Раздзімаючы злосныя ноздры, немец наводмаш — якраз праваю — рэзка секануў ёй па твары. Удар быў нязносны і балючы, але Хрысця, стрываўшы яго, яшчэ мацней ўпілася сваімі ногцямі ў жыліста-пруткую немцаву руку.
— Адыдзі, Хрысця, адыдзі! — хрыпеў Імполь: бялявы гарбаносы немец, сцягваючы і зграбаючы ў жменю сарочку, раз'юшана душыў і ціснуў яму кулаком пад горла.
I Хрысця ўбачыла, як, расшпіліўшы жоўтую кабуру і выцягнуўшы чорна-сіняваты рэвальвер, чырвоны, наліты злосцю немец размахнуўся і тоўста-шурпатаю рукаяткаю знянацку ўдарыў ёй па галаве.
Яна прыйшла да памяці ды ачуцілася ўжо тады, калі ляжала на раскіслай сцежцы каля чорнага пукатага кветніка ў вострых, як на жалезнай баране, зубках сіваватых цюльпанаў. Па ёй з усяго размаху білі чорныя боты. То з аднаго, то з другога боку. З жахам успомніўшы, што трэба берагчы жывот, асцерагаць сваё будучае дзіця, Хрысця сцялася, як магла скурчылася ў камяк. А чорныя боты знарок ці незнарок якраз і траплялі то ў крыж, то ў жывот. Болю з гарачкі, з бяспамяцтва, здаецца, не чула, чула толькі агіду і злую неадступную помсту. I брыдкасць, і ганьбу, што, кінуўшы, збіўшы яе на гразкую сцежку, нелітасціва месяць нагамі.
Божа, ніколі ж яе ніхто гэтак не біў, не здзекаваўся.
Раптам праз боль, адчай, брыдкасць Хрысця ўчула нестрывалы жаночы крык. У яе перасталі біць акутымі цяжкімі ботамі.
Расплюшчыўшы вочы, Хрысця ўбачыла, што каля немца стаяла і ў дрыготкай руцэ паказвала яму рабенькую з сіняватым кружком паперку чарнявая маладзіца — напэўна, збегала дахаты і, пакінуўшы там дзіця, прынясла грошы.
— Пан, я за іх заплачу. Во — пяць марак.
Немец, што трымаў загрудкі акрываўленага з разбітымі губамі і носам Імполя, нечакана павярнуўся да калодзеся, нахіліў вядро з вадою, лінуў сабе на рукі, абмыў іх і, выцершы хустачкай, узяў стракатую паперку.
Засоўваючы ў кабуру рэвальвер, да калодзеся падышоў і гэты, што таптаў і біў Хрысцю.
Учуўшы нарэшце, як ные на галаве гуз, як шчыміць і не дае дыхнуць ад болю правы бок, Хрысця паспрабавала ўстаць, але пахіснулася і ўпала зноў. Да яе падбегла і падхапіла пад пахі збялелая з ліловымі дрыготкімі губамі маладзіца.
— Яны кажуць, што вы за кватэру не плоціце.
— Як не плоцім? — ледзьве вымавіла Хрысця.— Грошы ўчора занясла.
— Хто ведае... Кажуць, што вы ў іх на падазрэнні, што вы знаецеся...— яна не дагаварыла: немец, пакруціўшы мокрымі рукамі, паказваў на мігі, што трэба прынясці ручнік.
Хрысця, баючыся, што ўпадзе, падышла да Імполя, і ён, нейкі зусім перапалоханы, бязвольны і нерухомы, у залітай крывёю палатнянай, без каўнерыка, з караткаватымі рукавамі сарочцы, шчыра, як малое дзіця, прыхінуўся да яе.
— Вэ-эк! — пырснуў вадою з нявыцертай рукі немец, паказваючы, што ім трэба разысціся.
Гэтакага — у адной сподняй сарочцы, акрываўленага, не даўшы нават спаласнуць твар, яны і пагналі яго паперадзе сябе.
Хрысця ступіла да веснікаў і ціха хапілася абедзвюма рукамі за іх.
Вярнуўся ён ужо надвячоркам, калі Хрысця корчылася ад пякельна-балючых схватак — у яе пачаліся заўчасныя роды.
— Што з табою было? — спытала яна, стоячы на коленках каля ложка, калі яе на міг адпусціў боль.
— Пратрымалі во ў падвале пад вакзалам.
— Не білі больш?
— Не... Але трэба нам, мусіць, уцякаць.
— Куды ўцякаць, калі я во радзіцьму.
— Што ты, рана яшчэ...
— Звергла ад гэтага катавання.
— Тады пабягу, хоць Місаніху прывяду,— ён спешна пачаў нацягваць на сябе кашулю.
Але яна і ўсміхаючыся, і адначасна крывячыся ад болю, запыніла яго:
— Нікуды не бяжы, будзь са мною.
I сціснуўшы белыя зубы, скрыгочучы імі, пачала падымацца на ложак.
Міця ішоў тратуарам, яшчэ, здаецца, не верачы сабе, што нарэшце не чуе напружана-рытмічнага, нацятага, што аддаецца звонам у галаве, тупату салдацкіх ног, чужога гарачага дыху ў сябе за спіною... I астатняй бяссоннай ночы: іх ганялі на пляц за казармаю.
Кругом быў ясны, зыркі ад сляпучага сонца і парны дзень. З далёкіх гародаў пахла падпаранаю зямлёю. На чорнай трубе з белымі ізалятарамі, што стаяла між шарых комінаў на чарапічным даху, свіргатліва, як у спалавелым леташнім тросніку каля азярца, цвірчэла невялікая зграбна-тоненькая пташачка. Загледзеўшыся на яе, Міця нават спыніўся і ўздыхнуў — успомнілася свая за садам завоінка, перасвіст пташак.
За белымі двухпавярховымі камяніцамі, што адбіралі вочы, жаўтлява-зялёным цветам абсыпаліся старыя кляны, толькі чарнелі, працягваючы голыя, вілаватыя галіны, тоўстыя гузавата-шурпатыя ясені.
Читать дальше