— Хто там? — Чэся прысела на ложку і зграбла за патыліцу рассыпаныя валасы.
— Гаспадары.— Міця, ловячы рукою алавяна-шарыя гузікі на салатавым мундзіры, выбег у калідор.
— Галубіцеся тут,— увайшоўшы ў пакойчык, Хрысця не то незнарок злосна пажартавала, не то папракнула.
— Што ты сёння цэлы дзень бзыкаеш, як пчала? — Імполь кінуў на зэдлік свой растрыбушаны, злуплены за адно рукаво з плячэй шарачковы каптан.
Ён, трохі было відаць, недзе ўжо прычасціўся — дурнавата-кіслы смяшок крывіў яго твар.
— Я-то бзыкаю, а ты цэлы дзень піў бы.
— А чаму не? I з Міцем трэба па кілішку дзюбнуць,— Імполь пахіснуўся да шкапчыка, дастаў чорную з доўгай шыяй пляшку.— О, яшчэ царская бутэлька выхавалася, а ў ёй — пяршак.
— Не, не буду я, мне пара. На дзве гадзіны адпрасіўся,— Міця зашпіліў рэмень, абцягнуў кругом яго, паправіў фрэнч.
— Паспееш з козамі на торг, пачакай,— запыніла ўжо яго і Хрысця.— Пагаварыць трэба, што ж рабіцьмем?
— А што? — Міця, пацягнуўшы па калене, папрасаваў пілотку.
— Зноў, кажуць, арышты маюцца быць,— Імполь прыгрукнуў чорнай высокай бутэлькай.— Вайтовіч мне сказаў, а ён, халера, усё знае. Нават чамаданы спакаваў.
— Я во пра яе думаю. Ці ўседзім мы тут? — Хрысця азірнулася на Чэсю, што сцішэла каля парога, сабраўшыся, мусіць, правесці Міцю, узіралася ў круглае на далоні люстэрка і папраўляла на галаве шыракаполы капялюшык.
Міця ўздыхнуў, абцёр пілоткаю спацелы лоб:
— Можа, у Верасава яе?
— А казакі што падумаюць?
— Міцек, ты мяне хочаш недзе справадзіць? — Чэся ўзяла яго за локаць, у калідоры ўжо сказала: — Ёсць у мяне месца. Не бойся. Я перажываю больш за цябе... і за іх, за Хрысцю з Імполем. Яны так мне памаглі. I не трэба наклікаць на іх большага падазрэння.
— А якое падазрэнне,— Міця завярнуў Чэсю ў другі бок, каб не ісці тою вуліцаю, дзе стаяў Грабянкаў дом і дзе пад старымі абпаленымі хвойкамі на высокім фундаменце каля расколатай кафельнай грубкі падымалася чорна-ржаваю горбаю смуродлівае пажарышча, у якім радужнымі водблескамі адсвечвала растопленае і застылае ў пляйстрах шкло.
Здаецца, пазаўчора Міця бачыў, як мяшчанскія дзяўчаткі калупаліся на пажарышчы і меншая з іх, чарнява-курносая, падтрасала на скурчанай далоньцы цёмна-вішнёвыя гранёныя кубікі і вясёла гукала:
— А во, пацеркі знайшла!
Міця ажно зніякавеў, успомніўшы, што гэткія цёмна-чырвоныя, колеру грачанага мёду, пацеркі ён убачыў у Чэсі тады, калі яны ездзілі на возера Світазь.
Як гэта ўжо было даўно.
Ён асцярожна, украдкам зірнуў на Чэсю: яе падцятыя губкі злосна выпнуліся, у глыбокім цяжкім уздыху раздзімаліся маленькія ноздры. Яна ішла, горда несучы голаў, але, мусіць, нічога не прыкмячаючы перад сабою: нібы ў вачах у яе стаяла тое пажарышча, трупы маці і сястры, і яшчэ невядомага ёй чалавека, што ўскочыў у дом, і праз якога немцы, западозрыўшы ў сувязях з польскімі партызанамі, пастралялі ўсіх, хто быў той ночы у Грабянкавым доме. На шчасце, Чэся дзяжурыла якраз у шпіталі.
— Чэся, я адпрашуся ў Камашылы і пад’еду ў Верасава.
— Чаго? — яна абыякава глянула на роўны, прыбіты пад шнур шчыкетнік, за якім падымалі чорна-крывое голле ў ружовых пупышках цвету беланогія яблыні.
— Там таксама бяда.
— Я ведаю, Міця... Нам выпаў нейкі аднолькавы лёс,— яна нагнулася, сарвала махрыстую кветку дзьмухаўца і панюхала яе, пакінуўшы на кончыку носа жоўты пылок.
— Пагляджу, дамоўлюся з сястрою. Можа, ты пажывеш там?
— Не, Міця,— яна пакруціла за ружаваты ствалок жоўтую, раскрытую сонцам кветку.— У Верасава не пайду. Сам ведаеш, я не падрыхтавана да вясковага жыцця. Я буду чужая там.
— А хіба табе можна аставацца ў Дварчанах? Ты ж на падазрэнні.
Чэсіны губы балюча ўздрыгнулі, яе рука рэзка, наводліў адкінула махрыстую кветку і там, за шчыкетнікам, куды ўпала яна, злосна замармытаў і пакаціўся да высокага з пачарнелымі балясамі ганка крывалапы, куртаты шчанюк.
На ганку, злавіўшы рукою кантовы слупок, падступаўся, падазрона выцягваў шыю, перакрывіўшы ў брыдкай грымасе рот і вылупіўшы белаватыя вочы, недаўменны, здзіўлены Вайтовіч,— мусіць, першы раз бачыў у вайсковым абмундзіраванні Міцю.
— Не мардуйся, Міцек,— Чэся лёгенька ўзяла яго за руку.— Я знайду прытулак... Верыш, я баюся за цябе. Нават кожны вечар пачала маліцца, гаварыць літання: «Од поветша, глоду, огня і войны... Од наглэй і несподзеванэй сьмерці [30] «Ад мору, голаду, агню і вайны... Ад раптоўнай і неспадзяванай смерці» (польск.).
».
Читать дальше