Рыгор уцяміў, што ні ў якім разе нельга дазволіць, каб выканаўчы дырэктар сышоў у гэткім настроі, калі не намервацца загадзя пагадзіцца з найвялікшай рызыкай для сваёй пасады ў фірме. Бацькі гэтага так добра не разумелі: за доўгія гады яны пераканалі сябе, што месца Рыгору там гарантаванае на ўсё жыццё; а, апроч таго, у іх было цяпер столькі бягучых праблем, што яны страцілі адчуванне асцярожнай прадбачлівасці. Рыгор жа меў гэтую прадбачлівасць. Дырэктара трэба было абавязкова затрымаць, супакоіць, пераканаць і, урэшце, схіліць на свой бок, бо ад гэтага ж залежала будучыня Рыгора і ўсёй яго сям'і! Ах, каб хоць тут была сястра! Яна была разумная; яна заплакала ўжо тады, калі Рыгор яшчэ спакойна ляжаў на спіне. I, напэўна ж, выканаўчы дырэктар, гэты аматар жаночага полу, паддаўся б на яе намовы; яна б зачыніла дзверы ў кватэру і ў пярэднім пакоі супакоіла б яго, разагнала спалох. Але сястры якраз не было, і Рыгор павінен быў дзейнічаць сам. I не падумаўшы пра тое, што цяперашніх сваіх здольнасцей рухацца ён яшчэ зусім не ведаў, не падумаўшы таксама, што ягоная мова, магчыма — а нават хутчэй за ўсё,— зноў не была зразуметая, ён пакінуў палавінку дзвярэй, прасунуўся цераз проймішча і хацеў быў падысці да выканаўчага дырэктара, які ўжо стаяў на лесвічнай пляцоўцы, смешна ўшчаперыўшыся абедзвюма рукамі ў парэнчы сходаў; але тут жа, шукаючы апірышча, Рыгор са слабым ускрыкам упаў на свае шматлікія ножкі. Як толькі гэта здарылася, ён першы раз у тую раніцу меў фізічнае задавальненне; ножкі адчулі пад сабой цвёрдую глебу і былі зусім яму паслухмяныя, як ён засведчыў з вялікай радасцю; гэтыя ножкі чакалі толькі таго, каб панесці яго туды, куды ён захоча; і ён паверыў ужо, што набліжаецца канец усім яго пакутам.
Але ў тую самую хвілю, калі ён, хістаючыся і стрымліваючы свае рухі ад штуршка, ляжаў на падлозе якраз насупраць маці, тая падскочыла — хоць, здавалася, толькі што была зусім здранцвелая,— шырока выпрастала рукі, расставіла пальцы і залямантавала: «Ратуйце, ах Божачкі, ратуйце!» — трымаючы галаву нахіленаю, нібыта яна хацела лепей разгледзець Рыгора, але, насуперак гэтаму, кінулася, нібы ашалелая, назад; зусім забыўшыся, што ззаду за ёй стаяў накрыты стол, і апынуўшыся каля гэтага стала, хутка, нібы ў рассеянасці, села на яго і, здавалася, зусім не заўважала, што побач з ёю з перакуленага вялікага кафейніка кава тоўстым струменем льецца на дыван.
«Мама! Мама!» — ціха сказаў Рыгор і скіраваў свой позірк угару, на яе. На нейкую хвілю ён зусім забыў пра выканаўчага дырэктара; затое, убачыўшы, як льецца кава, ён не здолеў стрымаць сябе і некалькі разоў сутаргава хапянуў паветра. На гэта маці зноў залямантавала, уцякла ад стала і кінулася на грудзі бацьку, які паспяшаўся да яе насустрач. Але цяпер у Рыгора не было часу на бацькоў; выканаўчы дырэктар стаяў ужо на сходах; абапёршыся падбароддзем аб парэнчы, ён апошні раз паглядзеў назад. Рыгор узяў разгон, каб абавязкова яго дагнаць, але дырэктар, напэўна, штосьці прадчуваючы, скокнуў праз некалькі прыступак уніз і тут жа знік. «Ух!» — крыкнуў ён напрыканцы — так, што гэты гук разнёсся па ўсёй лесвічнай клетцы. На жаль, гэтыя дырэктаравы ўцёкі, відаць, зусім збілі з тропу бацьку, які дагэтуль больш-менш трымаў сябе ў руках; бо замест таго, каб самому кінуцца ўслед за выканаўчым дырэктарам або хоць бы не перашкаджаць Рыгоравай пагоні, ён правай рукою схапіў кіёк, які дырэктар забыў разам з капелюшом і плашчом, левай узяў са стала тоўстую газету, а потым, тупаючы нагамі і махаючы кійком ды газетаю, пачаў заганяць Рыгора назад у ягоны пакой. Ніякія Рыгоравы просьбы не дапамагалі, ніякія просьбы, зрэшты, не былі зразуметыя; ён мог яшчэ больш пакорліва круціць галавою, а бацька толькі мацней тупаў нагамі. Маці, нягледзячы на халаднаватае надвор’е, расчыніла акно насупраць і, далёка высунуўшыся з яго на вуліцу, моцна прыціскала далоні да твару. Паміж вуліцай і лесвічнай клеткай утварыўся моцны скразняк, фіранкі ўзляцелі дагары, газеты на стале зашамацелі, асобныя лісты былі здзьмутыя на падлогу. Бацька няўмольна напіраў і шыпеў, нібы дзікун. Рыгор яшчэ зусім не быў спрактыкаваны хадзіць задам, таму ён сапраўды рухаўся надта павольна. Калі б Рыгор мог павярнуцца назад, ён бы адразу апынуўся ў сваім пакоі, але яго палохала тое, што бацька можа за гэты працяглы час яго паварочвання страціць цярпенне; а бацькаў кіёк кожную хвілю пагражаў нанесці смяртэльны ўдар яму па спіне або па галаве. Нарэшце Рыгору не заставалася нічога іншага, апроч як заўважыць з жахам, што, рухаючыся задам, ён не здолее трымацца патрэбнага накірунку; гэтак ён пачаў, увесь час кідаючы спалоханыя позіркі на бацьку, як мага хутчэй, а ў сапраўднасці вельмі павольна, паварочвацца назад. Магчыма, бацька зразумеў ягоную добрую волю, бо не перашкаджаў яму ў гэтым, а нават раз-пораз канцом кійка дапамагаў яму рабіць паварот. Каб жа толькі ён так агідна не шыпеў! Рыгор праз гэта зусім губляў галаву. Ён ужо амаль быў павярнуўся, калі, прыслухоўваючыся па-ранейшаму да таго шыпення, трохі памыліўся і нават зрабіў рух у адваротны бок. Пасля ж таго, як ён, нарэшце, удала прымерыўся галавою да проймішча дзвярэй, выявілася, што ягонае тулава было занадта шырокае, каб свабодна прайсці ў іх. Бацьку, з яго цяперашнім настроем, натуральна, і ў галаву не прыходзіла, каб крыху прыадчыніць другую палавінку дзвярэй і стварыць Рыгору магчымасць нармальна прайсці ў свой пакой. У бацькавай галаве была толькі адна ідэя-фікс: Рыгор як мага хутчэй павінен вярнуцца да сябе. Ён таксама ні за што не хацеў даць Рыгору спакойна падрыхтавацца, выпрастацца і, мажліва, гэткім спосабам прайсці цераз дзверы. Наадварот, ён — як быццам ніякіх перашкод наперадзе не было — падштурхоўваў Рыгора наперад, суправаджаючы гэта гучным лямантам; гэты лямант ужо не раздаваўся за Рыгорам як лямант аднаго толькі бацькі; тут было напраўду не да жартаў, і Рыгор уціснуўся — будзь што будзе! — паміж палавінкамі дзвярэй. Адзін бок ягонага тулава прыпадняўся: ён застыў у проймішчы нахілены; адзін ягоны бок быў абадраны да крыві, на белых дзвярах засталіся агідныя плямы; неўзабаве ён канчаткова засеў і самастойна ўжо не мог нават паварушыцца; ножкі з аднаго боку, дрыжачы, павіслі ў паветры; з другога боку яны былі моцна, да болю, прыціснутыя да падлогі — і тут бацька моцным штуршком ззаду, цяпер сапраўды выратавальным, пхнуў яго, і ён паляцеў, абліваючыся крывёю, далёка ў глыб свайго пакоя. Дзверы яшчэ гучна, ад удару кійка, зачыніліся, і тады нарэшце зрабілася ціха.
Читать дальше