Укінуўшы адсечаную з незакрытымі сінімі вачмі голаў у мех, а труп прывязаўшы да гужоў, Жэнік Рэпка разам з двума незнаёмымі партызанамі канём зацягнуў яго ў блізкі хваёвы лясок, там, дзе звыкла верасаўцы хавалі здохлых кароў ды коней, і наспех прысыпаў пяском ды мохам.
На трэці дзень над маладым ружавата-зялёным хвойнікам закружыліся, зляцеўшыся з усіх старон і ўчуўшы труп, чорныя крумкачы. Чуючы ў сіняватай сляпучай вышыні панурае крумканне і бачачы чорныя сілуэты з распасцёртымі крыллямі, хутаранскія бабы хрысціліся і ўсплясквалі рукамі: «Ой, гэтыя крумкачы на нешта ліхое ўкажуць». Мужчыны, каб не чуць страшнае жаночае прароцтва, угіналі голаў і ціха адыходзіліся, падмахваючы сабе доўгімі, гаротна апушчанымі рукамі.
Корсак адчыніў стопку, задыхнуўшыся ад кіславата-віннага паху хлеба — цёмна-карычневыя прадаўгаватыя боханы ляжалі на падвязанай дротам да бэлькі дашчанай палічцы,— і ступіў у настылы поцемак.
За карак зацерушылася нешта казытліва-шапаткое. Падняўшы балячую ў плячы правую руку і мацаючы ёю за каўняром, пальцамі ўчуў слізкія, калюча-перацёртыя зярняткі і дагадаўся: з падвешанага вяроўкаю да бэлькі палатнянага мяха з аўсом, з праетай дзіркі, жывым раўчуком на гліняны ток плыў, сачыўся паточаны пацукамі авёс. Пад нагамі шапацела слізкая пацяруха.
Ад пацукоў, нібы на якую ліхую бяду, не было ратунку. Яны развяліся кругом: і ў стопцы, і ў гумне, і ў хлеўчуку, а ў нядаўнія марозы цэлым кодлам ляжалі і грэліся на карове, абгрызаючы ён нават загрывак.
«Фу, брыда!» — каб абвыкнуць да поцемку, Корсак заплюшчыў вочы, а калі адкрыў іх, то ўбачыў, як па сцяне ў пазе між дзеравін, спусціўшы хвішчавата-голы хвост, марудна поўз сыты і доўгі, як панчоха, сівы пацук. Корсак павярнуўся кругом сябе і, згледзеўшы пруток ад даўнейшых нічальніц, што стаяў пры вушаку, схапіў яго ў руку і ляснуў ім па сцяне, не мяркуючы, што пацэліць у пацука, але той няждана ляпнуўся на накрыўку кубельца, што стаяў тут пры сцяне, і задрыгаў бела-дзяркатымі лапкамі.
«Каб ты выдах, яшчэ і трапечацца». I Корсак яшчэ раз пацягнуў прутком па мяккім пацуку і, узяўшы яго за халодны ружаваты хвост, панёс са стопкі на двор, шукаючы, дзе будзе той гультаяваты кот, які іх зусім не ловіць і наўрад ці есць.
Прайшоў надворкам і, нідзе не згледзеўшы ката, шпурнуў, размахнуўшы за гэты доўгі хвост, пацука за прыбіральню на сметнік, ганяючы адтуль варону, што хрыпата закаркала, перасеўшы на страху гумна і склікаючы, пэўна, іншых.
Нечаканы тупат коней на вуліцы прыпыніў Корсака каля самага парога — Корсак азірнуўся: у адчыненыя веснікі ўехаў конны вусаты казак у чорнай, пахіленай на адно вуха кубанцы.
Рыжаваты, з нагнанай дыхавіцай конь, скрыгатліва грукаючы падковамі па няроўным бруку, шырокімі персямі наблізіўся да Корсака і цяжка дыхнуў вільготнай парай з глыбокіх чорных ноздраў.
— Лошадь имеется? — казак махнуў караткаватаю, вітаю ў некалькі столак, цемнавата-шараю і круглаю, нібы гадзюка, плёткаю.
— Я ж казаў, ёсьцека ў гэтым двары конь,— Корсак учуў глухаваты, нібы патайны голас Броніка Літавара.
— А табе што да чужых коней? — Корсак насупіў бровы, вызіраючы туды, на вуліцу, і ўбачыўшы асарамачанага, чырвонага ў твары, што гнуўся каля плота, папраўляючы кепку, нібы закрываючыся ёю, Броніка Літавара і яшчэ аднаго, рабога, таўстагубага казака на буланым недагледжана-здыхляватым кані.
— Гэты ж тыдзень я за старасту,— схаваўся за коннага казака Бронік Літавар.
— Быў, здаецца ж, і я, але да цябе ніякай брыды не прыводзіў.
— Ты, старый хрыч, вот что,— заварушыў тоўстымі, вывернутымі і патрэсканымі губамі той самы рабаваты казак, што спыніўся на вуліцы.— Седлай коня!
— Як сядлаць? — развёў рукамі Корсак.
— Запрагайце, дзядзька Улас,— падказаў Бронік Літавар.— На хутары Прылуцкія едзем.
— И крепко запомні,— зварочваючы каня на вуліцу, адазваўся гэты, што быў на надворку, і, хрыпата адкашляўшыся, грозна прыстрашыў: — Запрагай шибко, а то бить буду.
— Біць ды катаваць людзей вы здатныя, ого.
— Ты чегой-то толмачишь, старый хрыч? — прыпыніўся і прыляснуў сябе па халяве плёткаю вусаты казак.— Собирайся, да живо! Не неволь, а то возьму ды взаправду череп проломаю.
... Пад Ваўчкову хату, дзе збілася фурманак дзесяць, Улас Корсак пад’ехаў астатнім. У душы яшчэ ўсё кіпела, пераварочвалася злосць за знявагу ды ганьбу, за гэтае лютае падстрашванне на казака з апушчанымі рыжавата-падпаленымі вусамі, што ўсё свянціўся, падмахваў сабе шара-чорнаю, круглаю плёткаю з пляскатаю, як у гадзюкі, галавою.
Читать дальше