выканаўчы дырэктар быў ужо ў пярэднім пакоі, а раптоўны рух, з якім ён нарэшце адарваў нагу ад парога гасцёўні, наводзіў на думку, што ён спаліў сабе падэшвы. У пярэднім пакоі, аднак, ён выцягнуў правую руку далёка ў бок лесвіцы, нібыта там яго чакала незямное збавенне.
Читать дальше