Гэтыя чуткі дайшлі да вушэй маладога караля Пінг-Понга за трыдзевяць зямель, за марамі-акіянамі.
Кароль Пінг-Понг насіў тады чорную жалобу па чорнай Смерці, палон якой атруціў яму жыццё і спыніў усе яго радасці. Бо раней ён кожны дзень перад снеданнем для прыемнасці ўласнай рукой адсякаў галаву аднаму са сваіх падданых, а калі Смерць апынулася ў табакерцы, гэта прыемнасць кончылася. Як ён не спрабаваў размахваць мячом, яго рука не магла апусціцца на галаву чалавека, каб забіць яго.
Кароль Пінг-Понг перастаў есці, засумаваў і высах так, што страшна было на яго зірнуць. Кароль за вочы палюбіў прынцэсу Лялю, дачку караля Траляляя. Ён паслаў свайго канцлера да невядомага караля ў невядомую зямлю перадаць бацьку прынцэсы Лялі багатыя падарункі, нізкі паклон і просьбу, каб той аддаў яму, Пінг-Понгу, прынцэсу Лялю за жонку.
* * *
Тым часам пані Сарачынская ў пер'ях Павы, з табакеркай у жываце, нібы зацяжараная Смерцю, даведалася, што ў яе закахаўся кароль Пінг-Понг, і паляцела адразу ў яго каралеўства.
«Вечная будзе цяпер любоў Пінг-Понга да мяне»,— думала фальшывая Пава і да таго ўзганарылася, што задзірала нос перад арламі і сокаламі.
Вось якія думкі і мары апанавалі яе:
«Смерць усяго свету ў маіх руках. Я — багіня зямлі. Я — у хуткім часе стану жонкай караля Пінг-Понга. Надыдзе час — адчыню табакерку, накіну на Смерць залаты ланцужок і буду яе за сабой вадзіць, як пакаёвага цюціка. Эх, расплачуся тады з усімі маімі злоснікамі... Хто не паклоніцца мне нізка да зямлі, хто пра мяне хоць падумае кепскае — на таго нацкую Смерць. Я скажу: На-цю-на! Душы яго, Смерць! Лаві яго!.. А ўсіх тых, хто на мяне зірне без пашаны — сатру ў нюхальны тытунь. У першую чаргу ад мяне пападзе пану Зайцу. Я загадаю Смерці, каб яна мучыла яго аж дзесяць год. Як жа мне называць Смерць? Я назаву яе Мопсікам. На каралеўскіх балах буду ёй гаварыць: На, Мопсік, на! Кусі, Мопсік, таго, хто жартуе з мяне! Кусі, Мопсік, таго, хто кажа, што я непрыгожая, што я злая, што я звадыятка, што я не каралеўскага роду, што ад мяне пахне дзёгцем... Кусі! Кусі! Кусі! Мой Мопсік — Смерць расквітаецца з усімі маімі ворагамі. А калі на бале я астануся адна, калі Мопсік усіх-усіх перарэжа — тады таксама не бяда. Калі такім чынам спушчу ў магілу ўвесь свет — таксама не бяда. Мяне Смерць чапаць не будзе за тое, што выпушчу яе на волю. Смерць будзе маёй адзінай шчырай падружкай. Я тады на ўсім свеце расстаўлю люстэркі, па ўсіх пустых гарадах і сёлах, па ўсіх пустых лясах і садах, і куды не гляну — буду бачыць каралеву Пінг-Понг. Вось як!»
Так марыла Сарока, злая, хітрая і дурная...
* * *
Тым часам галоўны канцлер караля Пінг-Понга па дарозе даведаўся, што прынцэса Ляля, гэта значыць, Сарока, сама едзе ў каралеўства Пінг-Понга, і вярнуўся з дарогі, каб наладзіць былой пані Сарачынскай належную пышную сустрэчу.
* * *
Калі фальшывая прынцэса Ляля наблізілася да каралеўства Пінг-Понга, ёй насустрач выйшлі ўсе падданыя. Так праваджалі яе аж да каралеўскага палаца. А ў багатым палацы караля трубілі так гучна ў сярэбраныя і залатыя рагі, ажно шчокі трубачоў надзьмуліся, як шары. Там свісталі ў прыгожыя флейты так старанна, ажно губы ў флейцістаў апухлі і пальцы забалелі. Адгулялі такое вяселле, царадворцы так перапіліся, што, каб Смерць не сядзела ў Дзіда-дзеда ў табакерцы,— яны ўсе перамерлі б.
Канешне, усе ў каралеўстве Пінг-Понга думалі, што Смерць знаходзіцца ў руках каралевы.
Вяселле гулялі цэлы год. Але, мяркуючыся з тым, што ніхто цяпер ніколі не памрэ, год можна было лічыць хвілінай. Галоўны канцлер адважыўся сказаць каралеўскай вялікасці, што вяселле трэба гуляць дзесяць год.
Кароль Пінг-Понг яму адказаў:
— Каб гэта было раней, я ўласнаручна з вялікай прыемнасцю зняў бы тваю галаву за такую заўвагу мне, твайму каралю. Але ты цяпер неўміручы. З-за тваёй авечай галавы яе каралеўская вялікасць, мая жонка, не выпусціць Смерць з табакеркі. Разумей, што нягледзячы на тое, што мы цяпер неўміручыя, кожная хвіліна жыцця ўсяго каралеўства мне вельмі дарагая. Хопіць адзін год для майго скромнага вяселля. Мая жонка, яе каралеўская вялікасць, не мае часу займацца вяселлем. Яна занята вельмі сур'ёзнай справай — та-ба-кер-кай!
Кароль Пінг-Понг гнеўна тупнуў нагой і выгнаў свайго канцлера не толькі з палаца, але з каралеўства.
Так ён паступіў з усімі міністрамі і начальнікамі, хаця ў душы любіў іх за шчырую службу.
Усе высокія каралеўскія пасады занялі цяпер сарокі: браты, дзядзькі ды іншыя сваякі каралевы.
Читать дальше