Міця, абягаючы калодзесь, прыпыніўся, прыглядзеўся да забітага і, здрыгануўшыся ад азыраватага холаду, зніякавеў, пазнаючы доктара Длубака. Міця адбегся, а потым, не верачы сабе, колькі крокаў ступіў да яго: Длубак ляжаў, падкурчыўшы ногі, уткнуўшыся лысаватаю галавою ў тлустую гразкаватую сцежку, з раскрытага, перакошанага рота паўзла вялікая бардовая кропля крыві.
— Хлопцы, бягом за мною! — хрыплавата крыкнуў Камашыла.— Што чухаецеся, як свінні каля плота?
— Падсунемся пад кулі, як бараны,— уздыхнуў Бусько, разам з Міцем ускокваючы ў вароты.
— Не панікаваць! — замарудзіў крок Камашыла.
Міця перабег на другі бок вуліцы далей ад сівога, яшчэ несаржавелага калючага дроту, якім, нібы заблытанай павучынай, на высокіх слупах з падпорамі была аплецена школа.
Між гонкіх рэдкіх сосен улукаткі шмыгала слізкая ад кастрыцы, нібы знарок падсыпаная старымі шышкамі, тупкая сцежка. Наступіўшы на іх і паслізнуўшыся, злосна мацюкаліся салдаты.
— Разамкнісь! Што збіліся ў кучу? Корсак, заварочвай на Касцельную. А ты, Кур’ян,— дварамі! — голас у Камашылы стаў злосны і цвёрды.
Трымаючы палец на курку халоднай, цяжкаватай вінтоўкі, Міця выскачыў на шырокі прагал лесу, забудаваны толькі з аднаго боку новымі, там-сям яшчэ з забітымі вокнамі, недакончанымі дамамі. Далекавата ў рэдзенькай смузе раніцы нехта, прыгнуўшыся, перабег вуліцу, схаваўся за белым атынкованым домам.
— Глядзі, халера, яны! — закрычалі ззаду.
I ў Міці з-за плячэй бабахнуў, аддаўшыся расцяжным ляхатам, нечаканы стрэл.
З блізкай папярочнай вуліцы на гэты стрэл выскачылі двое ў чорных шынялях: Міця пазнаў дварчанскіх паліцыянтаў Ядлоўскага і рыжага нізкага Ляльку, што дагэтуль працаваў на дварчанскай чыгунцы грузчыкам, вызначаючыся тым, што мог паднесці на сабе дваццаць пудоў — чатыры поўныя, накрыж пакладзеныя мяхі.
Блізкі дзень ужо добра вызначыў іхнія зеленаватыя недаспаныя твары.
Лялька зняў з белай, падстрыжанай пад кароткую польку, круглаватай, як бручка, галавы пілотку, махнуў ёю:
— Куды страляеш? Так жа можна ператрушчыць адзін аднаго!
— Тут жа ж пабег...— пачынаў апраўдвацца той, хто страляў.
— Мы яго знаем. Выскачыў ад Грабянкаў.
Міця, учуўшы, як халодныя мурашкі заказыталіся на спіне, зніякавала пазіраў на худога з упалымі шчокамі Ядлоўскага:
— А што там у Грабянкаў?
— Ортскамендатура разбіраецца,— нехаця адвярнуўся Ядлоўскі.— Нам да іх справы няма.
— А чаго таіцца,— паволі ўскінуў на плячо вінтоўку караткаваты Лялька.— Расстралялі ўсю сям’ю і хату падпалілі.
Нешта цяжкае, нібы вагонны буфер, ударыла Міцю ў грудзі, і ён ажно пахіснуўся. Шаркаючы цяжкімі самлелымі нагамі па ліпкім сыраватым пяску, ірвануўся на блізкую Паштовую вуліцу і за цёмнымі камлямі соснаў, за густа пераплеценымі, ацяжэлымі галінамі, за чарадою комінаў на вострым чарапічным даху белай мураванкі ўбачыў залаціста-трапяткое, ірванае полымя агню. Яно з густым траскучым шумам вырвалася з вокнаў. Над гарачым і густым, як растопленае шкло, мроівам, што вірыла ўгору, пакалыхваліся ў нейкім страшным адчаі зялёныя кроны старых, знявечаных соснаў.
Вастраватыя джалы полымя цягнуліся да растапыраных галін, хваталі за густыя кудзеркі, злізвалі іх і няслі ўгору з агністым дымам, што роўным слупам упіраўся ў чорна-шызаватую хмару, што кіпела, пераварочвалася і разбухала вялымі клубкамі.
Падкусваючы губу, Міця заплюшчыў вочы, каб суняць нечаканы і першы балючы страх і адчай. Гэтак і знямеў у цёмным віры, чуючы ўжо, як цяжка бягуць па сырым пяску саладаты, і ў тахт іхніх тупых крокаў турзалася і раставала ў млявай гарачыні сэрца.
Да агню, да палаючага дома Міця не падышоў: што трымала, не ведаў сам — ці ўжо роспач, што ў агні можа быць яна, Чэся, ці ўжо неразважная ўзбунтаваная да вар’яцтва помста — страляць з вінтоўкі па тых, што стаяць, пабліскваючы кукардамі, каля нізкаватага плота, каля кустоў пасівелай акацыі, далей ад палкага, траскучага агню. Каб хоць была граната! З вінтоўкі ўложыш хіба аднаго...
Міця прыгледзеўся. Не, яны не стаялі. Яны некага білі: тоўсты кулак, што сціскаў браўнінг, то падымаўся, то падаў на нечы ўжо акрываўлены твар. Невысокі, шчуплы мужчына ў камізэльцы з карычневай шаўкавістай устаўкай, толькі неяк няспрытна, нібы слепавата, падымаў рукі, стараючыся як-небудзь абараніцца ад высокага немца ў серабрыстых пагонах і ў туга выгнутай фуражцы. Мужчына адхіліў твар, якраз зноў наткнуўшыся на цяжкі кулак з чорным браўнінгам, і, як п’яны, асеў, звіўся каля шчыкетніка, мусіць, на які міг страціўшы прытомнасць. Нарэшце заварушыўся, абапёршыся на рукі, доўга стаяў ракам. Шырока расставіўшы ногі, над ім стаяў і крычаў па-польску высокі немец:
Читать дальше