— Немяц хоць прыняў, а свае звярамі пазіраюць... Але, Змітрычак, напрамілы бог прашу, дайдзі да каго. Я чула, усіх, каго вывезлі ў наваградскую турму, перад адыходам нямцэ расстраляюць.
Яна падхапілася зноў і зноў, але ўжо за плечы, закалаціла Міцю:
— Ратуй майго Лаўрына, Змытрычак!
Варочаючыся назад у школу, ці, праўдзівей,— у казарму, ужо нават подбегам, каб не спазніцца, Міця яшчэ ўсё адчуваў, як яго хваталі загрудкі і турзалі нервовыя, з набрынялымі сінімі жыламі рукі, а ў вушах ныў і не аціхаў, як доўга не аціхае грукат прабеглага поезда, слязлівы спакутаваны голас Царычыхі.
Вуліца была ціхая, шапаткая толькі ад Міцевых ног, і прапахлая гаркаватасцю рабін, мокрымі замшэлымі платамі, падпаранай у гародчыках чорна-тлустай зямлёю, дзе ўжо натапыранымі пучкамі выпырснула цыбуля. Чыста і светла адсланілася ад нізкіх дажджавых хмар высокае неба. Над нерухомымі лужынамі, у якіх дахамі ўніз перавярнуліся атынкованыя местачковыя дамы, імкліва, як згледзяць, шмыгалі, адліваючы сіняватасцю, вастракрылыя ластаўкі. На жаўтлява-зялёным, што распускаўся пазней, пад першы маёвы гром, высокім ясені залівіста свіргатала і цвірчэла невядомая Міцю пташачка.
Шукаючы вачмі яе, гэтую пташачку, і задзіраючы голаў на мокры ясень, з якога сцякала, густа б’ючы па драпастым лісці і пераліваючыся ружовасцю на сонцы, дажджавая вада, Міця знячэўку наткнуўся на гнілаваты плот і, адпіхваючыся ад яго рукою, учуў, як крохка трэснуў збуцвелы слупок. I на гэты трэск за плотам нехта ціха, ажно Міця сумеўся, і не вельмі разборліва загаварыў. За адчыненыя веснікі высунулася калатлівая растапыраная рука.
— Хто тут? Я ж не бачу, толькі цень ледзьве ўгадваю заміж чалавека. Аслеп саўсім. Але чую, што нехта падышоў да мяне,— аслабелым голасам гаварыў невысокі стары мужчына, увесь калоцячыся: дрыжала яго галава, рукі, трасліся ў каленях і ногі.
Узіраючыся ў сівы, з упалымі шчокамі і зарослы даўно няголенай шчацінай худы твар, Міця пазнаваў і не пазнаваў старога Ладзімера, колішняга Алесінага малацьбіта.
— Добры дзень, дзядзька Ладзімяр,— нарэшце з даўкатою ў горле адазваўся Міця.
— А скуль сам будзеш і чый ты, хлопча? — калатлівая рука злавіла шарае неакоранае шульца ў прачыненых весніках.
— Алесін брат з Верасава.
— Гэта ў той, што я малаціў і Імполя ў прымах пакінуў,— на сівым, зарослым твары прабегла не то радасць, не то здзіўленне.
— А Імполя ў Верасаве няма. Тут ён — у Дварчанах. Кінуў жа Алесю.
— Надышоў на людзей звод нейкі — усе грашаць... I я грэх маю на душы, можа, праз гэта і аслеп,— стары для моцы і другою рукою ашчаперыў патрэсканае шульца.— Хібя ж не чуў? Тут праз мяне немяц трое хлопцаў застрэліў. Трое... Во які грэх нашу. Але ўжо нядоўга, ужо чую свой канец... Тут маладыя, паўвечныя гінуць... А я нажыўся, ці, можа, болей нагараваўся — пара. Зачакалася мая старая...
Ён падняў голаў, пазіраючы вадзяністымі і ўпалымі вачмі, і, мусіць, не бачачы Міцю, сказаў:
— Памру я, і вайна скончыцца. Вот убачыш. Я такі знак маю...
«Напэўна, лягчэй памерці сваёй смерцю, горай, калі прынясе яе нехта чужы»,— падумаў Міця, утлядаючыся на старога Ладзімера, у яго сінія, засланыя ўжо вечным поцемкам вочы.
Стары адарваў сваю калатлівую руку ад шула, данёс яе да мокрых сляпых вачэй, абцёр іх.
— А як бацька маецца?
— Бацькі няма ўжо.
— Што кажаш, хлопец?
— У гумне згарэў, як немцы з казакамі палілі верасаўскія хутары.
— Бяды цяпер поўна,— стары нібы задыхнуўся і паволі, з намаганнем сказаў:— Я чуў, што гора там учынілася. I зноў во будзе.— Ён злавіў, яшчэ не глухім, чуткім слухам натужлівае вуркатанне аўтакара, што недзе зварочваў на другой вуліцы, пастрэльваючы маторам і падляскваючы жалезным кузавам.— Тут нейкую ўсё Марусю шукаюць.
Дзьве іх было... То адну, кажуць, злавілі ды застрэлілі...
Міця адступіўся ад плота, зноў убачыўшы сіні, рассыпаны ў цяньку пад елкамі жар пралесак і ўчуўшы шапаценне леташняга шаразбуцвелага лісця, востры трэск сухога дробнага галля і той працяжны нечаканы стрэл, што аддаўся тройчы доўгім шумным рэхам, нібы ўпала зрэзанае дрэва. Яго стрэл...
I нечакана для самаго сябе ўявіў, што па лесе бяжыць, пераскоквае карычневы, аблеплены вішнёва-блішчастымі мурашкамі копчык задыханая Чэся і яе, пырснуўшы агнём, даганяе гулкі стрэл.
Міця здрыгануўся, пераступіў жоўтую, прытоеную ў зялёнай траве кветку дзьмухаўца і паволі пайшоў, чуючы, як пад нагамі туга скрыпіць сыры пясок. Ззаду за спіною нешта яшчэ шапялява-бяззубым ротам гаварыў стары Ладзімер, але Міця ўжо не азірнуўся, толькі ўгнуў голаў: з мокрага куста бэзу, адбіваючы сонца, калючымі ружова-залацістымі промнямі ў вочы бліскала раса.
Читать дальше