Хрысця, чуючы благое, немінуча-страшнае, падскочыла да веснічкаў, падняла збанок з казіным малаком, расплюхваючы яго на сябе, на росную, залаціста-зіхатлівую ад сонца траву, бездапаможна ўздыхнула:
— За што?
— Там, дзе трэба, скажуць,— усміхнуўся ў няроўна падстрыжаныя вусы большы ростам і старэйшы паліцыянт, што, грукаючы ботамі, няспешна збег са сходаў ганка.
— А ты не распытвай, а садзіся разам у самаход, бо зачакаліся,— нізкі, з чырвонай нарасцю на губе саўгануў руляю Хрысці ў плячо. Моцна і балюча, ажно ў яе выпаў і, трапіўшы на камень, раскалоўся збанок з казіным малаком.
— Божачка, каб хоць хлеба ўзяць,— Хрысця, абмінуўшы чорную рулю вінтоўкі, памкнулася да веснікаў.
— Мы тут ненадоўга, зараз выпусцім,— ёй зрабіў заступ дарогі вусаты.
— Не штурхайце яе, яна ж пасля родаў! — крыкнуў і спалатнеў Імполь.
— Ліха не возьме,— ад здзеклівага смяшку ў недарослага паліцыянта скрывілася рассечаная, са шрама нарасці, тонкая губа.— Баба рыхтык авечка, прывяла ды пабегла.
Імполя з Хрысцяй падагналі да каратканосага з брызентавым вялікім кузавам грузавіка, што прыглушана вуркатаў маторам, пускаючы з-пад сябе чорна-шызы салярачны дым. Бліскаючы шкельцамі акуляраў, даўгашыі немец разгарнуў тоўсты скручаны сшытак.
— Прозвішча называй,— руля штырханула Імполя між лапатак.
— Верамей ён,— падказаў вусаты і тыцнуў пальцам у тоўсты разгорнуты сшытак.
— Я, я [31] — Так, так (ням.).
,— махнуў седлаватай, крута выгнутай фуражкай нямецкі афіцэр.
— Божа, куды ж нас? — Хрысця ўзялася за Імполеву руку і ўслед за ім улезла ў грузавік, убачыўшы ў слепаватым пасля сонца цяньку і прызнаючы таго-сяго з дварчанцаў, што сцішана сядзелі на папярочных дошках. Учуўшы яе бедаванне, нехта толькі глыбока ўздыхнуў, і ў грузавік ускочылі і селі на заднюю лаўку паліцыянты.
Аднекуль з кутка пацягнула тытунёвым дымам.
— Хто там курыць, сволач!
Акуты жалезам прыклад з усяго размаху гахнуў Імполю ў плечы.
— Гэта ж не ён. Што ты робіш, недавярак?! — Хрысця хапілася за вінтоўку, першы раз учуўшы яе страшны лядовы холад.
Машына, здаючы назад, закалыхалася, потым натужна загула і рванула ўперад. Выехала з ценю на сонца — з прарванага брызенту, з косай дзіркі па зажмураных тварах людзей пабег зайчык, заблытаўся ў чыіхсьці кучаравых рыжавата-залацістых валасах. Хрысця здумелася: няўжо яна, Чэся? Але зайчык споўз на рабаціністы твар незнаёмай дзяўчыны...
Дзе яна, Чэся, у Хрысці спыталі сярод ночы, выклікаўшы са смярдзючай камеры турмы і прагнаўшы настылым брукованым дваром пад скляпенні прысадзістага будынка ў вузкую, з закратаваным акном, апырсканую крывёю сутарэню, у якой сядзелі, прыпёршыся да сцяны, трое — хударлявы дзюбаносы гадоў дваццаці двух хлопец, якога Хрысця недзе бачыла, і чарнявы, нябрыдкі з твару, акуратна пад кароткую польку падстрыжаны немец і немалады, лысы ў рагавых, з разводамі акулярах мужчына-перагаворшчык.
Худы, дзюбаносы хлопец паказаў пальцам на пустое крэсла, што стаяла якраз перад зыркаю настольнаю лямпаю. Чарнявы, паголены да сінявы немец павярнуўся да лысага перагаворшчыка, і той ужо пераклаў, што ён пытае:
— Скажы пану афіцэру, ты рабіла ў дварчанскім шпіталі?
— Рабіла.
— А Чэсю Доўнар, медсястру, даўно знала? — перагаворшчык зноў пераклаў тое, пра што пытаў немец.
— Чаму ж не.
— А дзе яна цяпер?
— Ці я ведаю.
— А яна ж была ў цябе на кватэры?
— Была ды, як кажуць, сплыла,— Хрысця зажмурылася ад сляпучай лямпачкі.
— А медыкаменты табе не перадавала?
— Ні пра якія медыкаменты я не ведаю.
— Ага, значыцца, забылася, не помніш? — малады хударлявы хлопец азірнуўся на немца і з-за спіны дастаў плётку.— Тады раздзявайся! Будзем успамінаць...
Хрысця сцялася, учапіўшыся рукамі за крэсла.
— Так што, доўга чакаць? — малады раптам падскочыў да Хрысці і знянацку ўдарыў дзяржальнам па шыі, моцна, нібы якім цяжкім паленам, ажно яна на міг адышла ад памяці. Нават не паспела агледзецца і разабрацца, як схапіў за плечы, нахіліў, балюча заціснуў між ног голаў. Плёткамі секлі абое: маладому памагаў лысы. Білі да змогі.
Боль апякаў як агнём. Хрысця міжволі заенчыла, але сцярпела, суняла свой крык. Ведала — будзеш крычаць, прасіцца, пачнуць здзекавацца яшчэ болей. Ці ад катаў чакаць літасці? I біць перасталі, загадаўшы да раніцы падумаць і сказаць усё...
Назад у камеру Хрысця ледзьве ішла: ад болю ныла і гарэла, быдта аблітая варам, уся спіна. Ззаду па бруку звінюча шоргаў падкоўкамі ботаў сонны паліцыянт. Пачырванелая поўня глядзела на сцішаны турэмны двор. У шарым змроку блізкай раніцы ўскрыквала невядомая пташка. Хрысці ўспомнілася нешта невыразнае, далёкае і шчымлівае. Яна падняла голаў на гэты трывожны скрыпучы ўскрык пташкі і ўбачыла дзве постаці: адну — ніжэйшую, сутулаватую, другую — знаёмую па шыракаватых плячах, па глыбока насунутай на лоб кепцы, па размашыстай хадзе,— і Хрысця не стрывала, спытаўшы ў гэты шары змрок:
Читать дальше