На сярэдзіне другой паласы чорнымі сходцамі ламаліся доўгія радкі. Над імі тлуставата чарнелі не вельмі зразумелыя для Міці два словы з латыні.
— Momento mori,— прачытаў і трохі сумеўся Міця.
— Не ведаеш, як перакласці?
— Mori — смерць. Здаецца, так?..
— Ага, помні аб смерці,— Царык заварушыўся, і пад ім пачала страляць звінючымі спружынамі разбітая канапа.— Але ты чытай услых, каб чуў і я.
Міця паволі, расцягваючы словы, пачаў чытаць. А Царык, сцішыўшыся, падпіраючы рукою лоб, слухаў і, калі Міця скончыў, паківаў галавою, не падняўшы вачэй:
— Страшна, але ж праўдзіва напісана: «Жыццё — нішто, як смерць, а смерць — жыццё».— I Царыкава рука злавіла за локаць і сціснула Міцеву руку.— Каб гэта напісаць, мусіць, таксама трэба нямала адпакутаваць. Праўду ж кажуць, хто перажыў свой боль, той зразумее чужы. Але чаму ж чалавек не шануе і не шкадуе чалавека? Чаму ж адсякалі голавы ды на калкі насаджвалі... уздоўж дарог. Так звеку было.
За акном ужо зашарэўся вечар. Нанач браўся і дужэў марозік. Высока падняліся і разарваліся цяжка-густыя хмары. На небасхіле, дзе сінеў край чыстага неба, то сінім, то ружаватым водсветам слязілася нізкая зорка.
Царык, згледзеўшы, што Міця цікуе ў акно, схіліў набок сіваватую голаў, прымружыўся, убачыў невысокую, што міргала калючым святлом і плыла, здаецца, сюды, да акна, пераліўчатая, як кропля расы на траве, бойную зорку і падняў палец:
— Во яна — сведка ўсяго, браце. Зорка Сірыус. На яе яшчэ кажуць Соціс, што азначае «зіхатлівая». Яна з’яўляецца ўвосень, калі ўваходзіць пасля паводкі ў свае берагі Ніл.
Тады егіпцяне пачынаюць сеяць ячмень. У прыродзе, браце, усё звязана... Улетку на семдзесят сутак гэтая зорка знікае. Цікава?..— рады, што здзівіў Міцю, заварушыўся на ржавай канапе Лаўрын Царык.
— Цікава,— прыхаваны смех торгнуў Міцевы губы: брала дзіва, што з Царыкавай душы не выветрыліся наіўная чалавечая дабрата і дзіцячая шчырасць.— Але мне пара...
— Куды гэта?
— Дахаты.
— Вот яшчэ,— Царык злавіў Міцю за рукаво.— На ноч гледзячы. Маці, чуеш? — Царык абярнуўся і, трасянуўшы валасамі, крыкнуў за перагародку: — Дадому хлопец рвецца!
Бразнуўшы посудам, недзе з кухні аказалася, а потым і выйшла, падвязваючы жоўтай у сінія яблыкі хусткай растрапаныя валасы, расчырванелая ў твары і такімі ж чырвонымі, закасанымі да локцяў рукамі Царычыха:
— Гэтакім ліхім светам... Адумайся, хлопец!
— Праўду кажа. Нарвешся яшчэ на якую варту ці засаду. Хто цяпер упоцемку будзе разбірацца,— Царык упёрся абедзвюма рукамі ў канапу і цяжка ўстаў.— Пагамонім яшчэ. У мяне таксама нешта выхавалася.
— Досіць піць! I так налімоніўся! — прыкрыкнула ўжо на Міцю: — Ідзі, хлопец, за мною! Пасцялю ў тым пакойчыку, дзе спаў. Помніш?
— Чаму ж не,— засмяяўся Міця, прыгадаўшы, як колісь Царычыха, калі ён кватараваў тут, прыбягала перад сном праверыць, ці выключыў ён лямпачку.
— Кладзёмся мы рана. Электрыкі ў хаце няма. Як партызаны падарвалі на электроўні дынаму, так і няма. Ужо трэці тыдзень. Немцы аж шалеюць. Але што ім. У іх свае маторы ёсць. Нябось у шпіталі і на вакзале гарыць электрыка.
Яна скоранька заслала ложак і скоранька выйшла са сцішнага, прапахлага нафталінам пакойчыка, дзе ўжо затухала рэдкае святло вясновага вечара.
I Міця не паспеў яшчэ легчы ў чыстую, што пахла сыраватымі, зляжалымі ў камодзе прасцінамі, як ціха, але ўедліва заскрыпелі дошкі падлогі і ў пройме дзвярэй здушана зашаптаў Царык:
— Не спіш?
— Не,— Міця зноў пачаў лавіць і зашпільваць у расхрыстанай кашулі гузікі.
— Я тут,— Царык выцягнуў з кішэні плескаватую з закручанай накрыўкай-чарачкай бутэльку,— са сваёй ялаўцоўкай. Пяршак, настоены на ялаўцовых ягадах. Куды лепш за які-небудзь джын. Каштаваў?
— Не йдзе яна мне.
— Змушаць не буду,— Царык адкруціў каўпачок-чарачку, набулькаў у яе.— Тады я прычашчуся сам.— I, задзіраючы голаў, перакуліў чарку, закалаціўся.— Як агнём смаліць. Дзіва што — пяршак. Дарма адмовіўся. Але як сабе хочаш... Тады слухай.
Міця прыўзняўся на крэсле, павярнуўся да Царыка.
— Я ўсё талкую пра магістрат, управу тую. Можа, усё ж пайсці туды нам?
— Як — нам? — нешта падняло Міцю з рыпучага, як крохкі снег, крэсла.
— Удвом, я думаю.
— Дзеля чаго?
— Зберагчыся трэба. Мая не ўсё табе сказала. Гатуюцца спісы на арышт.
— Кім?
Учуўшы Міцеў перапалох, Царык марудна выдаў сваю таямніцу:
— Ды тымі ж казакамі... Вядома ж, ім памагаюць свае, тутэйшыя.
— Свае не пашкадуюць нас і ў магістраце. Помніце, як згінуў старшыня воласці Саўка Аўсянік. Нехта падкінуў у жандармерыю дакументы... I немцы яго за каршэль.
Читать дальше