* * *
Кароль страшна баяўся сваёй жонкі. Затое ён вельмі ганарыўся яе сілай. Яна сама сто разоў на дзень гаварыла:
— Захачу, выпушчу Смерць з табакеркі і знішчу ўвесь свет!
I, не доўга чакаючы, яна задумала выканаць тое, аб чым увесь час марыла: трымаць Смерць на залатым ланцужку, як пакаёвага цюціка, і даць ёй мянушку «Мопсік».
Лепшыя ювеліры каралеўства займаліся выкоўваннем лёгкага і моднага залатога ланцужка для найстрашнейшага на свеце Мопсіка.
Найлепшы хірург каралеўства рыхтаваўся да аперацыі, каб дастаць з жывата каралевы Лялі сярэбраную табакерку. Усё каралеўства дрыжала ад страху. Падданыя шапталіся па кутках са спалохам і агідай.
— Хутка з'явіцца ў палацах каралеўскі наследнічак. Мы павінны будзем плаціць гэтаму наследнічку чыншы і падаткі не абы-якія. Замест пшаніцы, мёду, воску і залатых дукатаў — мы павінны будзем адда ваць свае галовы. Каралеўскі наследнічак — Смерць...
Каралеўскі хірург, у залатых акулярах і ў белым, як снег, халаце, дрыжаў ад страху, як асінавы ліст. Жартачкі — ён можа ненарокам зачапіць нажом табакерку ў жываце яе вялікасці каралевы, табакерка адчыніцца — і Смерць шусь яму ў залатыя акуляры...
Аперацыя прайшла вельмі ўдала. Калі табакерка ўжо стаяла на століку, а жывот яе вялікасці быў зашыты, хірург выйшаў з пакоя смертарадзіцелькі і тры гадзіны трымаўся за сэрца ад страху.
Нельга сказаць, каб цяперашняя каралева, наша добра знаёмая пані Сарачынская, сама не баялася табакеркі. Але яна ўладала добрай зброяй супроць страху — вялікім пачуццём цікаўнасці. Яшчэ даўней дзеля сваёй цікаўнасці яна не раз лезла на лязо нажа.
Каралева Ляля зачынілася ў пакоі на сем замкоў, маючы пры сабе толькі маленькага беленькага сабачку. Яна спрабуе першы раз сілу Смерці на сабачку. Яна, каралева Ляля, узяла са століка табакерку ў рукі і сказала:
— Бедная палонніца! Дарагая цёця Смертухна! Выпускаю цябе на волю з той умовай, каб ты мяне ніколі-ніколі не чапала, каб ты мяне слухалася. Ты будзеш у мяне на залатым ланцужку ў пашане і любасці. Дам табе волю знішчыць хоць увесь свет, у першую чаргу твайго і майго заядлага ворага — пана Зайца. Ты, Смертухна, ужо сама будзеш ведаць, што з ім рабіць. Прымі вобраз маленькага чорненькага цюціка. Ты будзеш заўсёды на маіх каленях, са мною. Будзем есці з адной талеркі, спаць у адным ложку. Люблю цябе Смертухна, люблю цябе...
Вочы ў каралевы Лялі заблішчалі двума аганькамі. Яны ў гэту хвіліну былі нават прыгожыя. Яна ўзяла табакерку ў рукі, цалавала яе і шаптала салодкім голасам:
— Ты — мая першая любоў. Люблю цябе, Смертух-на, люблю цябе... Усё, што належыць мне, належыць табе.
Гэта былі першыя шчырыя словы каралевы Лялі. Яна сцяла рот, падрыхтавала залаты ланцужок, адчыніла табакерку, утаропіла ў яе вочы і ад галавы да ног уздрыгнулася, бо ў тую хвіліну яна падумала, што мае справу з вельмі страшнай асобай, перад якой дрыжаць нават каралі і каралевы. Ёй стала так страшна, што кругі мітусіліся перад яе вачыма, і яна страціла прытомнасць.
Калі праз некалькі хвілін каралева Ляля ачухалася, яна азірнулася навокал. У пакоі не відаць Смерці. Яна зірнула ў табакерку і ўгледзела завяўшую белую ружу і запісачку.
Яна з нецярплівасцю чытала:
«Шаноўная пані Сарачынская! Калі вы адчынілі табакерку, значыць, вы больш за мяне адважная, бо Смерці не пабаяліся. Канешне, я не скупы, каб пашка даваць для вас сярэбраную табакерку, зробленую выключна для вас у аднаго з лепшых ювеліраў. Канешне, я не такі дурань, каб аддаць у вашы ручкі палонніцу. Але вы, разумная птушачка з галавой міністра, можаце прыдумаць што-небудзь цікавае ў сувязі з гэтай табакеркай. Скажыце, што Смерць у ёй. Жадаю вам поспеху. Я ўпэўнены, што нават будзеце рады майму аб ману, бо раззлаваная мною Смерць адразу кінулася б на вас і магла б выдрапаць вашы ясныя, прыгожыя вочкі. Пры гэтым дарую вам белую ружу. Яна, напэўна, завяла ў табакерцы. Насіце свежыя белыя ружы, каб ад вас не так моцна пахла дзёгцем. Астаюся з пашанай і любоўю да вас. Заяц».
Прачытаўшы запісачку, каралева Ляля павесялела. «Я храбрая,— падумала яна.— Не пабаялася адчыніць табакерку, думаючы, што ў ёй Смерць. Разумны гэты пан Заяц. Дзякую яму, што не падсунуў мне тую — страшную табакерку. Бо Смерць магла мяне зарэзаць...»
Яе вочы засвяціліся ў першы раз шчырай дабратой, удзячнасцю да Дзіда-дзеда, але тут жа на яе напала роспач, і яна заламала рукі і загаварыла сама з сабою:
— Што рабіць? Усё каралеўства маё са страхам чакае вызвалення з табакеркі Смерці ў выглядзе цюціка на залатым ланцужку ў маіх руках. Што рабіць? Што рабіць?
Читать дальше