Яна закрыла вочы і зноў паплыла ў бясконцую і мяккую, як хмара, цемнату, ачуціўшыся ўжо ад таго, што нехта падымаў яе пад голаў і ліў у рот са збанка шчымліва халодную ваду.
— Алеся?..
— Я гэта, я,— азвалася Алеся і знямела ўжо сама, успомніўшы гумно, старую Мондрыху з Еўкай, той вечар, як яна во гэтаксама паіла іх са збанка,— атрутаю. «Пэўна, за гэта да бацькі прыкінуўся грэх, бо згарэў у гумне»,— падумала ў страхатлівай гарачцы яна і адступілася ад Рэпчыхі.
Алеся сядзела на парозе і безуважна пазірала, як б’ецца каля карытца з цестам рабенькая чубатая курыца, ганяючы іншых — маладых, танкашыіх, і старых — з касматымі, паабрастанымі пер’ем лапамі.
Каля прызбы ў пяску забаўляўся хлопчык: заганяў у «хлеў» — дзве загарадкі са шчытна забітых у зямлю калочкаў — «карову» і «каня» — два круглыя камяні; чырванаваты меншы — карова і большы, чорна-сіні,— конь.
Алеся глядзела з ласкаю на сына і думала, што ўсё страшнае, што прылучылася на верасаўскіх хутарах, магло прылучыцца ў самой вёсцы. I Алесі ўспомнілася неабгаранае дзіцятка, што ляжала пад мацерай як жывое, толькі язычок дзёснамі сціснуты. Учора на папялішчы гумно верасаўцы разбіралі, выкочвалі з чорнай горбы астанкі людзей — хто пазнаваў па прыкметах, а хто не пазнаваў сваіх. Па недагараным суконным каптане Алеся прызнала, што першым ад дзвярэй ляжаў, як і ўпіхнулі ў гумно, яе бацька.
Цяжка было даць веры, што скручаны, чорны, як корч у рэчцы, гэта труп чалавека, як проста не верылася, што адразу столькі і да агіднасці страшна можа згінуць людзей.
Абгараныя смуродныя косці выграблі з-пад пласта чорнага попелу і склалі ў адну скрынку. У адным шырокім доле, выкапаным пасярод каталіцкіх і праваслаўных могілак, і хавалі, паклікаўшы папа ды ксяндза, што па чарзе гаварылі жалобнае казанне, гэтую вялікую скрыню.
Гора было настолькі нябачанае ды нечуванае, што слёзы, плач, енк ды жалобнае галашэнне здаваліся ўжо нават здзекам.
I ўсе маўчалі, глытаючы цяжкія камякі жалю, і душыліся ад задухі, што гарачынёю падступала да сэрца.
Алеся, варочаючыся з могілак, ішла нібы сляпая, нічога не бачачы і дрыгатлівымі рукамі сціскаючы каля горла вялікую суконную хустку. Рабілася шкада не толькі тых, хто загінуў у агні, а тых, хто застаўся, хто паспеў уцячы з хутароў, каб жыць і ў вечнай пакуце ўспамінаць і бачыць перад вачмі абгараныя косці дзяцей ды жонак. Бо засталіся найбольш мужчыны, якія, прадчуваючы, што не мінецца без аблавы, сышлі з дому.
Будынкаў, акрамя Дабруковага гумна і Рэпкавай хаты, больш не палілі. Адно ператраслі, усё перавярнулі ў куфрах ды стопках, хватаючы што лепшае з адзежы і ладуючы нават з падушкамі на падагнаныя фурманкі.
Скаціну забіралі ўсю як ёсць. Не могучы злавіць, стралялі перапуджаных, паўцяканых з хлявоў авечак.
Назаўтра ў Верасава прыбегла мокрае, выкачанае ў гразь Дабруковае цялятка. Як яно адбілася ад грамады і дзе начавала — ніхто не ведаў. Яшчэ не адвучанае ад пойла, яно праз непрычыненыя весніцы прашылася на Алесін надворак і жалосна замыкала. Да часу Алеся і паставіла яго ў сваім хляве.
Бацькавага каня, прывязаўшы да свайго воза, прывёў дадому Язапат Змысла.
Цяпер, стаіўшыся на парозе, Алеся з гаркатою ды смуткам меркавала, што рабіць з дзвюма гаспадаркамі — сваёй і бацькавай, і як наказаць Змітрыку пра гэтую бяду, што ўчынілася на Прылуцкіх хутарах. Трывога брала і пра тое, дзе ён сам? Застаўся ў тых, абгароджаных калючым дротам казармах, што стаяць у маладым бярэзніку перад горадам, ці мо пагналі дзе на фронт?
Учора аб’явіўся ў Верасаве, прыехаўшы з фурманкаю, Жэнік Рэпка. Аб’явіўся белым днём, нават не асцерагаючыся, што можа наляцець на казакаў. Прыпыніўся перад Алесіным дваром, паспешліва пераскочыў цераз драбінкі воза і, папраўляючы на сабе скураны, мусіць, нямецкі рэмень, якім перапаясаў шарачковы пінжак, увайшоў у двор.
Усюды дападная Алесіна сучачка счула чужую фурманку яшчэ пад крыжам за вёскаю і на ўсялякае ліха, палахліва заскавытаўшы, шмыганула за хату.
Алеся толькі ўправілася падаіць карову і высунулася з хлява, трымаючы за доўгую ручку старэнькую, прыкрытую па звычцы ад чужога вока злінялым фартухом даёнку.
— Здарова была,— цвёрда і паспешліва павітаўся ён і прыляпнуў рукою па аўтамаце, што вісеў на грудзях.— Ты, кажууць, мацеру знайшла...
— Знайшла,— сказала Алеся, пазіраючы на фурманку, дзе ў палукашку, у саломе ляжаў нехта яшчэ.— Старая Дабручыха яе забрала.
Читать дальше