— Успеецца, сходзім. А што за справа?
— Свой чалавек сядзіць у турме. Трэба ратаваць, калі ўжо не позна. Чуеш стральбу?
— Латошаць не блага. Але тут ужо так: або мы гэтую брыду, або яна нас.
— Гінуць нявінныя людзі.
— Перастань абы-што гарадзіць. У гэтых нявінных рукі ў крыві. Пападзёмся мы ім — гарачым жалезам пячы будуць.
— Кажу табе, наш чалавек папаўся,— Міця ўжо траціў надзею, што дапаможа чым-небудзь Царыку.— За беларускасць у гродзенскай турме пры паляках сядзеў... Ты ж трохі ведаеш яго — Лаўрын Царык.
Камашыла пакруціў пальцам у вусе, зажмурыўшы свае сонныя вочы, вяла працадзіў:
— Ведаю... Сходзім. Але мне горла трэба прапаласкаць, бо якая гутарка, калі язык у роце прысох.
Слізгаючыся па затравелай з глыбокімі каляінамі палявой сцежцы, Міця скоранька дабег да пабеленай хаты з нізка аб’еханай на вокны зялёна-замшэлай страхою. Адчыніў ажно сіваватыя, ніколі не фарбованыя дзверы і, пераступіўшы падзёўбаны сякераю шчарбаты парог, папярхнуўся ад прытарна-саладжавага і рэзкага паху брагі.
У цемнаватай ад нізкіх вокнаў хаце ад яе ўжо было нават не дыхнуць. Высокая зубатая маладзіца з залацістымі кудзеркамі валасоў, што выбіліся з-пад чырвонай, у турэцкі ўзор хусткі, глянула на Міцеву пакамечаную марку і, не баючыся яго ў вайсковай чужой форме, нечакана папракнула:
— Рубель трэба даваць... Сколькі тыя немцы пратрымаюцца.
— Не баішся такое гаварыць? — спытаў зласнавата і Міця.
— Чаго ж баяцца? Свой, здэцца, чалавек прышоў. Толькі во зноў без пасуды,— і, агледзеўшы ўважна і пільна Міцю, падабрэла.— Не, вунь пры боку манерка ёсць. Цяпер жа ж бутэлька даражэй за гэтую самагонку выходзіць.
Міця адкруціў алюмініевы каўпачок флягі.
— Моцная надта. Глядзі, нап’ешся,— засмяялася, выставіўшы два шырокія, як лапаты, верхнія зубы, кучаравая жанчына.— I п’янага на фронт павязуць.
— Які фронт? — сумеўся Міця і прычапіў да рэменя вагкаватую ў суконным чахле флягу.
— Во, й не ведае салдат,— гаспадыня паставіла на лаўку пры печы сіняваты літар з сівою самагонкаю і для спрату, каб не згледзела старонняе вока, накінула на яго злінялы фартух.— Адпраўляюць вас адсюль. Я чула — на фронт.
— Не ведаю,— спаткнуўся на няроўным гліняным току Міця.
— Дзіва што,— зноў выставіла крывыя, заеханыя адзін на адзін і шыракаватыя зубы гаспадыня.
З затравелай у пухірах пераспелага малачайніку сценкі здзіўлены і ўражаны Міця нават саступіў на мяккую раллю, дзе, распластаўшы цёмна-зялёнае лісце, прытаілася нізенькая, не акучаная яшчэ бульба. Наўпрасты выйшаў да жоўтых і высока абгароджаных калючым дротам казармаў.
На ганку, зачакаўшыся Міцю і перагараючы нутром, ужо стаяў нервова-чуткі Камашыла. Па скорай і пругкай Міцевай хадзе і неспакойна-нацятым твары змеціў, што Міцю таксама нешта дацяло і ўстрывожыла.
— Ты чаго скрывіўся, як серада на пятніцу?
— Чуў? Нас на фронт адпраўляюць.
Камашыла выпнуў губы, скоса паглядзеў на Міцеву флягу, не адказваючы, спытаў:
— Прынёс?
Міця кіўнуў галавою.
— Зойдзем у каморку, нешта скажу.
Міця нехаця і ўжо са злосцю пайшоў услед за Камашылам, думаючы, што да батальённага, каб пагаварыць наконт Царыка, яны сёння наўрад ці сходзяць — Камашыла зараз нап’ецца, упадзе як сноп і будзе спаць.
Зашчапіўшы на добры кованы крук дзверы, Камашыла, праўда, схапіўся за Міцеву флягу, выцягнуў яе, карычневую, абліцованую слаіста-прыгожым, як чачоткавая бяроза, дрэвам, з суконнага чахла і адкруціў алюмініевы каўпачок:
— Можа, прычасцішся і ты?
— Не.
— А пра фронт не думай,— Камашыла задраў голаў і забулькаў сабе ў разяўлены рот, скалануўся, алюмініевым кубкам чарпануў у вядры жаўтлявай, з аселай рудою вады і нарэшце з радасцю выдыхнуў:— Во, трохі акрыяў.
I зноў пакруціў пласкабокую карычневую флягу:
— Ты знаеш, што наша рота астаецца тут. Пад Барысаў мы не едзем. Будзем чысціць турму, так што знойдзем там твайго, як яго?.. Цара.
— Царыка,— падказаў Міця і, узіраючыся на п’янавата павясялелы Камашылаў твар, папрасіў:— Трэба яго ратаваць сёння, покуль не загналі ў чорны грузавік і не завязлі за нашыя кашары пад дуброву.
— Не ўбівайся. Чуеш, стральба ўжо сціхла. Значыцца, астатнія застануцца на нашу долю. Ён трапіць сам да нас у рукі.
— Праўду ты кажаш? — Міцю ўжо нават закалаціла ад таго, што заўтра ці паслязаўтра ён пойдзе чысціць турму — расстрэльваць людзей і стрэне там, напэўна, каго знаёмага ці нават блізкага.
— А ты думаў, немец дурны, каб цягаць трупы. Прыгналі вунь гомельскую зондэркаманду,— Камашыла зноў пакруціў флягу, нібы самагон, перад тым, каб выпіць, трэба было разбаўтаць, і лінуў сабе ў рот.— Заўтра раніцай заступаем, так што не прапусці свайго Царыка.
Читать дальше