Яна адвярнулася, схавала пачырванелыя ад слёз вочы.
Скончылася шырокая з жоўтымі вочкамі дзьмухаўца ў зялёнай ценькай траве дварчанская вуліца — і яны спыніліся напроці высокага дома з двума эліптычнымі вокнамі ў франтоне і выштукаваным балконам, які адпіралі белыя мураваныя слупы. Чэся павяла шыракаполым капялюшыкам на гэты высокі, складзены з смалістых брусоў дом. Міцек, зойдзеш сюды, калі вернешся з Верасава. Тут жыве пані Бернацкая. Ты помніш яе калекага мужа?
— А што?
— Пані Бернацкая будзе ведаць, дзе я. Заўсёды.
— Мы расстаёмся, Чэся? — Міця хацеў разгадаць яе задуманы, прымружаны зірк.
Яна моўчкі паправіла свой прыталены жакецік, пастаяла, спусціўшы рукі ў чорных шаўковых пальчатках, нарэшце сцягнула адну з іх, цёплаю рукою абхапіла Міцю за шыю, прутка пацягнулася да яго і ледзь чутна пацалавала ў шчаку:
— Я пабягу, Міцек. Ты знойдзеш мяне тут.
Пакалыхваючы купалам карычневай у ясную клетку спаднічкі, яна прыспешвала да ганку з белымі слупкамі-каланадамі. Перад ганкам азірнулася, паварушыла тонкімі пальцамі паднятай рукі.
Міця паволі пайшоў, раптам учуўшы, як пацяжэлі і зрабіліся млявымі ногі.
«Няўжо не ўбачымся? Няўжо гэтая сустрэча будзе астатняй?» — ад пакутных, нязносных думак тупела галава...
Адпрасіўшыся ў Камашылы на гадзіны тры, каб адлучыцца ў Верасава, Міця прыйшоў пад чыгуначны пераезд на развілку вуліц, дзе, акружаны нізкім плоцікам, стаяў пафарбованы, мусіць, напярэдадні вялікадня і пах покастам драўляны, з невялікім распяццем, каталіцкі крыж.
У местачковых дварах, выпусціўшы ружовыя банты цвету, красавалі прыгорбленыя яблыні. Пахла свежаю раллёю, перамешанаю з гноем. На шарым, падзёўбаным «кошкамі» тэлеграфным слупе, трапятаў растапыранымі крыльцамі і тонка падсвістваў жаўтадзюбы шпак. Падпарвала, нібы на дождж, высокае сонца. Дзень быў абвіты нечаканай светлай радасцю, як усё роўна на свеце не было вайны, гора, смерці. А Міцева сэрца аблівала гарачыня трывогі і неспакою.
Прыглядаючыся да падвод, што з абедзвюх вуліц цяклі на пераезд, сыплючы высокі, разбіты на асколкі грукат і ляскат жалезных шынаў, спадзяваўся ўбачыць каго знаёмага, але, як адзін, ехалі ўсе чужыя. Міця падышоў да запрэжанай у двэйгу коней доўгай фуры, што, ціха парыпваючы, плыла з боку ружаватага бруку ў раз’езджанай пясчанай канаве.
Укленчыўшы, на возе стаяў няголены, зарослы чорнаю шчацінай з сівымі плямамі абапал рота дробны, курносы казак у зношаным нямецкім фрэнчы, падпяразаным вузенькай папружкай з мядзяным наканечнікам, і ў касматай авечай шапцы.
— Здароў, служывы! — махнуў галавою Міця, ідучы водле фуры, зацярушанай ахапкам сена, на якім ляжала бельгійская, з крывою рукаяткай, вінтоўка.
— Здорово, коль не шутишь!
— Не шучу.
— Небось подьехать хочешь? — лыпнуў вокам казак.—
А куды це йдэш?
— У Верасава мне.
— Не могет быть. I я с видтиля. Садись,— казак падбіў з’еханую на вочы кубанку і падсунуўся на перапрэлым, суха-гаркаватым сене.
Міця, узяўшыся аберуч за драбінку, борзда, адным махам пераскочыў у воз. Ямчэй усеўся, і пазіраючы на худы з глыбокаю лагчынкаю карак, загарэлага ўжо на вясновым сонцы казака, з прыхаванай цікавасцю і жартам спытаў:
— А сам з відкіля будзеш?
— Так я ж сказаў,— падагнаў худых з гарбатымі азадкамі коней і абярнуўся смуглявы казак.
— Данец? Кубанец? Ці мо цярской будзеш? — даў зразумець Міця, пра што пытае.
— Откуда уж не буду, а вряд ли на землю русскую вернусь,— казак пакасіўся на бела-стракаты, невысокі бярозавы крыж, на якім цьмяна паблісквала стаўбунаватая каска: за шлагбаумам пераезда, абгароджаны плоцікам і абкладзены дзярном, падымаўся горбік магілкі немца-франтавіка, забітага дварчанскім яўрэем яшчэ ў першае лета вайны.— Большевистская сволочь кладет всех.
— А вы?
— Мы тоже. Жалеть здеся некого,— сказаў і спахапіўся, пагладзіў рукою карак, нібы хочучы абараніцца, гаваркі казак.— Хотя я лично никого не убил. Мне што до кого. У меня своя жизнь.
— I якая ж яна, калі можна спытаць?
— Возделываю кожи. Раз кони есть, нужна сбруя.
А был при кутузке. Нервишки у меня слабые. Пытать, бить не могу. Помню, привели бабенку, раздели. Давай допрашивать на этой самой «дыбе»... Ну скамья такая, к которой привязывают. И мужа привели... И перед ним давай шмарить эту бабенку... После этого я ушел, упросился. Вот нашли занятие — кожаром сделали.— I паволі, асцярожна павярнуў адно плячо да Міці.— А ты, скажи, убил кого?
Читать дальше