«Штосьці там упала»,— сказаў выканаўчы дырэктар у пакоі з левага боку. Рыгор спрабаваў уявіць сабе, ці не магло б нешта падобнае, як сёння з ім, здарыцца з шэфам; такую магчымасць, уласна, трэба было браць пад увагу. Але як быццам бы груба адказваючы на гэтае пытанне, выканаўчы дырэктар у суседнім пакоі цяпер зрабіў некалькі рашучых крокаў; пры гэтым зарыпелі ягоныя лакіраваныя боты. З пакоя, што справа, зашаптала сястра, хочучы паведаміць Рыгору: «Рыгор, прыйшоў выканаўчы дырэктар».— «Ведаю»,— адказаў Рыгор, але так ціха, каб сястра не магла пачуць.
«Рыгор,— сказаў цяпер бацька з правага боку,— прыйшоў спадар выканаўчы дырэктар і пытаецца, чаму ты не паехаў ранішнім цягніком. Мы не ведаем, што яму адказаць. Зрэшты, ён хоча таксама асабіста пагаварыць з табою. Таму прашу цябе: адчыні дзверы. Спадар выканаўчы дырэктар будзе такі ласкавы і прабачыць табе за непарадак у пакоі...»
«Добры дзень, спадар Замза»,— голасна перапыніў яго выканаўчы дырэктар. «Ён нядобра сябе адчувае,— звярнулася да яго маці, у той час як бацька яшчэ гаварыў каля дзвярэй,— яму кепска, паверце мне, спадар выканаўчы дырэктар. Як жа іначай Рыгор мог не прыйсці на цягнік! У хлопца, акрамя фірмы, і ў галаве нічога няма. Я заўсёды амаль што злуюся, калі ён ніколі і нікуды ўвечары не выходзіць; цяпер жа ён быў восем дзен у горадзе, але кожны вечар сядзеў дома. Ён застаецца з намі за сталом і спакойна чытае газету або вывучае расклады руху. Для яго, калі ён працуе лобзікам, і тое ўжо забава. Вось, напрыклад, ён за два ці тры вечары выразаў маленькую рамку; вы здзівіліся б, каб убачылі, якая яна прыгожая; вунь яна вісіць у пакоі. Зараз... убачыце, як толькі Рыгор адчыніць. Зрэшты, я шчаслівая, што вы да нас прыйшлі, спадар выканаўчы дырэктар; мы б адны ніколі не ўгаварылі Рыгора адчыніць дзверы; ён такі ўпарты і, напэўна, кепска сябе адчувае, хоць з раніцы ў тым не прызнаваўся».
«Зараз прыйду»,— сказаў павольна і задумліва Рыгор і не рухаўся, каб не прапусціць ніводнага слова з размовы.
«Я таксама, шаноўная спадарыня, не магу іначай сабе гэта растлумачыць,— сказаў выканаўчы дырэктар,— спадзяюся, што нічога сур'ёзнага не здарылася, хоць, з іншага боку, мушу сказаць, што мы, дзелавыя людзі — на жаль ці на шчасце, як хто хоча,— вельмі часта ў інтарэсах справы павінны не зважаць, калі нам крыху нездаровіцца».— «Ну, дык ці можа ўжо спадар выканаўчы дырэктар зайсці да цябе?» — спытаў нецярпліва бацька і зноўку пастукаўся ў дзверы. «Не»,— адказаў Рыгор. У пакоі злева запанавала непрыемная цішыня, у пакоі справа пачала ўсхліпваць сястра.
Але ж чаму сястра не пайшла да астатніх? Напэўна, яна толькі што ўстала і нават не пачала апранацца. I чаму яна плакала? З тае прычыны, што ён не ўстаў і не пусціў да сябе выканаўчага дырэктара, ці таму, што яму пагражала страта месца ў фірме і таму, што шэф пазней зноў стане палохаць бацькоў даўнімі прэтэнзіямі? Але гэта былі пакуль што хутчэй непатрэбныя турботы. Рыгор жа быў яшчэ тут, і ў яго не было ў галаве таго, каб пакінуць сваю сям'ю. У гэтай хвілі Рыгор ляжаў сабе на дыване, і ніхто з тых, хто ведаў бы пра яго цяперашні стан, сур'ёзна не мог бы патрабаваць, каб ён пусціў у пакой выканаўчага дырэктара. Але ў сувязі з гэтай маленькай няветлівасцю, на якую пазней можна ж будзе знайсці адпаведную адгаворку, Рыгора ніхто адразу з працы не звольніць. I яму здавалася, што было б куды разумней цяпер пакінуць яго ў спакоі, а не перашкаджаць плачам ды настойлівымі зваротамі да яго. Але менавіта гэтая няпэўнасць цвяліла іншых і апраўдвала іх дзеянні.
«Спадар Замза,— узвысіў голас выканаўчы дырэктар,— што здарылася? Вы ж забарыкадаваліся там у сваім пакоі, адказваеце «так» або «не», робіце сваім бацькам цяжкі і непатрэбны клопат і нечуваным спосабам ігнаруеце — пра гэта я ўзгадваю толькі да слова — свае службовыя абавязкі. Я гавару тут ад імя вашых бацькоў і вашага шэфа і самым сур'ёзным чынам прашу адразу ўсё дакладна растлумачыць. Дзіўна, дзіўна. Я меркаваў, што ведаю вас як спакойнага ды разважлівага чалавека, а цяпер, здаецца, вам раптам захацелася ўштукаваць тут нешта арыгінальнае. Шэф спрабаваў з раніцы растлумачыць ваша спазненне — гаварыў пра нядаўна даверанае вам інкаса, але я амаль што даў слова гонару, што гэтае тлумачэнне не можа адпавядаць сапраўднасці. Цяпер, аднак, бачу тут вашу незразумелую ўпартасць, і ў мяне зусім знікае ахвота хоць бы ў нечым за вас заступацца. А становішча ваша далёка не самае трывалае. Я напачатку хацеў вам сказаць пра гэта сам-насам, але раз вы ўжо прымушаеце мяне тут без усялякае карысці марнаваць час, не разумею, чаму вашыя шаноўныя бацькі не павінны пра гэта ведаць. Вынікі вашай працы былі апошнім часам таксама вельмі нездавальняючыя; пара года, праўда, цяпер не тая, калі робяцца асабліва добрыя гешэфты; але гэткай пары года, калі не робіцца ніякіх гешэфтаў, увогуле няма, спадар Замза, дый быць не можа».
Читать дальше