— Царык ён...
— Ды пайшоў ён к чортавай матары! — рэзка крутнуўся Камашыла і, прыплюшчыўшы вочы, зароў ужо на Міцю: — I ты разам з ім. Марш назад!
— Я не сабака, не гані...— ад нянавісці, дасады ў Міці ўсё гарэла ў грудзях.— Дабром прашу, выручай чалавека.
— Ты глядзі,— нацяўся і зноў збялеў Камашыла,— ён яшчэ грозіцца.
Але тут ужо ўмяшаўся немец, абедзвюма рукамі хватаючыся за жоўтую кабуру і расшпільваючы яе.
Міця павярнуўся і цяжкімі, быдта не сваімі нагамі, быдта несучы што на плячах, паволі пайшоў, нехаця і марудна пераступаў глыбокія, разрэзаныя грузавікамі каляіны і чуў на сабе ненавісны пагляд і немца, і ўсіх, хто стаяў поруч з ім. I ўжо здагадваўся, што ім усім карціць паставіць яго на сценку між доўгімі ржава-гліністымі ямамі, да купкі выгружаных з чорных самаходаў мужчын.
Адышоўшыся на нейкую, як здалося, ужо небяспечную адлегласць, азірнуўся.
Немец, зашчаміўшы ў руцэ кароткі пісталет, гнаў туды на чорную ўтоптаную і залітую кроўю сценку якраз Царыка. Царык ішоў спакойна, намагаючыся падняць вышай сваю сівую голаў і выпростваючы худыя плечы. Турзануўшы за звязаныя рукі, немец раптам прыпыніў яго і прыставіў блізенька да патыліцы кароткі пісталет. Узарваўся слабы і глухаваты стрэл.
Ускінуўшы назад сіваватую голаў, на якой вецер калмаціў валасы, Царык пастаяў, нечакана пахіснуўся і тварам упаў на край рова.
Свет раптам зрабіўся пусты і аглухлы, і Міця ўчуў, як чорная глыбіня абдымае яго.
Немец капнуў ботам, намагаючыся скінуць Царыка ў роў, але, мусіць, не здужаў і са злосці замахаў рукою, паказваючы паліцыянтам, каб гналі туды астатніх.
Дрыжыкі білі, траслі Міцю, у руках калацілася вінтоўка, у пякучым вары млела і білася сэрца: шкадаванне нечакана змяшалася з віною перад Царыкам, што не ўратаваў, не памог яму. Перад вачмі прабеглі Дварчаны і ўбачылася збедаваная, згорбленая, з жаўтлява-худымі, як шчэпкі, цыбатымі нагамі Царыкава Люба. Што ён скажа, калі стрэнецца з ёю? А ці стрэнецца? I што стане з ім, калі будзе стаяць каля гэтых іржава-гліністых, выкапаных смяротнікамі для смяротнікаў доўгіх равоў. Няўжо выратаваўся ён, каб страляць ды катаваць іншых? Няўжо ў гэтым свеце чалавек не можа быць чалавекам?
Міця захадзіў, каб суняць гарачую нервовасць. Да болю ў пальцах сціснуў халодную вінтоўку. Крыўда, злосць, адчай магнэзам цягнулі стрэліць у кучу паліцыянтаў. Альбо туды, дзе стаіць, нарыхтаваўшы аўтамат, прадажны Камашыла. Але ці заб’еш яго? I чым гэта скончыцца? Ці паспееш уцячы? Іх тут разам з ачапленнем каля сотні. I што гэтым зменіш? Хіба перайначыш забойцу, хіба вырвеш тое злое, што жыве ў кожным чалавеку.
Міця паволі, нібы па сваёй патрэбе, адышоўся да лесу. Азірнуўся. На сценку між равамі, расцягнуўшы ў шнур, паліцыянты гналі пакорных, з перавязанымі тэлефонным дротам рукамі маўклівых мужчын.
«Свае б’юць сваіх. Нешта заклятае на гэтым свеце. Грэшнае і страшнае. I ніколі ўжо не адкупнае — страляем, нішчым самі сябе. На векі вечныя». Міця затуліўся за кусты маладога ў шурпата-зморшчаным і густым лісці пругкага граба. За імі праскочыў пясчаную, засыпаную слізкаю кастрыцаю дарогу. Ломячы з трэскам сухі хруст, перабег на другі край лесу. Гэта быў нават не лес, а пералесак. Лес пачынаўся за сінявата-зялёным, што выпусціла колас і калюча-мігатліва паблісквала залаціста-ружовай расою, высакаватым жытам. Над імі адзінока, нібы згубіўшы сваё гняздо, цвірчэў жаваранак.
Між сцяною рэдкага пералесу і росным, саладжава-прэсным жытам шылася ўтравелая дарога з зарослымі каляінамі. Міця высунуўся на яе і злякнуўся — на белаватым і круглым, як чэрап, валуне адзінока і смутна згорбіўся чалавек у пляскатай зношанай кепцы, з-пад якой лезлі белыя, ажно зеленаватыя валасы. Сёння раніцай, заплаканы, змардаваны ад гора і трохі як сам не свой, адрошаны ад розуму, ён прасіўся ў Міці прапусціць яго да рова, каб хоць астатні раз глянуць на забітага сына. Міця ведаў, што п’яныя паліцыянты наўрад ці адпусцілі б гэтага збедаванага чалавека назад.
Каб не страчацца зноў, Міця рвануўся за невысокую зарась асінніку, наступіўшы на кучу сухога лому і нарабіўшы нечаканага лопату і трэску. Але чалавек не азірнуўся. Абыходзячы яго і падымаючыся лесам вышай на груд, дзе зелянелі ценькія дубчыкі крушыны і сівых маладых рабін, Міця ўчуў, як там у лагчыне на лужку каля глініста-ржавых равоў забухаў і захлынуўся доўгаю чаргою кулямёт. За нізкі грудок пакацілася і прыляснула рэха.
Міця скочыў у сіваватае жыта, падмахваючы вінтоўкаю і збіваючы квола-пляскатыя каласы, што пырскалі і ляцелі перад ім, пусціўся што было моцы да лесу.
Читать дальше