Наваградак. 2З красавіка 1944 г. Гебітскамісар Бушман».
Міця адвёў вочы ад чорных тлустых літар. Доўга пазіраў на ружаваты брук, зацярушаны ў рыштоку каля тратуара сенам і сухім конскім памётам. Нарэшце падняў голаў і памалу пайшоў уздоўж белых мураванак, уяўляючы спаленае Верасава: на месцы хат чорныя пажарышчы, з якіх курыўся і смуродзіў сіні чадны дым, абгаранае прысаддзе каля вуліцы, недапалены шара-зялёны плот... Убачыўшы свой двор з дымным пажарышчам, з белай грубкай, што стаяла, як горкі помнік усяму, што тут жыло, існавала. Каля паграбка, упёршыся локцямі ў калена і паклаўшы на далонь шчаку, сядзеў задуманы бацька і цяжка глядзеў на белую грубку з чыгуннымі ружавата-чорнымі палопанымі ад агню дзверцамі, і плечы яго трасліся, як трасліся тады, калі закопвалі ашалелага каня.
Нечая пільная ўвага ачуціла Міцю ад цяжкіх, як непраглядная хмара, думак. Перад Міцем стаяла і цікавала на яго, схаваўшы пад чорнаю вуалькаю з белымі мушкамі свае вочы, знаёмая сваёй высокай статнай постаццю маладзіца. Міця доўга ўгадваў і нарэшце пазнаў па смеху. Паказваючы залатую каронку, пасмехвалася Чэсіна сястра Анця — паўнявая, памаладзелая з твару ці мо ад пудры, што лёгкім ружаватым пылком ляжала на шчоках, і ад чырвані напамаджаных губак. Яе адной рукою лёгенька трымаў нахмураны, у шарым даўгаполым плашчыку, дантыст, другою асцерагаў падпухлую шчаку.
— Дзень добры, жолнеж! — Анця адкінула з вачэй густую чорную вуальку ў белых мушках.
Міця аддаў «добры дзень» і паглядзеў ім за плечы, спадзеючыся ўбачыць яшчэ Чэсю.
— Яе няма,— дагадалася Анця, каго ён выцікоўвае.— Яна сёння на дзіжурстве,— і падала руку ў чорнай шоўкавай пальчатцы, лёгенька сціснула Міцевы пальцы: — А чаго ты такі смутны? У яго дык хоць вырвалі зуб. Сам дантыста, а баязлівы. Ну і крычаў, убачыўшы клешчы...
— Ешчэ як. О влос былэм ад сьмерці [22] — Яшчэ як. На валасок быў ад смерці (польск.).
,— засмяяўся, крывячы з аднаго боку падпухлы перакошаны рот дантыст.
— А ў мяне ці не бяда,— перабіў іхнія жарты і смех устрывожаны Міця, ківаючы галавою назад на шары, спярэшчаны абрыўкамі афішаў, цэмянтовы слуп.— Вунь паведамляюць, што спалілі наша Верасава.
— Я чула... Але, здаецца, хутары,— Анця, злосна патузаўшы, вызваліла руку, за якую трымаўся дантыст, і абцягнула на сабе шары ў дробную клетачку жакет з чорным аксамітавым каўняром.
— Вёска стаіць. Казакаў, здаецца, там раскватаравалі,— дантыст скасіў вочы на чорную шыльду з белымі літарамі: «Рамонт гадзіннікаў» і падняўся па цэмянтовых сходцах з жалезнымі фігурнымі поручнямі.— Пачакайце, я забягу сюды, мо нарэшце направяць майго «Паўла Бурэ»? — Ён вылушчыў з пярэдняй кішэнькі штаноў і, бліснуўшы перламутравым цыферблатам, паказаў круглы немалы, на срэбным ланцужку, гадзіннік з кружком чорных рымскіх лічбаў.
Калі белыя з выштукаванымі планкамі дзверы рыпнулі, схаваўшы дантыста, Анця, чамусьці спяшаючыся і нават з’ядаючы словы, загаварыла:
— Чэся прыедзе да цябе,— і па-польску ўжо: — На разе ешчэ не вем, а цось, еднак, хыба вымыслем [23] — Яшчэ не ведаю, але нешта прыдумаем (польск.).
.
— Што? — сцішыў голас Міця, яшчэ кепска дагадваючыся, пра што ідзе гутарка.
— Моген ці улатвіць спаткане [24] — Магу табе паспрыяць у спатканні (польск.).
.
— З кім? — Міця азірнуўся на двух казакаў, што прайшлі, ганарыста пабразгваючы шпорамі і злёгку прытрымліваючы пры боку шаблі.
— З Рыськем.
— Што за ён?
— Ці гэта так важна... Адным словам, ён паможа перайсці табе да польскіх партызантаў.
— Я чуў, яны нашых прывязваюць да дрэва ў мурашніку,— трохі здзекліва ўсміхнуўся Міця.
— Можа, і праўда. Не ведаю,— вуалька спаўзла з капялюшыка і закрыла Анціны вочы.— Але табе трэба берагчыся і ўцякаць адсюль.— I трасянула гэтаю чорнаю ў белых мушках вуалькаю.— Нема іннэй дрогі [25] — Няма іншай дарогі (польск.).
.
— Што чуваць у Дварчанах? — перапытаў у яе Міця, бачачы над каўнерыкам яе белую ў двух зморшчыках-кольцах шыю.
— Што?.. Арыштам няма канца. Немцы забралі Пясэцкага, сядзіць тут, у Наваградку.
— Можа, і добра зрабілі, што пасадзілі гэтую брыду,— Міця павярнуўся на грукат дзвярэй за спіною.
Да іх ужо з ганка збягаў, паказваючы тыльным бокам срэбра-бліскучы, добра пацёрты па кішэньках гадзіннік, а другою хапаючыся за балячую падпухлую шчаку.
— Добжэ... На разе та размова позастане мендзы намі [26] — Добра... Няхай спачатку размова застанецца між намі (польск.).
,— пад вуалькай бліснулі зеленаватыя Анціны вочы.
Читать дальше