Калі ён вернецца, калі ён прыйдзе з Чэсяй да гэтай прыгожай сасны, каб абняць іх абедзвюх разам?
Няўжо ніколі?
I нечакана тугі, звінючы, як струна, і адначасны з глухаватым вінтовачным стрэлам свіст кулі ачуціў Міцю. Ён азірнуўся — страляў Пясэцкі, стоячы каля чорна-белага, стракатага камля старой, што расла зводдаль ад струхнела-гнілаватых, дашчаных хлевушкоў, вілаватай бярэзіны.
Толькі цяпер Міця зразумеў, што будзе далей, калі ён ступіць хоць адзін крок — Пясэцкі стрэліць зноў.
Брыда! Гад! Паскудства! Ён выправіў Міцю знарок, каб напалохаць, паздзекавацца, а калі Міця паспрабуе ўцякаць, то і застрэліць. Апраўданне лёгкае — хацеў уцячы. Чуючы, як усё гарыць і пераварочваецца ад страшнай нянавісці, болю і адчаю, Міця памалу пайшоў назад. Ногі дрыжалі і спатыкаліся на шарай, паточанай ужо ружаватымі дзюбкамі травы і няроўнай сцежцы.
Пасмоктваючы танную нямецкую цыгарэтку, што вісела на адкапыленай губе, Пясэцкі кляцнуў замком, выкінуў патрон, што курыў яшчэ смярдзючым дымком, спытаў пісклявата-бабскім голасам:
— Чаго вярнуўся?
— Бо хацеў,— Міця сціснуў зубы, прымяргоўваючыся на выпадак чаго вырваць вінтоўку.
— А я думаў, ты пойдзеш далей...
— А ты страляў бы, падлюка?
— Ха-ха...— Пясэцкі двума пальцамі злавіў на губе рассліненую цыгарэтку.— Шкада, што і так злямзіў.
Нешта балюча і цяжка абарвалася ў Міцевай душы.
— Гніда...
— Маўчы! А то! — Пясэцкі зноў кляцнуў замком.
— Што? — Міця стаяў збялелы, увесь ужо дрыготка-напяты.
— Ідзі лепш па вяроўку, пакуль я з цябе не злупіў шкуру.
З ямы высунуліся вязні, аблёгшы локцямі на край берага, глядзелі, што робіцца каля адзінокай тоўстай у камлі звіслай бярэзіны.
— Што, яшчэ не прыняслі вяроўку? — спытаў высокі шыракаплечы мужчына, задзіраючы свой ліловы нос.
— Ды во не ідзе,— здзекліва ўсміхнуўся Пясэцкі.
Міця злосна спадлоб’я зіркнуў на Пясэцкага і, памалу адыходзячыся ад бярэзіны, ступіў на ружаватую, скрыпучую ад вільготнага пяску дарогу. Яна падымалася туды, дзе была Чэся, дзе быў іншы, здаецца, вольны, хоць на міг і ясна-велічны, поўны хараства свет.
Азірнуўся. Пясэцкі, паставіўшы каля бота вінтоўку, маўкліва і падазрона глядзеў з-пад свае чорнай даўгадзюбай шапкі. Паклаўшы аблакачоныя рукі на бераг, выцягваючы голаў, сцішана вызіралі з ямы і нічога не разумелі ўсе чатыры здзіўленыя вязні.
Раз’юшаны Пясэцкі раптам крутнуўся, падбег да жвірыстай гурбы свежага пяску, злосна і дзіка чарпануў па ёй ботам і сыпнуў вязням у твар:
— Чаго вызверыліся? Марш працаваць!
— Валам і то даюць перадыхнуць,— аказаўся малады, падобны да цыгана мужчына.
Пясэцкі махнуў чорным рукавом з шарым закарвашам.
— Гэй, Корсак, варочайся назад, лезь у яму, покуль я цябе не прыстрэліў! Хай ідзе ён, гэты стары чмут,— і бот, упэцканы ў рыжаватую гліну, ткнуўся ледзь не ў самы Царыкаў чорна-сіняваты, з сівай іскрыстай, як замаразак, шчацінай няголены твар.
З чужой добрай помаччу Царык выкарабкаўся з ямы і, угнуўшыся, трохі нават накульгваючы і падвалокваючы ногу, пайшоў на жоўты, з падточаным берагам касагор, дзе пад вартай старых круглаверхіх хвояў свіціліся пабеленымі сценамі местачковыя хаткі.
Адтуль ён прынёс вяроўку і нечаканую ўжо для Міці навіну, якую пераказаў, упёршыся зморана на лапату, калі выцягнулі з ямы цяжкі камень.
— Забег да Карыбы. Ён мой даўні таварыш,— Царык згроб жменяй з броваў кроплі поту.— Хай ратуе. А то, думаеш, мы не дагадаліся, што гэты пэцкала, што выдае сябе за палячка, хацеў цябе прыстрэліць. Трэба ратавацца. Наказаў і тваёй...
— Каму?
— Ну, не прыкідвайся. Хіба не знаю. Хай таксама шукае якога ратунку. А то не бачыш — згінем.
У Міці ўстрывожана закалацілася і заныла ад нейкага шчымлівага болю пякучае сэрца — ён убачыць Чэсю. Яна не выцерпіць і, напэўна, прыбяжыць сёння. I праўда, Чэся з’явілася скора, калі іх гналі на абед,— хоць які там абед — пойла з гнілаватых буракоў, белавата-сыпкі, гаркаваты з выметкаў рознай мукі і вотрубяных дамешкаў хлеб.
Не даходзячы мураванкі, з боку брукаванай вуліцы пад шара-бліскучым, навіслым над тратуарам яблыневым голлем Міця нечакана ўбачыў на дамскім, з радужнай сетачкай веласіпедзе знаёмую постаць у карычневым каптаніку са стаячым каўняром, абшытым чорнай апушкай, і ганарыста нацягнутым на адно вуха берэтам.
З дробным, нібы шкляным звонам, веласіпед саскочыў з тратуара на мутны ружаваты брук і, бліснуўшы руляй, спыніўся напроці маўкліва-панурых вязняў. Яны, заклаўшы назад рукі, паволі ішлі сярэдзінаю шашы, прыгорбленыя і сцішэлыя ад прытоеных цікаўных позіркаў стрэчных людзей; за імі, трымаючы пад пахаю ацяжэлую вінтоўку і насунуўшы на вочы дзюбаватую шапку, падкоўкамі ботаў цокаў Тадак Пясэцкі.
Читать дальше