Але нешта хлапечае, астаецца ў мужчын па апошнія іх дні. Няўлоўнае, неназванае адгукваецца рэхам у застольных размовах, прыхоўваецца між слоў, апранаецца ў шматзначныя ўсмешкі.
— Я, у шэсцьдзесят, о-го, — абводзіў зрокам афіцыянтку Максім Карпавіч. І прыкідваючыся смуткам, уздыхаў. — Божа ж ты мой! Забраў сілы, вазьмі і ахвоту.
Такі цырыманіял паўтараўся кожны месяц. Мяняліся адно сцежкі гэтых, па-хлапечаму канспірацыйных, па-хлапечаму недалёкіх бацькоўскай хаце эскападаў. Адзін раз кіраваліся яны на афіцыянтку, а другім разам бралі напрамак на зусім выпадковую паненку, што прытулілася якраз да суседняга століка.
Але маладыя паненкі натоўпам сюды не заходзілі. Рэстаранчык быў з другой, прызабытай зараз палоскі часу. У далёкай мінуўшчыне — можна б падумаць — разгарнуў хто на сталах цыратовыя загончыкі, абсеяў іх алюмініевымі лыжкамі і відэльцамі, там-сям уваткнуў хісткое драўлянае крэсла. А затым, не чакаючы жніво, з’ехаў у другую краіну, або ў вечнасць. А можа невыпадкова, можа з думкай аб такіх якраз кліентах, адвяла якая міласэрная рука гэты куточак з гаманлівай сучаснай прасторы?
— Каму забраў, а каму і не, — на нараканні Карпавіча адгукваўся таямнічай усмешкай Віктар Сцяпанавіч. — Мне таксама семдзесят пяць. А пакуль яшчэ мая Маня не наракае.
Паўслоўцамі, зразумелымі толькі мужчынам, называліся карысці, якія можа мець мястэчковая ўдава ад кансерваванага сонцам, дажджом і ветрам вясковага хлопца.
Але наогул Сцяпанавіч не паспяваў падзяліцца з сябрамі гэтай радасцю, што час ад часу выпадае на долю ягонай Мані. Гутарка стаўлялася на зусім другія рэйкі. Пётр Паўлавіч з кішэні пінжака выгартаў насавую хустачку, згартаў пот, што бліскучымі жамчужынамі гуртаваўся на кончыку носа — ад гарачай гарбаты, а мо на які жахлівы ўспамін.
— А я ўчора ўпаў, — заяўляў сумным голасам.
— Як, упаў? Дзе? — хваляваліся апошнія. Але хваляванні былі павярхоўныя і зараз знікалі. Калі ты зараз тут — значыць падняўся, нічога страшнага не адбылося.
— Нармальна, на вуліцы. Ішоў і зваліўся. Цяжкое штосці села на грудзі, потым свінцовым холадам пералілося на плечы, і ў ногі. А потым сцямнела ў вачах і я адышоў ад прытомнасці. А калі разбудзіўся, нейкія маладыя людзі акружалі мяне шчыльным вяночкам. На фоне чыстага неба я бачыў іхнія голавы, і чуў іхнія галасы. І яны разважалі: пяны, ці хворы я. А я ж і ў рот не бяру. З маім сэрцам, самі ведаеце, было б самагубства.
— Нічога не разумеюць маладыя, нічога не ведаюць — горка ўсміхаўся Іван Пракопавіч.
— А ў мяне грыжа, — адзываўся Віктар Сцяпанавіч. — Такая, во, — згартаў далоні ў кшталт футбольнага мячыка. — Усе тыя мяшэчкі картопляў і жыта, што вамі, гарадскімі скарміліся, зараз і выбіраюцца на белы свет. Аперацыя неадкладная. Сам не знаю — паміраць ад нажоў лепш, ці ўсё ж — такі ў сваім ложку?
Грыжу Віктара Сцяпанавіча дасканала ведалі. Тут яна нараджалася, пачыналася з маленькага гарохавага зярната, надзімалася ў тэнісны шарык, аж зараз дасягнула размераў футбольнага мяча. Карыстаючыся правамі, належнымі поўнацэнным удзельнікам застолля, уключалася ў размову ў любы момант, не чакаючы сваю чаргу. І была пры тым прэлюдыяй, запрашэннем у своеасаблівы акцыён, біржу, дзе чалавек стараецца апярэдзіць другіх, узляцець вышэй, галасней за ўсіх апошніх назваць сваё імя, накрыць козырам усе, раней разложаныя на стале карты.
— А ў мяне лёгкія на кволых нітачках чапяць. Як сказаў лекар: “Інжынер які, або другі панок, даўно з зямлёю шлюб узяў бы”. І яшчэ сказаў лекар: “Адракацца трэба ад гэтага гаўна” — Максім Карпавіч вылузваў з кішэні пачак папяросаў, шпургаў на стол. А потым пяшчотным жэстам прыгартаў яго бліжэй, да сябе. — А як пакінеш, калі шэсцьдзесят год курыш? У сорак чацвёртым вывучыў, у савецкай перадавой. Махорка была ў іх — моцная, бы спірт. Увогуле, моцныя былі яны хлопцы, адважныя. Жыццё аддаць — тое, што і сплюнуць.
І паўтараючы адвагу савецкіх разведчыкаў, разгартаў пачак, спраўна пстрыкаў у тэктуровае дно, а папяроса, бы на якой пружыне выскаківала між пальцы. Каўкаў дым, аж напіналіся грудзі — горда, рашуча, можна б падумаць — выходзілі на сустрэчу свінцоваму дажджу, агнявой лавіне.
— А ты Пракопавіч, што можаш ведаць пра перадавую? Сярун быў...
Гэтым словам Карпавіч называў Пракопавіча часта а густа. Часам яно Пракопавічу падабалася, а часам не. Асабліва, калі размова кранала справы важкія, адлеглыя на шэсць дзесяцігоддзяў, рабілася крыўдна Пракопавічу. Бо ў чым вінаваты чалавек, што якраз у той гераічны час, хадзіў ён у пяцігадовых смургалях? І тады Пракопавіч выкладаў на стол свой, ці не адзіны джокер, што крадком прыхоўваўся ў абшастанай калодзе дзён.:
Читать дальше