Цяпер ляскала з бакоў — і справа, і злева, недзе вухнула граната, але тое здалося ўжо нястрашным, бо было далей.
Фімка падняла галаву. I ўбачыла, як наперадзе, паміж кустоў з пачарнелымі лістамі, што віселі на іх, быдта анучкі, мільганулі, перабягаючы, людзі і цягнучы за сабой кулямёт. Адзін, два, тры чалавекі. Двое ў ватоўках, адзін у кажушку. Здалёк не пазнала, хто, але факт, што нашы. Ды ў немцаў, здаецца, і няма кулямётаў, у немцаў усё аўтаматы. Партызаны беглі з тых кустоў, дзе нядаўна так моцна сакатаў кулямёт, беглі справа налева, мусіць, мяняючы месца, адкуль страляць. I правільна зрабілі, бо скора там, адкуль нядаўна яны выскачылі, вухнула, разарваўшыся, граната.
Фімка зноў уткнула галаву ў сыры дол, а калі ўзняла, то партызан, якія перабягалі, ужо не бачыла, толькі пачула ўжо злева, тое самае — та-та-та...
Цяпер яна зноў не ведала, куды бегчы і што рабіць. Там, у лагеры, здавалася, як прыбяжыць туды, дзе страляюць, так адразу і пабачыць доктара, і перадасць яму мяшок з бінтамі, і будзе сама рабіць — што доктар загадае, а тут не відаць ні доктара, нікога, толькі тыя, што перабягалі, ды кулі, кулі...
Яна цяпер ляжала і старалася ўгадаць па стрэлах, як па галасах, дзе нашы, дзе немцы. Падумала, што, мусіць, немцы на тым полі, што за гэтым лесам... I нашы не пускаюць немцаў у гэты лес. I не пусцяць, вунь як страляюць. I Фімка зноў тулілася галавою да зямлі, ратуючыся ад стрэлаў. Холадам, цвіллю, грыбамі пахла ад старога счарнелага лісця, што ляжала пад самым тварам, пад самымі вачмі. I шорхла скура на спіне, і калола ў ногі, пад каленкамі, і цяжка было падняць галаву ад зямлі, каб зноў агледзецца, нешта ўбачыць.
На полі, за лесам, стрэлы пачалі аціхаць, мацней білі з гэтага лесу, свае. Мажа, так, а можа, і не так, Фімка слухала ўсё толькі вушамі, сэрцам, ніколі не хадзіла яна на заданні, ніколі не бачыла бою, ведала толькі, што недзе тут, у гэтым лесе, свае, а там, на полі, сама смерць, іначай і не ўяўляла Фімка немцаў, як саму смерць, ведала, што кожнага партызана, кожнага сувязнога, нават кожнага родзіча партызанскага чакае ад немцаў адно — смерць. Ведала, што калі і сама да немцаў трапіць, то і. яе адно чакае — смерць. Але не верылася, не верылася, што і яе можа напаткаць смерць.
I раптам крыкі:
— Га-а!
— Бі-і-і! — разлягалася па лесе.
I затрашчалі кусты, і затупалі, пабеглі партызаны, туды, дзе канчаўся лес, дзе прасціралася поле. I крыкі і тупат ног далей, далей ад Фімкі, стрэлы — градам, дажджом туды — з лесу на поле, адкуль наступалі немцы. А можа, іх ужо няма на полі, можа, уцяклі, спужаліся партызанскай сілы?
Не стрывала Фімка, падняла галаву, а потым падхапілася і пабегла. Быдта сіла, непадуладная ёй, падхапіла і панесла — туды, за сваімі, за тымі крыкамі, на ўскрай лесу. Ужо відаць было ёй поле з пачарнелым іржышчам і другая сцяна лесу, хмура-зялёная ад старых высокіх елак. Ужо відаць было ёй, як уцякалі шэра-зялёныя шынялі, беглі з поля ў лес, азіраючыся і адстрэльваючыся, страляючы на хаду, а за імі — з крыкам, з гікам беглі партызаны, гналі немцаў, як скаціну ў загон, з якога яна, раз’юшаная, выскачыла і можа нарабіць вялікай шкоды.
Можа, і яна пабегла б цераз поле, за сваімі, у той лес, але на самым ускраі зачапілася нагою за корч, упала з усяго разгону. I як толькі ўпала, лісце над галавою, кара на дрэвах пасыпаліся дажджом на яе галаву, на спіну, на ногі.
Яна зноў прыкрыла галаву мяшком з бінтамі, зноў чакала, сцяўшыся, калі скончыцца гэты жалезны дождж, што зразаў, ссякаў галіны, крышыў камлі над ёю, вакол яе. А калі ацішэла і яна падняла галаву, на полі не было ўжо ні немцаў, ні партызан, толькі засталіся ляжаць цёмныя бугаркі, як наточаныя кратамі купкі. Стрэлы ляскаталі ўжо там, у тым лесе, ужо там ішоў бой. I паміж бабахання, сакатання стрэлаў Фімка пачула стогн. Пачула раз і другі.
Іржышча стагнала.
I не відаць было — ні доктара, нікога са сваіх. Зноў Фімка заставалася адна, як каля Мурмоня ў лагеры. Зноў трэба было думаць самой — што рабіць. Але Фімка і не думала. Тое, што яна перажывала, лежачы на ўзлеску, не было думаннем. Можа, гэта было перажыванне... Можа, голас душы, кліч невядомага ажываў у ёй... Але нешта штурхала, нешта прымушала — туды... На поле... Да сваіх... Яна разумела — зноў не галавою, а можа, інстынктам, што там, на ржышчы, яна будзе адкрытая ўсім... Таму і пападалі хлопцы, што выбеглі на ржышча, што не было там за што затуліцца, ні бярозкі там не расло, ні хваінкі. Але трэба было гнаць немцаў, і нашы выбеглі з лесу на поле, туды, дзе затуліцца не было за што. А яна... Будзе ляжаць тут, прыкрыўшы галаву мяшком з бінтамі, а нашы на полі стагнаць, сцякаць крывёю.
Читать дальше