Аўтандзіл з каня саскочыў. Слухаў: «Мы купцы з Багдада.
Магаметавай мы веры, не ўжываем мы віна.
Да цара марскога едзем, нам заўсёды людзі рады;
Больш прадаць крамніны добрай — мэта нашая адна.
Раптам бачым: на ўзбярэжжы чалавек ад ран канае.
Прывялі яго ў прытомнасць, запыталі, хто ён сам?
Расказаў усё, нябога, і бяда ў яго якая:
«Не хадзіце ў мора, людзі,— вас пагібель стрэне там.
Я з Егіпта плыў па моры ў чужаземныя краіны,
Вёз тавар туды адменны: дываны, парчу, шаўкі.
Патапілі нас піраты, ледзь і сам я не загінуў,
Каб не вы, сканаў бы пэўна. Хай міне вас лёс такі!»
Вось прычына, леў і сонца, што сабе не знойдзем рады,
Бо назад вярнуцца — станем жабракамі мы тады;
Паплывём па моры — самі аддамо жыццё піратам,—
Вось стаім мы і гадаем, як пазбавіцца бяды!»
«У бядзе,— сказаў ім віцязь,— сум — дарадчык вельмі дрэнны;
Не ўдавалася нікому волю неба абмінуць.
Ваша кроў не будзе ліцца, ў тым зарука — меч адменны;
Хвалі мора супастатаў назаўсёды праглынуць!»
Тут купцы павесялелі, усхваляючы героя:
«Калі віцязь будзе з намі — не спужае нас разбой!»
Пагрузіліся на судна і дарогаю марскою
Паплылі, і ўслед каціўся хваляў пеністы прыбой.
Добра ўсё ішло да часу, за кармой міналі мілі,
Аўтандзіл іх вёў спакойна, смела гледзячы ў прасцяг.
Карабель пірацкі раптам, сцяг узняўшы к небасхілу,
Свой таран на іх нацэліў, перарэзваючы шлях.
Галас трубны, крыкі, гоман у паветры залуналі;
Між купцоў спалох падняўся, кожны кляў учынак свой.
Віцязь крыкнуў: «Страх адкіньце! Або я загіну ў хвалях,
Або ворага сустрэне смерць у бездані марской!
Калі неба не захоча — дык мяне не ўзяць і раццю;
А захоча — дык загіну я ад першага кап'я;
Ні сябры, ні камні вежы не ўратуюць ад напасці.
Цвёрдым будзе той, хто гэта разумее так, як я!
Бачу я: зусім не здатны род купецкі ваш да бою,
Дык хавайцеся ад страху вы ў зацішныя куткі!
Карабель залью дарэшты я варожаю крывёю,—
Мне памогуць гнеў ільвіны, сіла мужнае рукі!»
Ён ускочыў тыграм дзікім, на сябе надзеў кальчугу,
Доўбню ўзяў адной рукою, а другою — востры меч;
На карме ён стаў без страху, азірнуўшыся наўкруга,—
Быў гатовы ён любому галаву да плеч рассеч.
А драпежнікі-піраты падплывалі з гікам-крыкам,—
Пратараніць судна з ходу — мелі хітры свой намер;
Ды ўдарыў доўбняй волат з грозай сілаю вялікай
І таран раструшчыў. Вораг тут завыў, як дзікі звер.
Той геройскаю адвагай захаваў ён судна цэлым;
Забаяўшыся, піраты скіравалі ход назад,
Ды за імі ўслед падаўся віцязь, меч узняўшы смела,—
Смерцю вораг паплаціўся за разбойны свой напад.
Біў няшчадна ён тых злыдняў, як авечую атару,
Аб карму адных ён стукаў, за карму кідаў другіх,
Восем браў — кідаў на дзесяць, біў пачвару аб пачвару,
Паміж кучы мёртвых мала засталося з іх жывых.
Як жадаў ён — так збылося: вораг быў нашчэнт разбіты.
Хто ўцалеў, крычаў: «Злітуйся, прах мы ўсе перад табой!»
Замяніў ён смерць палонам, не крануўшы недабітых,
Бо й апосталы гавораць: «Нараджае страх любоў».
Чалавек, не выхваляйся сваёй сілай-непакорай,—
Бог захоча — самых дужых зрыне немаччу на дол,
Бо й маленькай іскры хопіць, каб згарэць лясному бору,—
Бог зраўняць у сіле можа грозны меч і просты кол.
На пірацкім судне многа Аўтандзіл знайшоў багацця,
Ён купцоў наверх паклікаў, судны поруч шчыльна звёў;
І на вокліч выйшлі людзі, і Усам зіхцеў ад шчасця,
І падзякі пышнаслоўе прагучала сто разоў.
Вуснаў тысячы патрэбны, каб уславіць Аўтандзіла,
Апяяць яго адвагу, розум, спрыт і прыгажосць.
Закрычалі людзі: «Віцязь уладае божай сілай!
Ноч адолеў светлы ранак, ўсходзіць сонца — любы госць!»
І ад радасці вялікай цалавалі ногі, рукі,
Шматгалосна ўслаўлялі за ратунак у бядзе,—
Перад львом такім згубілі б розум свой жрацы навукі:
«Ты нас вызваліў ад смерці і вярнуў у свет надзей!»
Ён сказаў ім: «Дзякуй богу, што бяда вас абмінула!
Бог пачуў маленні вашы і ў бядзе вам дапамог,—
Ён кіруе ўсім таемна, да чужой пакуты чулы.
Верыць будучыні трэба без сумненняў і трывог!
Мудры бог жыццё даў людзям, даў душу слабому целу.
Што я, прах і пыл нікчэмны, без яго стварыў бы сам?
Волю неба я выконваў, калі злыдняў нішчыў смела;
Карабель, багацця поўны, аддаю цяпер я вам!»
Читать дальше