Але бог сцярог — даўгі грузавік спыніўся ўсяго раз і недзе далей, у канцы вуліцы. I сёння раненька, толькі чырвонае вялікае сонца, што накацілася на бляшана-ржавы дах нізкага і аблупленага — у ромбіках лучыны — атынкованага дома, Хрысця, узяўшы шурпаты, непаліваны збанок, выбегла да дварчанскай Юзэфы ўзяць малака. Хоць якое там малако — казінае. Хрысця і не есць, брыдзіцца. Але Імполю ёсць чым забяліць крупнік.
Пасля здаровай, што нават паказвала на прымаразак, ночы ў цяньку на траве стыла сіваватая раса.
Хрысця, уступіўшыся на босую ногу ў парусінавыя Імполевы туфлі, слізгала каля плота, пакідаючы на спарышніку і дзяцелінцы зеленаваты след. Нават і не ўбачыла, пазіраючы пад ногі, што насустрач з пустым вядром да калодзеся ківаецца Казмерчыха. Па яе чырвоных вачах, па цяжкай, маруднай хадзе Хрысця дагадалася — у Казмерчыхі бяда.
На паднятыя ў здзіўленні і трывозе Хрысціны вочы Казмерчыха ўздыхнула і праз гэты цяжкі ўздых ледзьве вымавіла:
— Арыштавалі маіх.
— Каго?
— Сына з мужыком.
— Божа літасцівы,— адступілася са сцежкі і натрапіла туфлем на ржавую бляху, што звінюча хруснула, пудкая Хрысця.
— Ну старога,— скрывіла ў пакуце замурзаныя чорным пушком і пасечаныя шнаркамі старасці свае губы збедаваная Казмерчыха.— А меншага ж за што? Сямнаццаты годзік яму ідзе...
— Мы ж бачылі, як цалюткую ноч шнуравала машына.
— Сцеражэцеся,— працяжным слабым голасам падказала Казмерчыха.— Паліцыянт Ядлоўскі перадаваў, што нехта хацеў падпаліць управу, што будуць яшчэ хватаць людзей.
— Што вы кажаце? — Хрысця азірнулася — ісці ўжо альбо не ісці да Юзэфы, але вуліца была пустая, толькі з адчыненай суседняй брамкі выглядаў вялікі чорны сабака, і яна для асцярогі скоранька пашлыгала, цягнучы туфлі на другі бок вуліцы.
У Юзэфінай хаце густа пахла тарпатынай, яшчэ нейкім атрутна-едкім пахам. На ложку з-пад коўдра, пашытага з чырвона-сініх трохкутных лапікаў, вызіралі вялікія асалавелыя вочы.
— Тыф па ўсіх перабярэ... Во валасы ў большай высыпаліся,— Юзэфа злавіла за плячо худзенькае і тонкае, як снітка, дзяўча.— А ўчорачы меншая захварэла. Пры табе, помню, радзілася... Ты ўжо да яе не падыходзь.
Аднак Хрысця падышла, паўзіралася на жаўтлява-зялёны курносы тварок з сіняватымі, звялымі і падсушанымі ад жару губкамі.
— Гэта цётка Крысціна,— Юзэфа павярнула да ложка сваю гладка зачасаную, з цяжкай куклай голаў.— Памагала тут нам, як ты радзілася.
Прыгаслымі, абыякавымі хворымі вочкамі дзяўчынка паволі глянула на Хрысцю.
— Жар, мусіць, прайшоў,— сказала Хрысця, каб суцешыць сябе і Юзэфу.— Адступілася хвароба.
— Дай жа божа, дай жа... Столькі за гэты месяц у хвойнік завязлі,— сказала і, выйшаўшы ў сені, заплакала Юзэфа.— I ты во сваё дзіцятка пахавала.
— Нежывое радзілася, біла мяне паліцыя з вакзала,— Хрысця краем фартуха прыкрыла чырванаваты збаночак, у які Юзэфа наліла тлустага казінага малака, і ступіла за высокі парог. Жвірыстай сцежкай, зацярушанай жоўта-ружаватай лускою ад чорнай старой ліпы, што ўвабралася ў рэдкае салатавае лісце, выбегла за брамку.
Азіраючыся і ціснучыся бліжай да плота, вуліцай прыспешваў, выкідваючы наперад калекую каротшую ногу, усохлы невысокі мужчына. Прыпыніўшыся каля Хрысці і, тужэй нацягваючы круглую сівую шапку, зморана выдыхнуў:
— Маладзічка, пачакай тут. Там жандармерыі поўна...
Хрысця зніякавела, прыпынілася на міг, але падумала, што ў хаце Імполь, што трэба не пакідаць і ратаваць яго, і, не зважаючы на страх, які рос і халадзеў у грудзях, зашоргала велікаватымі парусінавымі туфлямі па цвёрдай утоптанай вуліцы. Са збанка выплюхвалася малако, згортваючыся на пяску ў скалкі.
Пад свой дом падышла якраз тады, калі на ганак з хаты, загадаўшы, мусіць, закласці за спіну рукі, вывелі Імполя двое дварчанскіх паліцыянтаў. Высокі бялявы немец з жоўтым да калена маўзерам стаяў на вуліцы пры крытым грузавіку, што чмыхаў смуродлівым дымам саляркі.
Аднаго з паліцыянтаў — нізенькага, гарбаносага, з чырвонай нарасцю на верхняй, некалі, пэўна, рассечанай губе,— Хрысця пазнала: ён рабіў, здаецца, з Міцем у камітэце, а ў першы год, як з’явіліся немцы, пачаў хадзіць з чорнаю гумай, на зрэзаным канцы якой блішчаў медны, пераплецены дрот. З гэтаю доўгаю гумай ён стаяў найбольш каля пустых яўрэйскіх хатаў і няшчадна сек местачковых падлеткаў, калі тыя ўскоквалі туды, каб што-небудзь там схапіць. Цяпер ён трымаў пад пахаю караткаватую вінтоўку, падштурхоўваючы ў веснікі Імполя.
Читать дальше