«Няўжо гэтыя зялёна-лупатыя жабы, якіх ты гадзішся і да якіх чуеш непрыязнь, лепшыя за чалавека?» — думаў Корсак, пазіраючы на сіняватае шкло вады, якое ламалі і ўскалыхвалі няспешна-лянівыя кругі хваляў.
Расцяжна-глухаваты, далёкі стрэл неспадзявана разарваў Корсакавыя думкі — Корсак азірнуўся. На задняй падводзе з-за каня, што цяжкім капытом дзёўб пясок, вызірнула чорна-пляскатая кепка.
— Людзей там страляюць, ці што? — перакрывілася і адвісла ніжняя губа ў Язапата Змыслы.
— Можа й, так,— сцяўся Корсак.
— Не, пэўна, страшаць,— учуўшы мужчынскую гутарку з пярэдняга воза адазваўся Бронік Літавар.— Кажуць, што арыштавалі старую Рэпчыху.
— Яна ж то пры чым, што сынок удаўся,— сказаў і схаваўся за каня Язапат Змысла.
Нешта жудаснае і балючае кальнула Корсаку ў сэрца — ці намякае і пра Змітрыка. Душа аблілася гарачаю крыўдаю: колькі ўжо начэй і сам не спіць, думаючы пра сына. Даўкі камяк падступіў пад горла — што будзе на свеце, ці вернецца жывы ды здаровы дадому Змітрык? Каб з Наваградка не павязлі на фронт?
— Бацькі ці вінаватыя, што вырабляюць дзеці? Я во сам быў на фронце...— гаварыў Літавар з пярэдняга воза.
— Быў,— аказаўся Змысла...— Але нашто было чапаць казака?..
— А ён? Дзіця рашыў. Няўжо дараваць?..
— Цяпер во ўбачыш, чым абыдзецца ўсё гэта.
Корсак маўчаў. У душы пераварочвалася, кіпела нешта страшнае — няўжо і яго Змітрык недзе там, у чужой старане, дзе чалавек не вельмі тоіцца сваіх грахоў ды ўчынкаў, страляе таксама людзей. Няўжо?.. Няхай крые і адносіць бог!
Фурманкі ўцягнуліся ў смолкі распараны хвойнік з высокімі ялаўцамі, што падступалі да самай дарогі, шоргаючы пруткаватымі калюча-мяккімі лапкамі па восях вазоў і набіраючыся чорна-тлустай каламазі.
На калюча-сухаватай, загнутай хвосцікам верхавінцы высокага ялаўцовага куста пагойдвалася і пацмоквала, пэўна, выгнаная ляскатам калёс са свайго гнязда, перапуджаная карычнева-стракатая пташачка.
Корсак, не бачачы яе, па расцяжным з прыцмокваннем, што паўтараўся па тройчы, чыркаце дагадаўся — янчык. Ён заўсёды вядзецца ў ялаўцах, і яго заўсёды ў звітым з сухой травы гняздзечку шэсць галубенькіх яечак.
«Няўжо самая шчаслівая на свеце істота — яна, пташка?» — Корсак прыслухаўся да далёкага ўжо недзе на другім кусце, куды пераляцеў растрывожаны янчык, пацмоквання і ўспомніў, як днямі ў садку пры завоінцы каршун задраў яго белую, самую нясушчую курыцу: як няма літасці і дабра між пташак, так няма дабра, згоды і павагі між людзей. Няма! Бо няма ўжо нічога святога ў чалавечай душы. Нейкі злы д’ябал, раздзіраючы душу і пад’юшчваючы, змушае чалавека чыніць і тварыць усё злое і грэшнае. Помсціць за сваю крыўду невінаватым. Піць і гвалціць, каб знайсці сабе ўцеху і наталіць сваю прагнасць. Катаваць, калечыць, каб ужо нават з гэтага мець сабе слодыч. Страшную, звярыную слодыч.
Калі ж чалавек пераменіцца? Няўжо было так спакон веку і так застанецца?
Фурманкі, парыпваючы на жоўтым, перасеяным ветрам пяску, што паводкаю падступаў да дарогі, выплывалі з мяккага шуму раскалыханых ялаўцоў і хвойнікаў на звінючы ў вушах палявы скразняк. I праз тугі шум ветру Корсак учуў ужо далёкія чалавечыя галасы — плач дзяцей, трывожна-адчайны крык і галашэнне жанчын.
Каля першага, недалёкага ад фурманак хутара на цёмных конях уздоўж тлуста-льсністай руні, загароджваючы дарогу, грацавала пяць конных казакоў. Адзін з іх, зняўшы кубанку, махнуў ёю, мусіць, даваў знак спыніцца верасаўскаму абозу.
— Ну, чаго он там паникует? — каля Корсака, секучы круглаю нагайкаю каня і пакідаючы пасля кожнага ўдару ўздыбленую шэрсць, да хутара рвануўся скуласты, шырокі ў твары казак з чорнаю шабляю.
— Погоди маленько,— абярнуўся да абознікаў і крыкнуў асіплым голасам другі, хударлявы, на лысым і беланогім кані.
— Ты-р-р! — фурманы лейцамі асаджвалі, прыпынялі сваіх марудных, няспешных коней.
— Што там? — Корсак выцягнуў ногі з драбінак і, узяўшыся за ручку, скочыў з воза на дробна-ружаваты, вытачаны з зямлі спарышнік.
— Людзей, мусіць, зганяюць у гумно,— азіраючыся на коннага казака, ціхавата адклікнуўся Бронік Літавар.
— Няўжо будзе, як у Лезнявічах было? — папаляць людзей? — Корсак, учуўшы нечаканы холад у душы, папускаў у руках лейцы.
— Глядзі, што так,— злавіў з воза ўстрывожаны і Язапат Змысла.— Цяперака і ў ясную пагоду пярун стрэліць.
— Чым жа ж людзі вінаватыя? Чым?! Няўжо бога няма? — Корсак затрос сырамятнымі адшліфаванымі да бляску ляйчынамі.— Мужчыны, трэба ратаваць людзей! Трэба сказаць гэтым нехрысцям, што людзі ж невінаватыя. Трэба хоць шукаць немца — ён разбярэцца.
Читать дальше