— Хлопцы, дальбог, яны...
— Хто?
— Няўжо не бачыш? Партызаны!
— Ага, праўда, у фуражцы адзін.
— I баба з імі...
Але тут нечакана прахрыпеў, перапыніўшы жарты і смех, Камашылаў голас:
— Узвод, да бою!
Калона, зашуршэўшы жвірам, рассыпалася, салдаты паспешна здымалі з пляча вінтоўкі.
— Сяржант Якута, чаго звесіў лоб паміж яяў?! Дагнаць фурманку! Давай у абход!
— Хлопцы, але ж там можа быць засада!
— Не бойся, Падліпскі, заходзь з левага боку! — загадаў Камашыла худаватаму з паўпаданымі шчокамі салдату.
Цыбаты Якута ўміг сігануў праз нешырокую, з застоенай вадой канаву, і ўслед за ім сінявата-радужную з плевачкай ваду пераскоквалі, трымаючы ў правай руцэ вінтоўкі, трохі непаваротліва-ацяжэлыя ад скруткаў шынялёў і прычэпленых сапёрных лапатак недаспаныя салдаты.
Счуўшы нарэшце блізкі тупат ног і сухі востры трэск зламанага галля, дзік рохкнуў і пудка адскочыўся ўбок, замільгаў востраю гарбатаю спіною між шарых аблушчаных пнёў, заросшых леташнім счарнелым асотам і крапіваю.
— Вашыва яго маць, яшчэ і ён тут гэльцае,— на карычняватым слізкім канцы мурашніку Камашыла паслізнуўся. Ён бег з іхнім, трэцім адзяленнем, што, рассыпаўшыся ланцугом, наўпрасты спяшалася да фурманкі.
Міцю за ногі чапляўся нізкі карчаваты грабняк і сцёбалі гнуткія дубцы маладога асінніку. Грудзі натыкаліся на высокі і ломкі леташні асот.
Пад цёмнаю густою, падсвечанаю знізу чырванаватым сонцам навіссю елак, тупавата забахалі, аддаючыся далёкім рэхам, расцяжныя стрэлы. То з аднаго, то з другога боку.
Спуджаны стралянінай конь, чуйна стрыг вушамі, уздымаў голаў і стараўся вырваць сцялежаны воз з глыбокіх, поўных разбоўтанай гразі каляін. На саломе між драбін рахмана парохкваў і трэпаў звязанымі кароткімі нагамі бела-ружаваты, пудкоў на тры-чатыры, лапавухі парсюк.
— Свежаваць сабраліся. Ну, заразы, маць ваша! — Камашыла абышоў воз, пераступіўшы тонкі дубок, што сагнуўся дугою і ткнуўся верхавінаю ў дол, загадаў дзюбаносаму, з чырванаватымі вачмі салдату: — Бусько, выводзь каня на шашу і скажы батальённаму, што захапілі трафеі. Хай там не трапечацца. А астатнія за мною.
Ён паправіў на грудзях чорна-сіняваты, зусім новенькі — пазаўчора іх выдалі толькі камандзірам узводаў — аўтамат і, топчучы шаргатліва-сухое, што курэла пылам, леташняе лісце, пабег на ясны прагал.
— Далёка не ўцякуць. Там поле. Гоп-цюп, чатэры бабы, восім дуп.— Камашыла азірнуўся і каля вываратня з падсохлымі карэннямі прычакаў Міцю.— Яны ўжо, лічы, у нашых руках. Лес тут невялікі. Дзе дзенуцца.
— Ды чорт з імі, хай уцякаюць. Чаго ты рвешся?
— Ты што, Корсак? — Камашыла незнарок напароўся на вострыя рагаціны ніжніх лап, якімі ашчацінілася між замшэлых дубоў гонкая маладая елка, і злосна скрывіўся.— Брыду гэтую шкадуеш? Нешта я не разбяруся ў табе?.. Ану бягом! За мною! Пад ляжачым, як кажуць, вош, пад бягучым — грош. Шыбчэй!
Далей за стваламі зеленаватых асін, шара-шурпатых старых дубоў, ружаватых хвоек пякучай залацістасцю гарэла ранішняе неба — канчаўся лес. За ім, пабліскваючы шырокім пер’ем, зелянілася густая, цемнаватая і добра ўкусцелая рунь.
Стрэлы сціхлі, і зноў далёка і глухавата, як у глыбокай яме, кувала зязюлька.
Зводдаль ад лесу, агароджаны драўлянымі на вілаватых слупках жэрдкамі насцярожана затаіўся хутар — доўгая пад адной страхою з хлявом хата, і ўпоперак яе расселася шырокае гумно з замшэлаю страхою.
Міця ўбачыў, як з блізкага чубка высокага ў рэдзенькай дымнаватай зеляніне бярэзніку да старога шарага хутара рвануліся двое — даўганогі ў плескаватай фуражцы мужчына з дзесяцізарадкаю і дзяўчына ў сіваватай вушанцы і ў белым кажушку.
Трэцяга з імі не было.
— Не давай дабегчы да хутара! Цэлься ў мужчыну! — крыкнуў Камашыла, падбягаючы да ружаватых, сцягнутых з поля пад лес трох вялікіх каменняў, што ўлягліся ў спалавелай высокой мятліцы і чорным крываўніку.
Міця прылёг за самы большы камень, наўкруг абцярушаным чорна-сіваватым дробным пер’ем — мусіць, каршун задраў дразда ці яшчэ якую пташку,— паклаў на яго вінтоўку, але яго апярэдзіў гарача-нервовы строкат аўтамата.
Кароткая чарга нечакана падкасіла прыгнутага цыбатага мужчыну, і ён, заблытаўшыся нагамі, пачаў хіліцца на адзін бок, перакруціўся і ляпнуўся ў густую зялёную рунь.
Націснуўшы на спуск і ўчуўшы кароткі ўдар у плячо, Міця ўбачыў, што стрэліў ледзь не па сваіх, што нечакана вынырнулі з далекаватага чубка лесу.
— Досіць, не страляй. Я яго ўклаў, як зайца,— засмяяўся Камашыла.— Га-га, нават не спадзяваўся, што пацэлю. Гоп-цюп, чатэры бабы, восім дуп.
Читать дальше