Міця здагадаўся — Рэпка быў на падпітку. Гаварыць з ім, прасіцца ў яго, Міцю ўжо не давала нейкая пагарда, нават агіда, як была гэтая агіда да Камашылы. Раптам успомніўся яго, Камашылаў, хрыплаваты голас, што цадзіўся праз зубы: «Нас яны пашкадуюць... Скуру будуць драць». Якія, зрэшты, яны аднакавыя: той — там, каля ржава-гліністай ямы, гэты тут — у счарнелай нізкай хаце з малымі аконцамі. Той там быў храбры, гэты — тут. Міця сцяўся, залекацеў увесь і ўжо, шалеючы ад здзеку, ад гарачай і нечаканай прагі жыць, ратавацца, ірвануўся да Рэпкі, але яго апярэдзіў моцны ўдар у лапатку. Гэта быў той, што стаяў напагатове ў адчыненых дзвярах,— рослы, таўста-губы, з выгаралым чубам, які выкручваўся ўпартымі кольцамі з-пад кепкі. Міця нават плячмі ўчуў, як блішчыць смерцю трохкантовы штых у яго на доўгай вінтоўцы, а адскочыўшы да печы, з гарачкі хапіўся рукою за слупок.
— Выходзь, падлюга! — Рэпка трасянуў галавою і заплюшчыў сінія, зацягнутыя блішчастай вільгаццю вочы.
— Нікуды не пайду,— як мог спакойна сказаў Міця, чуючы ўжо, як замірае ўсё ў душы.
Холад страху, нібы скразняк, абвеяў усяго, што смерць будзе тут, пры гэтым лесе, пры гэтай чужой вёсачцы. Так неспадзявана... Для сябе і для яе, для Чэсі. Як усё скончылася: радасць кахання, сонца, увесь свет. Так горка і так крыўдна, што смерць прыходзіць ад свайго. Няўжо смерць тваю носіць твой блізкі?
— Ідзём, гад, а то выпушчу кішкі тут, каля печы! — куток рота ў Рэпкі расцягнуўся, бліснуў радком белых зубоў.— Шкуру нямецкую на сябе нацягнуў, прадаўся з вантробамі! Думаў, што мінецца ўсё.
Клубок чорнай звар’яцелай злосці перавярнуўся ў Міцевых грудзях:
— Ды пайшоў ты, паршывец!
Нешта бяспамятнае пад’юшчвала і нават салодка зманвала вырваць у гэтага неданоска, курачага выліўка вінтоўку, а там ужо што будзе, а там ужо — бог бацька.
I тут зноў рэзка і нечакана гарачым агнём паласнуў удар. Па правай ужо руцэ, ажно хруснула косць. Якраз вышай костачкі. У Міцевых вачах пырснулі залаціста-чырвоныя, а потым цёмныя іскры. На які міг, быдта пасля зыркай маланкі, хлынула чарната. Міця ледзьве ўстояў, страціўшы, мусіць, на якую хвіліну прытомнасць. Адкрыў вочы, убачыўшы, як плыве, кружыцца ясны правал маленькага акна і пабеленыя, абшморганыя плячмі сцены малой, з нізкай столлю хаты.
На руцэ, што бездапаможна аб’язджала са слупка, шараватае рукаво трыкатажнай кашулі вострым ражком падымала пераломаная косць.
Падскочыўшы ззаду, прыкладам ударыў той самы, з белаватым выгараным чубам і таўставатымі губамі.
Міця знерухомеў, заскрыгатаў зубамі ад болю, помнячы пра адно, каб не рухнуць, не ўпасці тут у хаце. У плечы яго штырханулі. Ён паволі пераступіў парог, разумеючы, што з пакалечанаю рукою яму ўжо не здужаць іх, узброеных і п’яных. Вочы сляпіла сонца, боль адымаў руку, хватаючы ўжо нават за сэрца.
— Сюды, курва! — Міцю штыхом парнулі ў лапатку.
«Бегчы...» — загарэўся ён і абарваў сваю думку: удвух яны, напэўна, не прамахнуцца, пацэляць.
Затравелая сцежка пад навіссю грабніку і гарэшніку крута вілася ўніз: пачынаўся малады ў ружовых стрэлках напараны хвойнік, віхор драў жоўтыя выспы пяску, калыхаў калматы высокі ялавец, бароды жорсткай, падобнай да шаўковай травы, лясной асакі.
Міцева рука здзервянела, аднялася і, здаецца, ужо не служыла зусім.
«Не!.. Покуль магу, трэба не давацца, уцякаць. Во там, дзе пясчаная дарога зварочвае ўбок. Нырнуць у густы, нецярэблены хвойнік».
Міця спыніўся перад абабітым смалістым коранем: на ім сядзела і, пахістваючыся на сінявата-цыбатых ножках, смутна ціўкала жаўтаротае пташаня.
Міця баязліва падняў ногу, каб пераступіць бясхвостае, яшчэ ў дымным пушку, кволае пташаня, і ў гэты міг нешта з гарачым хрустам упілося яму пад левую лапатку, і нязносная млявасць, разарваўшы сэрца, сплыла па ўсім целе.
«Штых»,— падумаў ён, ловячы здароваю рукою ялаўцовы куст і не дастаючы да яго. З абодвух бакоў звінючы шум хлынуў у голаў, аглушыўшы свет. Міця яшчэ ступіў крок і ўчуў, як мякка плыве ў глыбокую і бясконцую чарнату.
«Ціліў!» — спуджана адазвалася нядужае цыбатае пташанятка. Але яго ціліўкання Міця ўжо не дачуў.
Раз за разам, уедліва і скрыпуча, шоргаў адным колам на няроўнай, з раз’езджанымі каляінамі, дарозе перадок ад воза, на якім ляжаў, выцягнуўшы на прывязаных драбінках спруцянела-сіняватыя ногі, бяскроўна-белы і набрынялы ўжо ад гарачыні Міця Корсак.
Узяўшыся абедзвюма рукамі за аглоблі, перадок з цяжкім нябожчыкам, тады-сяды перадыхаючы, цягнуў Імполь: з густых броваў яго, перабліскваючы, капаў пот.
Читать дальше