Мы таго дабіцца можам, што пашле нам лёсу сіла.
Свет заўжды сябруе з цемрай — вось дзе змен яго выток!
Што шукаем — не знаходзім, што дасягнута — не міла.
Толькі тое выцеч можа, што наліта ў збанок».
АДКАЗ АЎТАНДЗІЛА НА ПІСЬМО ФАЦЬМЫ
Ён пісаў: «Твае ўсхваленні прачытаў я з хваляваннем:
Апярэдзіла мяне ты — тым агнём згараю сам.
Палка хочам мы абое ўзаемнага кахання.
Дзе суладна б'юцца сэрцы, шчасце вечна свеціць там».
Як адказ Фацьму ўзрушыў, расказаць не маю сілы!
Зноў пісьмо паслала: «Годзе мне ў самоце слёзы ліць;
Ты прыходзь, як толькі змеркне, мой жаданы сокал мілы,
Буду я чакаць, каб шчасце нам з табою падзяліць».
Толькі ён ісці сабраўся на той заклік палымяны,
Як упоцемку натрапіў на слугу, што вестку нёс:
«Не магу,— Фацьма пісала,— быць з табою ў час чаканы».
Ускіпеў ён: «Што за глупства зноў мне шле пачварны лёс!»
І без жаднай засцярогі рушыў сцежкаю знаёмай.
Увайшоў. Фацьма ў трывозе, чымсьці ўзрушана была.
Ён адразу ўбачыў гэта. Хоць сядзела нерухома.
Але страх кахання сіла ў той жа міг перамагла.
Селі разам, абняліся, цалаваліся ў экстазе;
Раптам нейкі юны віцязь ля дзвярэй нібы застыў,
А за ім нявольнік следам меч і шчыт прынёс адразу;
Аўтандзіл скалой каменнай ім дарогу заступіў.
Госця ўбачыўшы, ад страху палюбоўніца збялела.
Той зірнуў на іх пяшчоты і сказаў нарэшце так:
«Не спыню тваёй забавы, асалоду пі ў пасцелі,
Толькі заўтра паспрабуеш ты атруты горкі смак!
Ты, распусніца, схацела, каб застаўся я ў няславе?
Заўтра я табе адпомшчу — будзе страшны мой разлік;
Ты дзяцей сваіх ад страху загрызеш, як звер крывавы.
Калі ж гэта я не здзейсню, хай адсохне мой язык!»
Бараду скубнуўшы злосна, знік нязваны госць з пакоя.
Твар пазногцямі крывавіць стала ў роспачы Фацьма.
Як вар'ятка, галасіла, слёз струмень паплыў ракою:
«Хай заб'юць каменнем людзі — горшай кары мне няма!
Праз мяне загінуць марна добры муж, малыя дзеці,
Я згубіла ўсе багацці, разбурыўшы ўсё датла.
Зганьбаваная раднёю, без сяброў, адна на свеце —
Я сама сябе ад шчасця да няшчасця давяла!»
Аўтандзіл жанчыну слухаў са здзіўленнем, поўны жалю:
«Што з табою, адкажы мне, не хавай у сэрцы боль;
Хто ён, злосны гэты віцязь, і за што ён пагражае
Помстай лютай і расправай над няшчаснаю табой?»
«О мой леў, я вар'яцею! — так Фацьма яму сказала.—
Не пытайся пра прычыну — не магу сказаць, павер!
Я дзяцей сваіх згубіла і сябе я пакарала
Тым, што горача кахаю аднаго цябе цяпер!
Кара неба спасцігае тых, хто стаў на шлях аблудны,
Хто трымаць не можа тайны да патрэбнае пары.
Хоць і літасці прашу я, але бачу лёс свой згубны,—
Хто сваёй крыві жадае, тых не лечаць дактары.
З двух адно ты выбраць мусіш, я прашу цябе аб гэтым.
Мсціўца, што мяне абразіў, сёння ж ты забі ўначы,
А як вернешся — раскрыю ўсіх пакут маіх сакрэты.
Толькі ворага крывёю зможаш ты мне памагчы.
А калі не здзейсніш гэта, дык збяры сваю паклажу
І пакінь пад сховам ночы назаўсёды гэты край.
Пра мае цяжкія мукі хай ніхто табе не скажа,
Як мяне й дзяцей бязвінных той злачынец пакараў».
Аўтандзіл, пачуўшы скаргу, ускіпеў ад абурэння,
Горды, смелы і прыгожы, зброю ў рукі ён схапіў
І сказаў ёй: «Не хвалюйся, душагуба смерць сустрэне!
Хто ў бядзе жанчыну кінуў — лёс над тым бы вечна кпіў!
Дапамога непатрэбна, толькі дай мне чалавека,
Каб дарогу да злачынца без памылкі паказаў.
Будзе знішчан, хто жанчыне пагражае лютым здзекам;
Ты чакай мяне спакойна, волі не давай слязам!»
Толькі служка той з'явіўся, віцязь рушыў у дарогу,
А Фацьма ўслед прасіла: «Жар гарот маіх згасі,
Помсту здзейсні, і маліцца буду я табе, як богу.
На руцэ ў яго мой персцень, ты яго мне прынясі!»
Аўтандзіл прайшоў праз горад, хутка ўбачыў бераг мора;
З пліт чырвоных і зялёных узвышаўся там палац.
Над тэрасаю тэраса нібы самі беглі ўгору,
Лашчыў вока нечакана хараства дзівосны лад.
Аўтандзіл з маўклівым служкам падышлі да агароджы,
Той шапнуў: «Вось гэта тое, што цікавіць зараз нас».
І дадаў: «На той тэрасе ўладара знайсці ты зможаш.
Ён, напэўна, спачывае, самы зручны гэта час!»
Два ахоўнікі драмалі ціхамірна каля брамы,
Аўтандзіл цішком падкраўся і за горлы іх схапіў,
І, ад долу адарваўшы, так ударыў галавамі,
Што разбіў ім вокамгненна на кавалкі чарапы.
Читать дальше