А потым ажно трое з вінтоўкамі падышлі да іхняга хутара. У хату ўсунуўся толькі адзін — двое стаялі напагатове абапал дзвярэй на надворку,— і дыхнуў перагарам ёй у твар: «Выходи-и!»
Да купкі перапалоханых кабет (мужчыны з хутароў уцяклі яшчэ ўчора, пасля той перадрагі, калі казак застрэліў Юзікаву дзяўчыну) яе, старую Рэпчыху, падагналі, мусіць, самай астатняй.
Перад дрыготкімі збялелымі хутаранскімі кабетамі стаяў высокі ў сівай каракулевай, трохі закінутай на патыліцу папасе чырванашчокі, як яна дагадалася, казацкі начальнік і малады бялявы ў скураных пальчатках і вітымі пагонамі нямецкі афіцэр.
— Бандытэн есть? — спытаў нямецкі афіцэр.
Рэпчыха, зразумеўшы, што дапытваюцца, мусіць, наконт таго, хто забіў казака, падышла бліжай да немца — ад яго атрутна, ажно забіваючы дух, пахла адэкалонам,— і цікавата, нават спакойна сказала:
— Я тут адна вінавата, пан германяц... Застрэльця мяне. Нашто ж усіх.
Нямецкі афіцэр, моршчачы злосна лоб, зірнуў лупаватымі вачмі на высокага казака і пачаў здымаць мяккія скураныя пальчаткі — яму, пэўна, зрабілася горача.
— Кто еще знает, где скрываются бандиты? — перакасілася тонкая дрыготкая губа ў казацкага афіцэра.
Жанчыны, сутаргавата ўздыхаючы і тулячы да сябе дзяцей, адступіліся далей. Іх, мусіць, спалохаў гэты нечака-ны крык.
— Я ж кажу, адна я вінавата,— Рэпчыха, абыходзячы рослага ў доўгім шынялі і сівай з чырвоным верхам папасе злога казака, падступалася да нямецкага афіцэра.
— Ты, старуха, постойка,— казак дужаю рукою хапіў Рэпчыху за плячо і адкінуў ад сябе.— С тобой разберемся.— I сцегануў плёткай сабе па халяве.— Долго думаете... Ну-у-у?!
На нечых руках з перапалоху заенчыла і заплакала дзіця. I, трацячы прытомнасць, збялелы ўвесь абсунуўся з жаночых рук хворы на тыф Дабрук.
— Тогда я прикажу всех вас сжечь... Все-е-ех! — затрос галавою і, заплюшчыўшы вочы, адвярнуўся казак.
— Кажу ж вам, я адна тутака вінавата,— Рэпчыха ўпала і на коленках папаўзла да яго ног.
I тут ёй нечакана, аж зазвінела ўсё ў галаве і пацямнела ў вачах, у голаў смальнуў, як вялізны камень, цяжкі акуты бот.
Там, на раскіслым лужку, дзе зелянілася нізкая першая трава, пачалі яе біць. Ботамі. Афіцэру, падскочыўшы, памагалі яшчэ двое маладых казакаў. Як яна вытрывала і не сканала там на сырым лужку, на маладой траве, ведае адзін толькі бог. Казак з немцам, здаецца, пачалі потым пра нешта распытваць, але яна ўжо нічагутка не чула. Чула толькі боль і шум у галаве. Ачуцілася, прыйшла да памяці, калі прывялі ў гумно.
Гэты шум вірыў у галаве і цяпер. Адчуваючы, што страціць прытомнасць, што яе могуць убачыць, на голай сіваватай ад моху ялавінцы, Рэпчыха з астатніх сіл, падпіхваючыся нагою, марудна на боку падсоўвалася да высокага і вастраверхага, як верацяно, ялаўцовага куста. На яе дыхнула густым пахам сырога моху, гаркаватымі ялаўцамі, і яна, учуўшы радасць выратавання, адкінулася на спіну і паплыла зноў у чорную прорву...
Прыйшла да памяці яна ўжо шараватым вечарам, убачыўшы спачатку на сінім небе вышай ружаватай, трохі блеклай паласы ясную палавінку маладзіка, а над ім і трохі збоку дзве зоркі: адну чырванаватую, дробную, другую — большую і зырка-калючую, а потым учула ўжо і голас.
— А я думала, што ўжо і не даклічуся вас, што вы памерлі ўжо.
Гаварыла Алеся. Толькі цяпер, павярнуўшы трохі голаў, Рэпчыха ўбачыла апухлы ад плачу і акружаны бела-сіняй клятчатай хусткай Алесін твар. Яго абліло рэдкай чырванню нізкае вечаровае сонца. I Алесіны слёзы на шчоках таксама рдзелі, пераліваліся чырванню, выдаваючы кроплямі крыві.
— Я знайшла вас па следу. Ён увесь у крыві... Спадзявалася, што гэта бацька.
— Ён...— Рэпчыха хацела сказаць: там, у гумне, але ўчула, што не можа паварушыць языком,— скамянела ўся пашчэнка і баліць, ные нясцерпным болем косць недзе далей, на патыліцы.
— А божачка мілы,— Алеся здрыганулася ад свае страшнае здагадкі, што бацька там, у гумне, у купе прысыпаных чорным пластом попелу абгарэлых трупаў.— Вы толькі адна вырваліся з гумна... А людзі яшчэ і цяпер баяцца падысці да пажарышча. Людзі адцураліся ды выракліся ўжо самыя сябе.
— Смажыць мяне, смажыць,— зяхнула толькі ротам, але не вымавіла гэтага старая Рэпчыха.
Але Алеся дагадалася:
— Я зараз збегаю. Прынясу вады і акрыцца чым, бо скалееце за ноч. Вунь які страшны ў вас твар. I распух. Мусіць, разрыўная куля папала, ці што.
Рэпчыха, пазіраючы на месяц, што калыхнуўся пад калючай зоркай, чула, як тупка аддаляліся Алесіны крокі на вузкай сцежцы, што, абягаючы ялаўцовыя кусты, вілася поруч з дарогай.
Читать дальше