I праўда, на чацвёртыя суткі выйшлі тыя дваццаць грошай на сметнік.
Але з Міцем як быў клопат, так і застаўся, ці Міця малы, ці сталы. Во і сёння думай, як ён там? Падсунуўся ж ізноў: другі тыдзень сядзіць у сырым пограбе. Чаго было валачыся ў тыя Дварчаны?
— Дзядзька Улас, пад’язджай ды расцялежвай воз! — крыкнулі з поцемку з-за ялаўцовых кустоў, дзе густа і звінюча шоргала піла.
«А ці знае чалавек, што з ім прылучыцца»,— уздыхнуў Корсак і чапіў ляйчынаю каня.
...У Верасава ехалі з дзвюма не тоўстымі, але гонкімі дзеравінамі.
Каб адагнаць спакуслівыя, цяжкія думкі і смутак, што ныў у душы, знарок знайшлі зачэпку, каб падсмяяцца ды падкусіць Броніка Літавара. Тыдняў тры назад ён падмовіў застацца ў сябе маладое дзябёлае дзяўча, што хадзіла па Верасаве, жабруючы хлеба. Днямі па яго не то з Мінска, не то яшчэ адкуль, прыехаў бацька і Літавар, насыпаўшы па добрай торбе ячных і грэцкіх круп ды яшчэ паставіўшы на стол «бусла» з панівою яечні, угаварыў асалавелага ад кілішка мужчыну, ледзьве не свайго равесніка, аддаць замуж дачку. Але сватаўство расклеілася: дзяўча цішком шмыганула нанач да Алесі, а потым ужо і з вёскі...
Цяпер, нібы не ведаючы пра гэта і крывячы ўпоцемку ад прытоенага смеху дрыгатлівую губу, да Броніка з жартачкамі пад’язджаў Язапат Змысла:
— Чуеш, Бронік, ты, кажуць, узяў наймічку?
— Узяў,— нехаця адгукнуўся Бронік Літавар.
— Дзеўка, кажуць, ого, хоць вады напіся?
— Не вельмі прыглядаюся.
— Ды ты каб удраў абмылку. Няможа быць. Уночы нябось падкочваешся?
— А табе што?
— Ён пытае...
I ўслед за хітра-ўедлівым Язапатам Змыслам пачыналі смяяцца ўсе. Маўчаў толькі Улас Корсак, каторы ўжо раз вяртаючыся ў мыслях да Міці.
Мужчыны то рагаталі, забываючыся, што кругом панавала бяда, што наперадзе была яшчэ трывожная ноч, то нечакана сціхалі, падазрона і таемна думаючы кожны пра сваё. Пра тых, што пайшлі рэзаць тэлефонныя слупы, загаварылі толькі на пераездзе, перад сцішнаю, чуйнаю шашою.
— Глядзі ты, стаяць слупы,— торкнуў пугай перад сабою Язапат Змысла, паказваючы на шарэнгу адзінокіх слупоў, што высока і маўкліва цямнелі між белаватаю шашою і насыпам вузкакалейкі.
— А чаго ж яны маюць рэзаць напроці вёскі,— адазваўся мужчына, што ішоў поруч каля самага вазовага задка, дзе абсечаным вяршком паварушвалася і нават парыпвала ўвязаная ланцугамі, пахучая ад смалы, на метраў дзесяць даўжыні гонкая хвойка.
— Ці не ведаеш, як летась было?
— Што летась, то не цяпер.
— А можа, і не слупы яны пайшлі рэзаць. Можа, у іх быў іншы інтэрас.
Нейкі насцярожаны, шапаткі паўзмрок атуліў прытоеную вёску. Пераехаўшы з моцным, нечаканым грукатам чыгуначны пераезд і шапаткую жвірыстую шашу, падводы спыніліся на папярочнай, абкладзенай абапал вялікімі белаватымі каменнямі вуліцы — мужчыны меркавалі і радзіліся: ці скідаць з вазоў ды абчэсваць дзеравіны тут, ці везці за вёску і рабіць крыжы там, дзе меліся яны ўжо стаяць.
— Едзьма! — гарачыўся і трос локцямі, выкіроўваючы з вузкай папярочкі на шырокую вуліцу свайго каня, Улас Корсак.
Католікі — трюе мужчын — рушылі ўслед за доўгім расцялежаным Корсакавым возам, што, суха парыпваючы заднім колам, паплыў пясчанай верасаўскай вуліцай, на якую кустамі навальваўся, хаваючы нізкі поцемак, востра-дзяркаты голы бэз.
— Вот ты скажы, што значыць палякі і, праўда, голыя сракі,— падняўшы руку, дробненька шкробся пад пахаю Язапат Змысла.
— Гонару ды пыхі, хоць адбаўляй.
— Ён не б’е, не лае і ніц не дае.
— Ну і кацап’ё,— ужо нарэшце адазваліся ад Корсакавага воза.— Едзь, чаго шчэлепы там разявіў?!
— I што ён крычыць, гэты падскрэбак? — пытаўся Язапат Змысла, абыходзячы каня і перакідваючы лейцы, каб выкіраваць расцялежаны з доўгай дзеравінай воз у другі бок вуліцы.
— Хай яму там зарве!
Учуўшы мужчынскую басавітую гутарку, скрып і грукат вазоў, зласнавата-заядлы брэх устрывожаных звяглівых сабак, на двор выбягалі верасаўцы, тулячыся ў паўзмроку, што ліпнуў да платоў і сцен, пазіралі, што робіцца на вуліцы, смялейшыя падыходзіді да вазоў.
— Балазе дачакаліся,— чуваць было ў шараватай ночы трохі сонныя, хрыпатыя галасы.
— А дзе ж астатнія? — пыталася Ваўчкова Вольга, абегшы доўгі з вастраверхай хвойкай воз і азіраючыся на вуліцу, дзе бубнілі тоўстыя мужчынскія галасы.
— Пайшоў і няма тут,— Язапат Змысла цвёрдым шырокім крокам аддаляўся ад аслупянелай і застылай каля высокага пераплеценага частаколу Вольгі.
Читать дальше