За спіною зноў доўгімі чэргамі застукаў кулямёт, і Міця ўявіў, як падаюць на грэблю бездапаможныя са звязанымі рукамі няголеныя, зарослыя шчацінаю сталыя мужчыны і маладыя, што не паспелі яшчэ абрасці мяккім пушком, хлопцы.
Як лютуе Камашыла. А мо агледзеўся, што няма яго, Міці, і рвануўся шукаць у тым сасновым пералеску.
Кулямёт сціх. Нізкім рэхам адклікаліся толькі адзіночныя вінтовачныя стрэлы. А над жытам, нібы не чуючы бяды, вясёла цвірчэў, заліваўся жаваранак. «Няўжо ён будзе спяваць і тады, калі не стане мяне?» — задыханы Міця нарэшце выбег з сіва-зялёнага, саладжавага, што блытала ногі, жыта. Даскочыўшы да старых, нагрэтых на сонцы, разлапістых хвоек, што пахлі густа-ліпучым смолкім духам, нарэшце азірнуўся: невысока ў небе, трапечучы крыллямі, вісеў і, не баючыся далекаватых стрэлаў, выцікоўваў палявых мышэй ці дробных пташак вялікі палявы каршун.
Крутаваты пагорак хаваў адзінокага чалавека, што сядзеў на валуне, і ніжэйшы край пералеску, за які сплывала мяккая, на якой толькі і сядзець анёлкам, пухкая хмарка. Стрэлаў ужо чуваць не было.
Міця, абапершыся рукою на цёпла-шурпатую хвойку, перавёў дых і ўжо з развагаю падумаў, што цяпер і папраўдзе могуць агледзецца, што яго няма. Падазрона зіркнуў на прымяты ў збэрсаным жыце доўгі шнурок свайго следа, адапхнўся ад хвойкі і заслізгаўся па пухкай сасновай кастрыцы, глыбячыся далей у цяністы лес. Там за сцяною дрэў, што злівалася ў зялёную навісь, смутна і мякка кувала зязюлька. Нібы адлічвала тых, каго забілі.
Прайшоўшы кіламетры са тры лесам і ўчуўшы па грукаце фурманкі, што блізка шаша, Міця нарэшце спыніўся. Паглядзеў на вінтоўку, якая ўжо адабрала рукі, ступіў да аблітай смалою, сточанай шэршнямі ці падзёўбанай дзяцелам елкі і засунуў яе ў мышыную ці кратовую норку, што бегла пад тоўсты кажух напластаванай кастрыцы.
Убачыўшы, што вытыркаецца прыклад, акутым чаравікам грабануў на яго з блізкага копчыка мурашніку сухога шыгалля.
Аднекуль пахла недалёкім, гнілым і зарослым раскай балотцам. Перачыркваліся між сабою дразды. Не ўтрымаўшыся на кароткіх карэннях, на крутым грудку пападалі высокія старыя елкі. Доўгі, з аблушчанай карою на сухаватых лапах, як нейкі страшны яшчар, выварацень перагарадзіў Міцю дарогу. Абышоўшы яго і натрапіўшы на ўтоптаную, абапал зарослую густым чарнічнікам сцежку, Міця нехаця збег да жоўтага ад тлуста-бліскучай маслянкі лужка. Малады высокі алсшнік, абкіданы клейкім карычняватым лісцем, хаваў лясную рэчку. Топчучы пахуча-гаркаваты валяр’ян, Міця прыкленчыў на сырым беразе, зачарпнуў рукою халоднай, што кацілася па камяністым дне, крынічнай вады, спаласнуў спацелы твар.
Праз негусты алешнік была відаць чародка пярэстых і чырвоных кароў, што прыпалі да травы, адмахваючыся ад заедзі вушамі. Каля іх стаяў не то падлетак, не то мужчына ў злінялых вайсковых штанах, у смешнай, з адарваным брылём вайсковай фуражцы.
За стракатым ад люціка лужком роўным нешырокім паскам бялела шаша. За ёю, нібы магілкі з замшэлымі памятнікамі ды каменнямі, шарэлі тоўстыя пні высекі, што зарастала ўжо маладым асіннікам ды грабам. Лес, адступіўшыся на метраў дзвесце ад шашы, уздымаўся высокаю сцяною маладых гонкіх дубоў, асін ды елак.
На светлы прагал да палявой дарогі заварочвала марудная фурманка.
Міця ўбачыў, што выйшаў якраз на Янава. Калі перабегчы шашу і гэты падсечаны лес і звярнуць трохі ўлева, то ў глыбокай лагчыне шарымі будынкамі распаўзецца вёсачка. На грудку, як помніць, пры самым лесе пад старою вялікай і густою грушай схавалася хата са скасабочаным старым гумном — хутар іхняй верасаўскай Ганначкі, што выйшла сюды замуж за недарослага ды яшчэ і кульгавага ўдаўца.
Нібы за поручань на хісткай кладцы, Міця ўчапіўся за здагадку, што трэба забегчы на хутар, папрасіць у Ганначкі якія-небудзь транты ды пераапрануцца, скінуць форму, а заадно распытаць пра Верасава: ёсць там казакі ці няма, бо астатнюю навіну, якую чуў, нібы яны, збудаваўшы бункер, перабраліся сюды ў прылесныя вёскі. А калі што якое, то застацца на хутары і наказаць Алесі, што ён тут.
Покуль цішыня, покуль ніякага руху не чуваць на шашы, трэба ў міг вока пераскочыць.
Міця адапхнуўся ад тоўстага вярбовага камля, дзе ў цёмным дупле раптам запішчалі пташаняты, і, асцярожна кідаючы вокам на белы пасак шашы, пайшоў уздоўж быстрай звілістай рэчкі, каб мінуць пастуха. На завароце, дзе перад карчамі рэчачка вымыла сінявата-цёмную бухту, учапіўшыся лапкамі за сухі алехавы пруцік, сядзеў, звесіўшы цяжкі дзюб і нерухома пазіраючы ў воду, зялёна-блішчасты, нібы райская пташка, караткахвосты і таўставаты, як шпуля, зімародак.
Читать дальше