Старая, маргнуўшы, каб Алеся скоранька прынясла шапку, выправадзіла яго ўжо ў равок, і ён гэтым зялёным раўком пайшоў сам, унурыўшыся, апусціўшы вялыя рукі.
I калі яго сутулая, абсыпаная жоўтым пяском спіна пачала хавацца ў глыбокім раўку за вёскаю, у Алесі нечакана тупым болем зашчымела сэрца.
Яна стаяла, трымаючы за руку хлопчыка, і глядзела на сіняватую смугу голага алешніку — і гэты боль рос, горкім адчаем слязіў вочы. У мяккім смутку ўжо думалася, што стары Піня далёка не зойдзе.
— Во і выправадзілі,— засмяялася Алена, паказваючы чорную шчарбіну ў верхніх зубах.
Яна зноў уступілася ў старыя, цвёрдыя, зморшчаныя апоркі, падняла драўлянае вядро і, парыпваючы ім, пайшла да калодзеся.
— Хадзем, сынок, напоім дзедаву скаціну,— Алеся турзанула за тонкую ручку задуманага хлопчыка.
Падыходзячы да бацькавага гумна, Алеся першы раз, здаецца, учула, якая глухата, сцішнасць дыхнула на душу, які смутак абвеяў усю яе. I першы раз у жыцці адзінокія прыгорбленыя будынкі — гумно, пограб з пазелянелаю стрэшкаю, стары хлеў і знябожаная, паточаная шашалем хата — усё гэта здалося ёй адчужаным, далёкім, ніякавата пустым і да адчаю нямым. I Алеся наўзрыд заенчыла і загаласіла:
— А татачка-а-а!.. А любы мой!..
Хлопчык нервова затурзаў яе за руку і ад крыўды, шкадуючы маці, таксама заплакаў.
Нехта чуў гэты плач, спачуваў і думаў пра сваё гора.
Скінуўшы золкую, цяжкую вечнасць хмурых дажджоў, ясна і высока сінела чыстае неба. У выш да яго са старых, сівавата-замшэлых дуброў цягнуўся гонкі, абсыпаны дробным лісцем бярэзнік.
Падходжаным, кіславата-цёплым цестам пахла зямля, і па ёй ужо лёгка і шчымліва-радасна было ступаць босаю нагою.
На адзінокім. велічным і прасторным полі, раскалыхваючы на грывастых межах звінючы быльнік, захлістваўся густы вясновы вецер.
Глытаючы яго і чуючы радасна-аднастайны шум у вушах, за плугам ішоў унураны ў свае думкі араты. Босыя ногі адбіваліся чуткім следам на блізкім змалку і свежым халадку раллі. Забываючыся на кароткі міг пра вайну, смерць і пакуты, людзі, пасеяўшы авёс, выходзілі араць пад грэчку. Жывым трэба было жыць.
Зазеляніліся маладою травою лужкі, сыры зацішак лясоў і ялаўцовых кустоў быў белы ад ветраніцы. Адцвіў ружовымі непрыкметнымі ды мала каму знаёмымі кветачкамі, адкурыў жоўтым пылам ды адсыпаў на зямлю дрыготкі дождж расцягнутых таўкачыкаў шары гарэшнік. Каля рэчак, на аблізаным паводкаю і падсохлым пяску расплюшчваў ясныя жоўтыя кветкі нізкі, яшчэ бязлісты падбел.
I першыя, нядужыя яшчэ пчолы стомлена і зманліва падалі на махрыстыя кветкі.
Прыйшло зялёнае Юр’е, але яго ніхто ўжо не страчаў з пастуховай торбаю ды песняю пад вокнамі:
Прыслаў бог па пірог,
А гавечка — па ясчка.
А баран — па соль,
Што мы яго пасём.
Цярпліва, пакутна-сцішана чакалі канца вайны і гаманліва-вясёлыя некалі, разбуджаныя грукатам вазоў на бруку, расцяжна-п’янаю песняю фурмана, а цяпер непадступныя з бункерамі, з вартаю на крыжавых дарогах, затоеныя Дварчаны.
Перажыўшы фронт, параненыя немцы, што прыбывалі на папраўку ў вайсковы шпіталь, сцішком сядзелі за калючым дротам, зрэдзь вытыкаючыся на вуліцу. У мястэчку піла і шалела ў гульбе казацкая армія паходнага атамана Паўлава, і ўжо не ведалі ніякага супынку разбэшчаныя ронаўцы. Апранутыя ў старыя, зношана-абшарпаныя нямецкія шынялі, яны з каламутна-чырвонымі вачмі, узбуджаныя і нервовыя, шукалі па мястэчку спярша самагонку, потым ужо з п’янай ашалеласці і дзявок.
Нібы каламутная рэчка ў паводку, чыгунка ў Дварчаны прыносіла і розную іншую брыду; тут круціліся, як у затоне шумавінне, шукаючы прытулку, бежанкі з дзецьмі, адзінокія кабеты, свая і не свая распуста. З валачашчымі дзеўкамі ды маладзіцамі піла і круціла любошчы салдатня ронаўцаў і белаказакаў, цішком ды ўпотай, тоячыся ад сем’яў і знаёмых, падгульвалі дварчанскія паліцыянты.
Адны маўклівыя і ўпарта цягавітыя тодаўцы, найбольш сталыя, гадоў пад пяцьдзесят мужчыны ў белавата-шэрых ад цэменту камбінезонах, у чубатых з доўгімі брылямі шапках, акуратна, не спяшаючыся, адбудоўвалі спалены партызанамі тартак — залівалі выкапаны экскаватарам катлаван і ставілі на пустэльзе каля чыгуначных пуцей, дзе чарнеў высокі леташні быльнік, цёмна-зялёныя для гаспадарчай патрэбы шчытавыя і дашчаныя склады.
Пасля карных аблаў паліцыя з абознікамі прывозіла і ссыпала ў іх збожжа — яўрэйскія пустыя стопкі ды свірны былі малыя, як малыя былі ўжо хлявы для кароў, свіней і авечак — іх таксама зганялі сюды, у Дварчаны. Днямі прытурылі скаціну з Прылуцкіх хутароў.
Читать дальше