Жывот быў увесь у крыві, не відаць, дзе рана, і Фімка, адарваўшы ад скрутка кавалак бінту, пачала выціраць кроў. Кроў не выціралася, прыліпала да бінту, але скора Фімка ўбачыла, што ў адным месцы яна выпінае, успучваецца бурбалкай, і здагадалася, што рана тут. Спехам пачала перавязваць, падсоўваючы скрутак бінту пад спіну, паварочваючы цяжкое цела. Бінт тут жа намакаў крывёю, і яна ад другога скрутка ададрала вялікі кавалак, зрабіла з яго падушачку, паклала туды, адкуль сачылася кроў. Зноў пачала перавязваць, скарыстала ўсё, што прынесла з сабою.
Мурмонь ляжаў цяпер сцішаны, а Фімка сядзела пры ім, зноў не ведаючы, што рабіць. Яна раз-пораз пазірала ў неба, ці не відаць там самалёта, ці не ляціць зноў, але самалёта не было відаць, толькі ў тым баку, куды пабеглі ўсе партызаны, нарасталі і нарасталі, гусцелі стрэлы.
Фімка разумела, што там нашы б’юцца з немцамі, а калі немцы страляюць па нашых, то і там могуць быць параненыя. Мурмоня тут, мусібыць, як і каня з абпаленаю грываю, параніла асколкам бомбы. А там кулі. I, можа, таксама ляжаць параненыя, і няма каму іх нават перавязаць. Туды, праўда, пабег доктар, але доктар не ўзяў з сабою ні бінтоў, ні ваты, пабег туды з аўтаматам, гэта добра бачыла Фімка. Ёй трэба туды. Дзе страляюць. Нікога са шпіталя не засталося, толькі яна, доктар пабег з аўтаматам. Можа, хоць бінтоў набраць ды доктару занесці.
Мурмонь ляжаў, заплюшчыўшы вочы, і часта дыхаў. Фімка не ведала, што ёй рабіць, не было нікога са старэйшых, каб сказаць ёй: «Рабі гэта!» Каб нехта сказаў ёй такое, яна падскочыла б і пачала рабіць. Хаця нехта як крычаў ёй, як загадваў — бяжы туды, дзе страляюць, бяры бінты і бяжы... Нешта як крычала гэта ёй, як з сярэдзіны, як з душы.
А Мурмонь? Пакінуць? А што яна можа яшчэ зрабіць Мурмоню? Адаб’юць нашы немцаў, вернуцца ў лагер, тады доктар скажа, што рабіць Мурмоню. Мусіць, прыйдзецца яшчэ паляжаць на Мурмоневых нагах, пакуль доктар будзе вымаць асколак. Парабіўшы ў шпітальнай зямлянцы, яна разумела ўжо крыху, што робіць доктар параненым.
Але і пакінуць Мурмоня проста так, на сырой зямлі, Фімка не магла. Азірнулася — можа, куды зацягнуць, схаваць? Але падумала, што цягнуць цяпер параненага, то яму будзе надта балюча і можа зноў пайсці кроў.
Недалёка ад іх, з расчыненымі насцеж дзвярыма, стаяла цэлая, не разбітая бомбамі, зямлянка. Фімка пабегла туды. Пасля святла і тут здалося цёмна, толькі агарнуў пах тытуню, махоркі — пракурылі мужчыны і сцены, і пасцелі. Праз хвіліну вачам зрабілася відней, і Фімка ўбачыла раскіданыя на нарах пасцелі, падушкі, набітыя сенам. Не доўга думаючы, сцягнула дзве клятчатыя посцілкі, падушку, цяжкую і цвёрдую, выскачыла з гэтым усім назад у лес, падбегла да Мурмоня.
Пад слабую галаву, якая хісталася пад рукамі, падклала падушку. Укрыла дзвюма посцілкамі. Рабіла гэта і прыгаворвала:
— Ты тут паляжы, пацярпі... А я туды...
Мурмонь нічога не адказваў, можа, ён і не чуў, што казала яму дзяўчына. Толькі раз расплюшчыў вочы, павёў позіркам наўкола, ні на чым не затрымаўшы вока. Фімцы здалося, што ён хоць і паглядзеў, але нічога не ўбачыў.
Пасядзеўшы яшчэ з хвіліну каля Мурмоня, Фімка скоранька паднялася, глянула ў неба. Па ім спакойна і безудзельна плылі аблокі, паміж аблокаў раскрывалася глыбокая сінь, не верылася, што нядаўна адтуль, з гэтага неба, чуліся выццё і свіст, сыпалася на галовы смерць.
Прыслухалася да страляніны. Яна не сціхала, чулася то мацней, то слабей, сыпала густымі чэргамі. Крыху прыгнуўшыся, нібы баючыся, што гэтыя стрэлы далятуць і сюды, Фімка пабегла да шпітальнай зямлянкі. Заскочыла ўсярэдзіну, пакруцілася, шукаючы, у што набраць бінтоў. Пад рукі трапіў мяшок, чысты мяшок, збіраліся набіць яго сенам ды зрабіць падушку, свежую вялікую падушку, каб можна было спаць утраіх. Пачала піхаць з шафкі бінты ў мяшок. Зноў успомніла пра самагонку, але бутэлькі зноў не знайшла, доктар надта хаваў самагонку, ды і не трэба ёй тая бутэлька, яшчэ паб’е.
Трымаючы перад сабою мяшок, выскачыла з зямлянкі, пабегла па сцежцы і твар у твар сутыкнулася з Зінай Патапавай, якая з’явілася невядома адкуль — у сваім белым кажушку, у квяцістай хустцы, задыханая, з поўнымі страху вачмі. Фімка міжволі павяла позіркам наўкол — ці няма паблізу і Ромкі, апошнім часам вакол гэтага кажушка неадступна круцілася і яго куртка. Але Ромкі нідзе не было відаць, і ў далёкай падсвядомасці ў Фімкі гэта адазвалася быдта радасцю.
Фімка і Зіна Патапава стаялі адна перад адной, глядзелі адна адной у вочы. Фімка ўжо хацела абмінуць той кажушок, каб пабегчы туды, куды намерылася, але дзяўчына схапіла яе за рукаў.
Читать дальше