АЎТАНДЗІЛ ПРЫЕХАЎ ДА НУРАДЗІН-ПРЫДОНА
Ехаў віцязь каля мора, тыдняў з дзесяць можа будзе;
Раптам судна ён убачыў, што да берагу плыве.
Пачакаўшы, запытаўся ў мараплаўцаў: «Скуль вы, людзі?
Як завецца ваша царства? Хто ваш цар і дзе жыве?»
Адказалі: «Слаўны віцязь! Ты прыгож і станам стройны!
Пакарыў ты нас адразу, рады мы табе служыць.
Там — мяжуюць з намі туркі, тут — зямля цара Прыдона.
Расказаць пра ўсё гатовы — ўсіх ты нас заваражыў.
Нурадзін-Прыдон мудрэйшы там сядзіць на пышным троне.
Віцязь шчодры і бясстрашны, дзе знайсці такіх яшчэ?
Параўнацца з ім не можа нават самы лепшы коннік.
Сыпле ён праменне сонца з агнявых сваіх вачэй».
«О браты! — сказаў ім віцязь.— Вельмі рад сустрэчы гэтай.
Да цара Прыдона еду я з далёкай стараны.
Колькі дзён, якой дарогай дабірацца мне да мэты?»
Паказаць кірунак шляху разам з ім пайшлі яны.
«Так ісці — ў Мульгазанзары трапіш ты,— яму сказалі.—
Там жыве наш цар адважны — уладар мяча і стрэл.
Дзесяць дзён туды дарогі, о падобны бляску лала!
Кожны з нас шчаслівы будзе, што ясноту сонца стрэў».
«Ах, браты,— сказаў ім віцязь,— што з мяне цяпер дзівіцца?
Там цвісці не можа ружа, дзе зіма цярусіць снег.
Паглядзелі б на яе вы, калі сонцам заіскрыцца,
Калі ўсё сваёй красою ўсміхаецца вясне».
Развітаўшыся, павольна віцязь рушыў зноў у далеч,
Сам падобны да чынары, а душой цвярдзей, чым сталь.
А з нарцысаў-воч сцякалі слёз дзівосныя крышталі:
Пра былое ўспамінаў ён, нахіліўшы ў смутку стан.
Ён здзіўляў усіх сустрэчных, захапляў усю акругу,
Кожны рад быў любавацца ім і зблізку і здаля.
Не хацелі расставацца, шчасця зычылі, як другу,
Часта йшлі павадырамі паказаць далёкі шлях.
Вось нарэшце паказаўся перад ім Мульгазанзары.
Бачыць ён: імчацца коні, паляўнічы трубіць рог,
Гулкім тупатам і крыкам скрозь напоўнены абшары,
І звяры ляцяць дадолу, як падкошаны мурог.
Аўтандзіл спытаў кагосьці: «Што такое, ў чым тут справа?
Што за гоман тут вясёлы, для чаго сабраўся люд?»
Той сказаў: «Наладзіў сёння паляванне і забавы
Уладар Мульгазанзары — цар Прыдон са світай тут».
Смела ён да войска рушыў, што відаць было з узгорка.
Каб героя добра ўславіць, слоў не хопіць у мяне.
З ім сустрэча — ўсмешка сонца, з ім разлука — смутак горкі,
Хто красу яго пабачыў — ад здзіўлення той нямеў.
Раптам над зямлёй высока залунаў арол драпежны.
Віцязь лук схапіў — і ў момант, як падкошаны стралой,
Птах упаў і дол зялёны арасіў крывёю свежай;
Аўтандзіл падрэзаў крылы, зноў ускочыў у сядло.
І, пабачыўшы ўсё гэта, людзі гоман свой спынілі
І на віцязя глядзелі, ўбок не зводзячы вачэй;
То ішлі ў здзіўленні следам, то здалёк за ім сачылі,
Не даводзілася бачыць ім красы такой яшчэ.
Цар Прыдон стаяў на ўзгорку ў асяроддзі пышнай світы.
Сорак лоўчых тут лавілі погляд кожны ўладара.
Ён, пабачыўшы зацішша, запытаў людзей сярдзіта,
Што спыніла паляванне — не прыйшла ж яшчэ пара.
Тут жа ён паслаў падлоўчых, сам разгневаны дазвання:
«Што яны, хіба аслеплі, што пасталі, як слупы?»
Але выгляд Аўтандзіла, што мігцеў чароўным ззяннем,
Прыгажосцю нечуванай сапраўды іх асляпіў.
Здагадаўся мудры віцязь, кім падлоўчыя пасланы,
І сказаў ім: «Перадайце, каб дазволіў цар Прыдон
Перад ім з'явіцца госцю, што з далёкіх вандраванняў
Ад героя Тарыэля для яго прывёз паклон».
Пасланцы, назад прыйшоўшы, так Прыдону далажылі:
«Цар вялікі, перад намі нібы сонца выйшла з хмар.
Побач з ім мудрэц найпершы ўстаяць не знойдзе сілы.
«Тарыэлю брат я,— кажа,— і прынёс прывет у дар».
Цар, пачуўшы словы тыя, быў расчулены глыбока
І аблічча ружу-кветку акрапіў сваёй слязой,
І дзьмухнуў халодны ветрык, і пакрыла шэрань шчокі:
Заспяшаўся ён, каб госця адарыць сваёй хвалой.
Вось з пагорка цар спусціўся і, збянтэжаны, спыніўся:
«Што за дзіва? Ці не сонца нам сваё праменне шле?»
З прыгажосці Аўтандзіла ён, захоплены, дзівіўся.
Слёзы віцязя заззялі, як узор празрысты ў шкле.
Абняліся тут жа моцна, як браты, як роўны з роўным.
Цар быў віцязем захоплен, віцязь — ветлівым царом.
Сонца блякла перад тварам слаўных волатаў чароўных,—
Рэж мяне — не знойдзеш гэткіх — рынкі ўсе прайдзі суздром!
Читать дальше