— Колькі? — Імполь прытупнуў па гулкай падлозе нязрушна-моцнымі шыпамі.
— Ці я ведаю? — засаромелася дзяўчына.
— Во сала ў мяне,— Імполь, адамкнуўшы фанерны куфэрак, дастаў пахучы ад кмену і каляндры апольчык сала, выкруціў яго з ліпкай паперы.— У дадатак солі дам.
— Ты там не прадзешаві! — прыкрыкнуў злосна Вайтовіч, нацягваючы на сваю нагу караткаваты і шырокі ў халяве нямецкі бот.
— Вой, даволі,— дзяўчына працягнула абедзве рукі да пахучага апольца.— Я і за палавіну яго аддам.
Шайпук уважна перабіраў выкладзеныя на падлогу з вайсковага рэчмяшка валёнкі, чаравікі і боты, беражліва таргаваўся з гэткім незгаворлівым, як і сам, наздраватым мужчынам, зарослым рэдзенькаю, даўно няголенаю шчацінаю, і найбольш, мусіць, прагадаў. Бо калі вярнуліся на станцыю, дзе рыхтаваўся да адпраўкі састаў, трапіўшы на вочы ўжо ўстрывожанаму немцу, што нават патрос пальцам, пэўна, зачакаўшыся іх, і пачалі яшчэ раз перабіраць свой набытак, раптам усе агледзелі, што Шайпук выменяў неаднакавую пару ботаў.
— Нічога, зносяцца,— суцяшаў яго Вайтовіч.— Балазе не на адну ногу.
— Недзе з забітага садраў,— Шайпук круціў, прыкладаючы адзін да аднаго падэшвамі, неаднакавага памеру боты.
— А што яму, садраў ды прадаў,— махнуў рукою Вайтовіч і павярнуўся да Імполя.— Пакажы ты сваё... Нябось угандляваў, га?
Імполь выцягнуў з мяха новыя нямецкія чаравікі, падношаныя боты і жоўтыя, на малую нагу, яшчэ адны чаравікі, што выменяла ў яго на соль і астатнюю палавінку апольца ўжо сама гаспадыня.
— Амараканскія, сказала,— пахваліўся Імполь.
— Выраб благі. Ваду прапускаюць,— перабіў яго радасць Вайтовіч.— Але баба зносіць.
— Для яе і ўзяў,— зной пахваліўся Імполь.
— Тады з цябе магарыч,— турзануў за рукаво Імполя і прыплюшчыў адно вока Шайпук.
— А што, і знойдзецца,— Імполь прыкленчыў каля нараў і з шоргатам выцягнуў свой фанерны куфэрак.
— Ну, малайчына ты,— Вайтовіч ужо трымаў нагатове самаробны кубак — кансервавую бляшанку з прывязанай драцяною ручкай.
Самагонка-пяршак ажно паліла ў грудзях. Задыхнуўшыся ад яе, Вайтовіч паляпаў далоняй па разяўленым роце і падаў кубак Шайпуку:
— Ого, панечку мой, чысты спірт.
— Спірт не спірт, а халера моцная,— абцёр губы Шайпук.
Імполь сваю долю і не паспеў выпіць. Нечакана нешта пранізліва завыла і цяжкім абвалам раз у раз страсянула поезд.
— Хлопцы, уцякайма з вагона, меціць у нас! — з крыкам Шайпук сігануў у адчыненыя дзверы.
I гэты крык нечакана абарваў яшчэ адзін, ужо самы блізкі выбух. У цемнаватым вагоне ясна-ружаватаю маланкаю палыхнуў недалёкі гарачы бляск, і адначасна з ім Імполь учуў над галавою кароткі сухі трэск. Потым па даху густа і палахліва, як па вечку труны, забарабаніў пясок, каменні, нешта яшчэ невядомае і цяжкае. Вагон калыхнуўся і скрыгатліва зарыпеў. Імполя кінула з гэтым нявыпітым кубкам на Вайтовіча. Вушы заклала абрыдлым, нудна-тоненькім звонам. Але праз яго Імполь учуў, як, натужліва падвываючы, у гэтай звінючай цішыні падымаўся ўгору самалёт.
У дзверы вагона нясло і смуродзіла сінявата-едкім дымам. Штосьці недалёка гарэла.
— Дзе той дурань? — Вайтовіч, не падымаючыся, на жываце падпоўз да дзвярэй і пачаў раптам спешна і з жахам пнуцца назад.
— Што там? — не ўцярпеў Імполь і, не выпускаючы з рукі самаробную бляшаную конаўку, забразгаў ёю, ірвануўшыся на коленках да дзвярэй.
— Не лезь, лепш не глядзі,— хапіў яго за плячо Вайтовіч.— На платформе вунь толькі крывавыя кускі мяса.
Імполь, варухнуўшы плячом, скінуў Вайтовічаву руку і з палахліва-трапяткім, дрыготкім адчуваннем самага страшнага, што магло прылучыцца, вызірнуў у пройму дзвярэй — блізкая ад вагона абсыпаная пяском платформа чырванела ад крыві, ад нейкіх жмутоў і кавалкаў, з якіх сцякала чырвона-рдзістая, падсвечаная нізкім вечаровым сонцам кроў. Далей ад платформы страхатліваю глыбаю, разарваўшы, уздыбіўшы рэйкі, цямнела ржава-гліністая яма. За ёй гарэў, суха і вясёла патрэскваючы, нізенькі дашчаны склад. З пасмоленага даху валіў шызавата-цёмны густы дым.
Што на платформе балюча чырванела, крывавілася нешта Шайпукова, здзіўлены, уражлівы Імполь зразумець, паверыць і ўсвядоміць ніяк яшчэ не мог і, адсунуўшыся ад дзвярэй да нараў, усё глядзеў у шчыліну і чамусьці цярпліва чакаў, што зараз у ёй пакажацца чырвоны, здароўчы, з залаціста-ржавай шчацінай твар Шайпука, але заміж яго мільганула пілотка чарнява-курносага немца, і спакойны, нават з усмешкай, твар усунуўся ў вагон.
Читать дальше