Казак, шоргаючы аб леташнюю чараду ботамі, блізіўся да яго і, нечакана працягнуўшы руку, прыжмурваючы адно вока, лісліва зацягнуў:
— Милушка, не бойся, иди сюда.
— Што вы, адчапецеся,— уздрыгнула і замахала локцямі, як падбітая пташка крыллямі, збялелая дзяўчынка.
— Не вздумай тикать,— казак зачапіўся за купіну і падняў з вачэй сівую з сінім верхам кубанку.— Видишь винтовку — убью.
— Вой, дзядзечка, не чапай мяне! — з плачом заенчыла і замільгала ружаватымі босымі нагамі на другі бок азярца перапуджаная дзяўчынка. На плячах у яе толькі запузырылася і затрапятала ражком выцвілая лёгка-паркалёвая хустка.
— Ішшо чего,— знявераны казак прыляпнуў рукою па гладкім прыкладзе вінтоўкі і марудна пераступіў высокую з пучком леташняй цыбулі рудую купіну.— Этак и убежит, гадина.— I азірнуўся на напарніка, што спакойна сядзеў на мокрым, што льсніўся да поту, чорным кані: — Не давай уйтить, Гаврилыч!
— Ай дурак, ты Тереня, ай дурак,— засмяяўся ў адказ Гаўрылыч, скоса паглядаючы цераз вуглаватае плячо свае буркі на блізкі хутар: адтуль, мінуўшы прысадзістае з аб’еханай страхою гумно, наўскос па карычневай раллі, што пырснула рэдзенькімі ўсходамі ружаватага аўса, бегла праставалосая маладзіца. У руцэ ў яе бліскаў вастраваты, абслізганы да пякучага халоднага бляску стары капач. Яна крыкнула здалёк, захлынуўшыся стрэчным ветрам:
— Адступіся ад дзіцяці, людарэз!
— Вона еще одна, ух шустрая какая,— паварушыў шырокімі плячмі варсістай буркі той, што быў на кані, ужо немалады, з ружаватай, мусіць, алергічнай чырванню на лобе.— Уж эту я не обойду милостью. Эта уж моя,— і, калоцячы локцем, ён затурзаў за повад, падагнаў насустрач раз’ятранай, безпамятнай кабеце свайго каня, загарадзіў дарогу.
— Адыдзі, злыдзень! — яна махнула капачом перад ашчэранаю, з вялікімі жоўтымі зубамі канёваю храпаю.
— Ма-ма-чка-а, сцеражыся, яны з руж’ямі! — крыкнула з-за сіняга азерца дзяўчына, пазіраючы, як з каня злазіць той, яшчэ страшнейшы, вусаты, у чорнай варсістай бурцы.
— Двух смерцяў не бывае. Але няхай ужо крые бог, каб гэта рабілася на вачах у мацеры,— яна занясла над галавою капач — страшная, з брыдкай мінай адчаю на твары, і ўпарта, бяспамятна пайшла на вусатага ў шырокіх, запраўленых у боты шараварах, што ўжо скінуў бурку, застаўшыся ў цёмна-сіняй гімнасцёрцы, падперазанай вузенькай, з меднымі наклёпкамі папружкай.
— Ма-ма-чка-а! — заенчыла з-за азерца дзяўча, бачачы, што зараз мае быць нешта страшнае,— уцякай ты ад яго. Ма-ма-чка, уця-ка-й-й!
— Брешешь, не уйдешь, и ты, гадюка! — раз’ятрана трасучы кулаком і падмахваючы сабе карабінам, расчырванелы і задыханы маладзейшы казак абягаў азярцо.
— Злыдзень, злыдух, не зловіш ты мяне,— зларадліва і адчайна закрычала дзяўча.— Партызанам вось скажу!
I, выбегшы з лужка на поле, пачала гразнуць у карычневай васпавата-мяккай, падзёўбанай дажджом раллі, на якой востра-ліловаю шчоткай угледзіўся ўжо порсткі авёс.
— Стой! — крыкнуў малады даўгашыі казак, раздзімаючы чорныя злыя ноздры.
— Не пацэліш, не! — адазвалася яна і нават са смехам.
Казак, падкусваючы ад злосці губу, ускінуў карабін, прыкленчыў і турзануўся ад вострага з кароткім ляскам стрэлу.
Нізкі стрэл, што тройчы рэхам аддаўся ў лагчынцы за Прылуцкімі хутарамі, дагнаў дзяўчыну якраз на сцежцы — палявой дарозе, што адлучалася з шырокага гасцінца на хутар з трыма будынкамі — доўгім замшэлым гумном, хлеўчыкам і хатай, перакрытай новым, яшчэ непацямнелым з восені акалотам.
Дзяўчына, як ад жаху, узмахнула рукамі і паляцела плячмі назад — на шарую кудзелістую траву, праз якую ўжо тачылася маладая, і моцна, захлынаючыся крывёю, застагнала, не ўчуўшы ўжо, мусіць, сванго астатняга стогну.
Барабанячы па тонкіх каленях падвязанай качалкай, з перапуду гэльцнула старая авечка, і ўслед за ёю пудка панясліся астатнія.
Карова, падняўшы цяжкую голаў, вялікімі сіняватымі вачмі з дзівам глядзела, як распаўзаўся, спуджаны стрэлам, чорны клубок, што віўся на пухкай, падзёўбанай дажджом раллі,— там, распараны, разамрэлы да чырвані немалады казак у шырокіх, запраўленых у жоўтыя юхтавыя боты шараварах ніяк не мог адужаць пруткай у руках, шустрай маладзіцы, хітра кінуўшы на яе бурку і падножкай падкасіўшы на раллю.
Ён першы і падхапіўся, устрывожаны гэтым тупавата-кароткім стрэлам і першы дабег да чорнага няскладнага каня, што адарваў ад паўмежка голаў і чуйна стрыг вушмі. Кінуўшы на локаць шырокую бурку, злавіў нагою пабітае ржою стрэмя, што калыхалася пад бокам у каня, і ўспоўз на сядло.
Читать дальше