I да гэтай злосці дамешвалася нешта яшчэ ненавісна-агіднае, як да таго доўгага, нібы панчоха, з ружавата-голым хвастом пацука, якога ён шпурнуў на сметнік.
— Ты, сударик, сюда, поближе подьезжай,— зноў востра зіркнуў на Корсака той самы чарнабровы з падкуранымі рыжаватымі вусамі казак, таксама не забыўшыся пра сваю нядаўнюю злосць.
Каб не зачапіцца воссю за вялікі сіва-замшэлы камень, што ляжаў каля бэзу, які набрыняў почкамі, Корсак аб’ехаў колькі фурманак і стаў каля другога воза, не вытыкаючыся наперад.
— Дзеля чаго ж нас сагналі? — кінуў вокам на апануранага, што нібы драмаў, угнуўшы голаў і трымаючыся абедзвюма рукамі за вяроўку, якою была падпяразана яго шарая, паточаная моллю гаматная сярмяга, Язапата Змыслага.
— Ці не знаеш? — не падняў галавы Язапат Змысла, смокчучы пляската-расслінены канчар папяросы.— Пажыткі будзем звозіць, дабро людское. У Прылукі едзем. Ці не спаляць іх.
— За што гэта?
— За забітага казака помсцяць. Глядзі, каб і нас з дымам не пусцілі.
— Што ты кажаш?
— Кажу?..— Змысла сплюнуў недакураны канчар.— Ці сам не дагадваешся?
Але гутарку перарваў сіпаваты крык вусатага:
— От-ста-вить разговорчики! Трогай за мной!
Зарыпелі хамуты, кручаныя сырамятныя гужы, што пахлі свежым дзёгцем, заляскалі, перавальваючыся і трапіўшы скрыгатліваю, ажно шэрхла скура, шынаю на камень, пустыя вазы з торбамі аўса, на якіх сядзелі, спусціўшы праз драбінкі ногі, маўкліва-пакорныя фурманы.
Корсак ехаў другім за Бронікам Літаварам. Убачыўшы за раз’еханым частаколам у Ваўчковым гародчыку каля прызбы малых дзяцей, што капашыліся, як куры, у прыгрэтым пяску, сцішна і ніякавата падтуліў плечы, угнуў голаў. Чорная хмара засланіла свет — на вочы навярнуліся гарачыя слёзы: успомніўся новы, пастаўлены перад вёскаю крыж, на якім вешалі Ваўчка, яго Вольга, што, распусціўшы валасы, бяспамятная і адрошаная поўзала каля гэтага крыжа...
Падбіўшы пераломаны з тлуставатаю плямаю, дзе трэба брацца пальцамі, брыль выцвілай кепкі, Корсак азірнуўся на маўкліва-цёмныя з радужным адлівам вокны Ваўчковай хаты, на маладую гонкую грабінку, што высока паднялася над ражнамі частаколу і выпускала скурчанае, нібы абвітае сівым павучыннем лісце.
«Няўжо ўсё будзе расці, красаваць і пасля нашай смерці? — Корсак машынальна турзануў лейчыну, выкіроўваючы каня на папярочную вуліцу, што з жоўта-разбітага, пясчанага касагору спаўзала да мігатліва-сляпучай, у асколках разбітага сонца рэчкі пад старыя, тоўстадуплявыя ў камлях, пахілыя вербы.— I кожнае вясны будзе першаю зелянець пад плотам цыліндра; як зелянее цяпер? Няўжо ўсё паўторыцца нанова? I няўжо гэтаксама чалавек будзе катаваць чалавека, як катуе цяпер?»
Ад вады трапяткое мігатлівае сонца біла Корсаку ў вочы, лезла пад насунены на вочы брыль. Корсак адвярнуўся, схіліўшы набок голаў, і ўбачыў, як, чапляючыся за дзяркатае галлё старых, у жоўтых лішаях вербаў, па сінім небе плыў растала-белаваты месяц. I перад Корсакам уваскрэс той сухі з прымаразкам дзень позняй восені, калі хавалі Караліну: ён, Корсак, стаяў над глыбокаю сінявата-жвірыстаю ямаю, куды на двух раскручаных сувоях палатна апусцілі труну і па якой ужо мярцвяна-глуха грудкамі і каменнямі бухаў халодны пясок, і, каб не ўпасці, адхіліўся ад ямы, закідваючы набок голаў і заплюшчваючы вочы. А калі расплюшчыў іх, то ўбачыў паверх густых, натапыраных хвоечак збляклую поўню.
«Няўжо на нешта ліхое і кепскае варожыць і сёння гэты сярод дня, падталы, як лёд, высокі месяц? Няўжо блізка мая смерць?» Пад нагамі ў Корсака раптоўна і густа зашумела вада, разбітая конскімі нагамі і калясьмі — падводы адна за адною пераязджалі рэчку. У твар нясло жоўта-залацістую напроці сонца радугу холадна-пякучых пырскаў.
Ззаду з чорнага асядланага каня пакрыкваў злосны гарбаносы казак у цёмна-сіняй фуражцы з малінавым аколышам:
— Погоняй-й-й, волчий блуд!
— Едзем, чаго ж там.
— Погоняй-й! — і па нечых плячах, па кажусе, з кароткім ляскам секанула плётка.
Корсак турзануў ляйчыны, падганяючы каня, што прагавіта нагнуўся да вады, заварушыў аксамітна-сівымі дрыготкімі губамі. Воз з цяжкім шумам выплыў на цвёрды, аблізаны вадою пясок. Горка запахла маладым падпараным алешнікам, зялёнаю раскаю ў завоінцы, жабінаю чорна-дрыготкаю ікрою, што цэлымі аладкамі пухка ўздымалася пры беразе. Надзімаючы абапал шырокага рота пухіры, кракталі зялёныя жабы і адна перад адною, выцягнуўшы доўгія лапкі, боўталіся ў воду, выплывалі на другі бок завоінкі.
Читать дальше