Пад несціханае парыпванне ложкаў, свіст насоў, удушлівы прастудны кашаль, хрусткі скрыгат зубоў, мармытанне, пацмокванне ў сне і нечы ў далёкім кутку пералівісты храп Міця доўга не мог заснуць. Думалася то пра агідную Камашылаву просьбу быць у яго за нейкага падказчыка, выведніка ці паслугача, то пра адзінокага бацьку, то нечакана пра тую крыўду, што так і не зажыла да гэтай пары, калі бацька да смерці зняважыў Міцю, нечакана секануўшы яго нейкім пугаўём па галаве,— тады Міця ў жніво, у самую падхватную работу перад світаннем вярнуўся з вечарынкі дадому, то ўжо са шчымлівай радасцю і нечаканай трывогай зноў пра яе, пра Чэсю: ці не арыштавалі яе? Да Грабянкаў, як ведаюць усе Дварчаны, нават з Варшавы прыходзілі сувязныя. Кажуць, нейкі «Рысь».
— Хі-хі-хі,— раптам нехта здушана і не ўтрываўшы зарагатаў над Міцевым ложкам.— Чуеш?
— Што! — перарваўшы нітку сваіх думак, Міця ўзняўся на локцях, прыслухаўся да залівістага, з прысвістам далёкага храпу.— Грае, як арган.
— Ды не... Сюды глянь,— затхла дыхнуў на Міцю бялявы і цыбата-сутулы хлопец, засланяючы слабенькую, ледзьве жывую пад столлю лямпачку.— Бачыш, укрыўся коцам і дрочыць сябе, аж ложак калоціцца. I так кожны вечар. Я яго, падлу, зараз правучу...
Адною рукою падцягваючы шырокія ў паясніцы кальсоны, другую выцягнуўшы наперад, цыбаты хлопец перагнуўся цераз свой ложак і на суседнім, што стаяў упрытык і дзе ўздрыгвалі накрытыя злінялым коцам вострыя калені, ірвануў на сябе гэты злінялы коц.
— Гы-гы-гы! — зарагатаў ён, паказваючы на раскрытага вуграватага салдата.— Дрочыцца во, хлопцы.
— Глядзі, каб часам з табою чаго не зрабіў.
— Праўда? Няўжо?
— Нагледзеўся на дзеўку.
— Ды жанаты ён,— паднімаліся, глядзелі сюды і крычалі з усіх старон салдаты.
— Што такое, Падліпскі? — падхапіўся нарэшце і злосна вызверыўся на цыбатага хлопца, што стаяў каля свайго ложка, трымаючы злінялы коц, злосна-пазелянелы Камашыла.
— Во дрочыцца.
— Што пляцеш. Чаму ўсе не спяць? — Камашыла, не апранаючыся, у шарых трыкатовых падштаніках, што абцягвалі яго тоўстыя крываватыя ногі, выбег на сярэдзіну казармы, крыкнуў, аж перасеў яго голас: — Узвод, устаць!
Рыпнуўшы ложкамі, шэсцьдзесят салдат у міг вока падскочылі і прыліплі босымі нагамі да настылай цэментнай падлогі.
— Сесць! — крыкнуў і зверавата азірнуўся Камашыла.
Усе прыселі, паклаўшы рукі на калені.
— На дупу сесць! На дупу!..
Салдаты мяшкамі аб’ехалі на цэментную падлогу. Міця ўчуў настылы холад цэменту і агідную нянавісць да Камашылы.
— Устаць!
Гэтая нянавісць і падняла Міцю.
— На дупу сесць!
— Устаць!..— роў, што было моцы, Камашыла, узяўшыся ў бокі і падышоўшы сюды, дзе падымаўся і садзіўся Міця. I нават паказаў яму стаяць, але Міця, нібы не змеціўшы Камашылавага падморгвання, падаў і ўставаў разам з усімі. Чуў, як пад каленямі баляць, ажно гудуць з непрывычкі стомленыя ногі.
Нездароўчы, задыханы і збялелы Камашыла змогся нават ад свайго хрыплаватага крыку. Чарнатою разяўленага рота выдыхнуў:
— Ну, быдла, я вышкалю, я прывучу вас да вайсковага парадку!
Употай ды няўзнак ад іншых, паклікаўшы Міцю ў туалет і цэдзячы з сябе доўга і з уздрыгваннем, пачаў дакараць.
— Ты дарма... Я ж міргнуў, мог і не выконваць мае каманды.
— Ну як жа ж я адзін буду стаяць як слуп.
— Гэта і праўда,— ажывіўся ён і перабраў пальцамі гузікі.— Так, пэўна, лепш. Не трэба паказваць перад іншымі, хто мы. А гэтае быдла трэба добра школіць. Бачыш, нават у канаўку зрабіць што трэба не могуць, цураць во пад ногі,— шырокім натужлівым крокам ён пераступіў едка-смуродную лужыну на жоўтай кафельнай падлозе і выйшаў з мураванага, з аконцамі і камінкамі, чыстага пабеленага туалета.
У гэты час раптоўнаю маланкаю палыхнула высокае вогнішча, і, счакаўшы, сюды дакаціўся і грымнуў тупаватым ляскатам далёкі ўзрыў.
I нібы папхнуў у плечы Камашылу — той пакаўзнуўся на сцежцы:
— О, падлюкі, грымнулі, аж...
— Ды вунь у прадмесці,— Міця махнуў рукою на залацістае полымя, што шугала між доўгіх будынкаў, і ад якога поўз угору вялы, падсвечаны чырванню, дым.
— I пад носам у казачкоў,— задзёр голаў і паглядзеў на гэты пажар Камашыла.— Ці не нафтабаза?.. Зараз трывога будзе. Прапала наша ноч.
I праўда, на шапаткі, усыпаны жвірам двор з глухога з зацемненымі вокнамі будынка казармы выскоквалі салдаты.
— Прыспешым крок,— Камашыла першым ірвануўся туды, да цёмна-вірлівай купы людзей.
За ім пабег і Міця, удыхаючы на поўныя грудзі свежы вецер, што пах полем, раскіслаю зямлёю, блізкасцю зялёнай вясны.
Читать дальше