Імполь цяжка ўздыхнуў, дастаў з кішэні кісет з шапаткім, дробна нарэзаным самасадам, скруціў папяросу, прыкурыўшы і са смакам глытаючы дым, выйшаў на вуліцу, чамусьці падумаўшы, што зноў сустрэне Алесю. Раз думаеш, значыць, яна недзе блізка ці таксама думае пра цябе.
Каля мігатлівага да болю ў вачах шчыкетавага плота, на які аблягалі чорна-шыпаватыя разлапістыя грушы, Імполь прайшоў няроўнаю, з каламутнымі лужынамі пясчанаю вуліцаю, за белым атынкованым домам з дзвюма драўлянымі патрэсканымі калонамі, што падпіралі фігурны выштукаваны ганак, звярнуў на шырокі ў дзве пліткі тратуар і зняверыўся — пасярод ружаватага бруку вуліцы, цокаючы падковамі, ступаў буланы з белымі паскамі на стройных нагах знаёмы конь.
Няўжо Алесін? Той самы салдацкі конь, што хмыліўся, убачыўшы кабечую хустку, і кусаўся.
У грудзях нешта нядобра і балюча турзанулася — на возе, трымаючы лейцы, сядзела Алеся — зжоўклая, схуднелая ў твары — і да яе каптана туліўся ў з’еханай брыльком трохі набок велікаватай кепцы хлопчык.
Імполь не ведае і сам, чаму гэтак выйшла, пайшоў насустрач каню і схапіў яго за цуглі. Косячы падазрона сіняватым вокам і задзіраючы разяўленую, балюча падцятую цуглямі храпу, конь пудка здрыгануўся і стаў.
— Пусці! — прыўзняла голаў у махрыстай, той самай, у сінюю балонку, хустцы і разгневана крыкнула Алеся.— На зборны пункт пазнюся.
— Які зборны пункт?
— Пытае які... Нямецкі. Коней выбракоўваць будуць.
— Дай зірнуць на сына.
— Ці сын табе абыходзіць?..
Хлопчык, здагадваючыся, хто, пэўна, перад ім стаіць, сарамяжліва пасміхаўся, хаваў свой дробны рудаваты тварок за маміна рукаво.
Нечаканае шкадаванне, вінаватасць аблілі гарачым болем Імполева сэрца. Але і нейкае патаемнае шчасце падымалася спадыспаду душы — расце сын.
— Расказваюць тут пра верасаўскую бяду,— Імполь падняў проці ласкава-цёплага ветру свой твар.
Алеся паволі, заплюшчыўшы вочы і душачыся слязьмі, адвярнула голаў. Сінявата-бяскроўныя, моцна сцятыя губы яе крыўдна і балюча ўздрыгвалі.
— I пра бацьку чуў?..
Алесіны губы бязмоўна перакрывіліся яшчэ больш у пакутнай несцерпнай міне.
— Можа, чым трэба памагчы? — спытаў ён, ужо адымаючы ад цугляў руку і даючы свабоду нервова-чуйнаму каню.
— Пра помач ён гаворыць... Пастараніся. Но-о! — сутаргавы смех перакрывіў яе схуднелы жоўты твар, і яна махнула, нечакана свіснуўшы перад Імполем пугаю.
Турзануліся і пачалі з вострым ляскатам падскокваць на бруку лёгкія калёсы. У сутоках за белымі мураванкамі разбівалася крохкае рэха. Адступіўшы на крок да тратуара, Імполь слухаў гэты востры і лёгка прыгучы ляскат колаў, глядзеў, як тросся на возе і тужыўся і ўсё ніяк не мог азірнуцца сын.
Імполь заплюшчыў вочы, замёр ад шчымлівай, нязносна-балючай крыўды, чуючы пякучую вільгаць слёз у куточках вачэй.
Надвячоркам ужо, вярнуўшыся з чыгуначнай станцыі, дзе ён разам з Вайтовічам і яшчэ трыма местачкоўцамі заганяў па дошках у вагоны перапуджаных і баязлівых кароў, Імполь зморана прысеў на табурэт, нечакана прызнаўся Хрысці:
— Сына сённячы бачыў.
Хрысця, раптам папярхнуўшыся кашлем і задыхнуўшыся, адазвалася не адразу, цярпліва, з адчайным болем памарудзіла:
— Дзе гэта?
— На вуліцы стрэў Алесю з фурманкаю... Падрос хлопчык.
— I цябе прызнаў?
— Саромеўся... Мусіць, прызнаў.— I Імполь засмяяўся, бліснуўшы белымі роўнымі зубамі, і гэты смех Хрысці здаўся брыдкім і дурнаватым.
— Паедзеш у тую Воршу, так купіш яму што,— Хрысця падышла да кафельнай печы з жалезным слупком і дастала чыгунок з уваранай пахучай бабкай.
— У мяне і так ужо хаваецца для яго.
— Што? — гарачы чыгунок апёк Хрысціны рукі — яна з грукатам выпусціла яго на стол.
— Пінжачок вунь у шафе ляжыць. Глянь, на соль выменяў.
Хрысця выцерла рукі аб фартух, асцярожна, нібы баючыся, адчыніла рыпучыя дзверы ў шафе, знайшла там карычняваты ў чорныя балонкі пінжачок. Доўга, маўчучы, разглядала, маўчучы паклала назад. Маўчала і ўночы, старанілася, адводзіла шурпатыя Імполевы рукі, калі ён хацеў прыгарнуць яе да сябе. Толькі наранку, выйшаўшы з хаты і азірнуўшыся на акно з кружком ачышчанага поту, ён згледзеў у гэтым кружку яе заплаканы твар і руку, якою яна хрысціла яго, жадаючы шчаслівай дарогі.
Нешта ўжо добрае перавярнулася ў Імполевай душы да Хрысці, апала даўкая задуха, што мучыла ўсю ноч. Ён ведаў і дагадваўся, пра што з азызлай прыкрасцю маўчала яна, чаго не магла дараваць яму,— ён не адцураўся, не выракся і любіць сына і можа вярнуцца да яе, да Алесі.
Читать дальше