— Мне вельмі шкада, што ты гэта ўбачыла, — загаварыў ён.
Яму самому стала ніякавата нават фізічна. Грынкевіч раптам адчуў тупаваты боль у грудзях — ягоны пажыццёвы спадарожнік, які часам нагадваў пра сябе пасля такіх вось сцэн. Маленькія малаточкі дзяўблі па скронях, паветра рабілася мала. Ён інстынктыўна пачаў глыбока ўдыхаць і выдыхаць. Зараз мусіла адпусціць.
— А што, лепей было б, каб гэта адбывалася ў мяне за спінай? — прамовіла Ірына, прыкусваючы вусны.
— Лепей было б, каб яно ўвогуле ніяк не адбывалася, — прамовіў Грынкевіч, які цяпер таксама быў збялелы. — Гэта Маша, мы сустракаліся яшчэ калі я ў Піцеры вучыўся. Я ёй ніколі нічога не абяцаў, але яна ад мяне не адчэплівалася. Калі я з'ехаў сюды, яна паехала за мной следам і паступіла тут у консу, хоць яе ў Піцер бралі.
— Я памятаю яе, — адазвалася Ірына. — Толькі ў консе мы неяк не камунікавалі. Не ведала, што яна і ты.
— Я яе за сабой не клікаў! І нічога не абяцаў, бо яна ненармальная, — працягваў Грынкевіч. — Але яна тут шэсць гадоў чагосьці чакала. Працавала ў хоры, але спявачкай не стала. Мы парвалі з ёй два гады таму, і яна з'ехала ў Маскву, цяпер яна ўвогуле не ў музыцы. Не бачыліся, не кантактавалі. Потым я сустрэў цябе. Потым была здача «Эліксіра кахання». Потым ты сказала мне, што нічога быць не можа. І тут з'явілася яна. А я збіраўся тады ў Маскву.
— І шукаў запасныя аэрадромы.
— Нічога я не шукаў! Мы выпадкова сустрэліся, а мне трэба было забыць пра тое, што ў мяне было з табою. Мне трэба было неяк жыць далей. Ты ж тады выбрала Собалева.
Ірына нарэшце павярнулася да яго тварам.
— А цяпер ты яе гэтак лёгка адштурхнуў, бо я.
— Я яе адштурхнуў, бо гэта даўно трэба было зрабіць, дзеля цябе ці дзеля сябе! Ты проста ўсіх акалічнасцяў не ведаеш. Я табе потым раскажу. І пра тое, як яна ў маёй кватэры газавыя краны адкручвала. І пра тое, як яна труцілася, але так, каб яе знайшлі ды адкачалі. А я потым у міліцыю хадзіў на тлумачальную размову. Бо яна ж і цыдулку пакінула, быццам я ў ейнай смерці вінаваты. Я думаў, яна змянілася, супакоілася. Але ж не.
— Яна эфектная, натуральная вельмі, зямная, — прамаўляла Ірына. — Без усялякага глянцу — як вы, мужыкі, і любіце.
— Гэтая эфектная натуральнасць ездзіць мне па мазгах ужо дванаццаць гадоў. У яе гэта ідэя фікс. Іра... Ну павер, што гэта прыкрая недарэчнасць! І ніхто мне, апроч цябе, не патрэбны.
Дон Джавані хлусіць цяпер ужо Дзэрліне: маўляў, гэта няшчасная дама палка ў яго закаханая, і каб не разбіваць жаночае сэрца, ён прыкідваецца, быццам таксама кахае яе.
Ірына зірнула яму ў вочы калі не з даверам, то, прынамсі, з жаданнем прыняць яго словы за ісціну.
— Цяжка, Лёша, усё гэта ўспрыняць гэтак адразу. Ведаеш, мне жонка Собалева раз-пораз тэлефануе і пагражае абліць мяне кіслатой. Я неяк да гэтага прызвычаілася. Можа, таму што ўнутрана мне ўсё адно, бо я ж за Собалева не чапляюся. Я б нават хацела, каб ён мяне сам адпусціў. А да такога, як сёння, я не падрыхтаваная. Шкілеты ў шафе.
— Я табе абяцаю, што больш ніякіх шкілетаў не будзе, — прамовіў Грынкевіч і правёў даланёю па яе валасах.
Ірына не адсунулася і дазволіла нават пацалаваць сябе. Грынкевіч уздыхнуў з палёгкай: добра тое, што добра заканчваецца. Ён пацікавіўся ў Ірыны, ці зможа яна цяпер працаваць, і параіў не нагружацца на поўную моц, асабліва ў ансамблях. Размову пра Дзэрліну варта было перанесці на потым.
Пасля ён яшчэ зайшоў у прыбіральню і паспрабаваў змыць са швэдра выразныя сляды Машынай памады. Аднак гэта не атрымалася, і ўсю спеўку Грынкевіч неадвязна думаў толькі пра тое, што салісты болей глядзяць на размазаную ружовую пляму на яго вопратцы, чым у свае ноты з партыямі.
Эльвіра чуе, што свавольнік кажа наіўнай сялянскай дурніцы. Яна, натуральна, шалее ад такога нахабства.
№ 8: Арыя «Ah, fuggi il traditor!».
Маша і гэтым разам не думала адступацца. Прыйшоўшы дадому пад вечар, вельмі стомлены пасля працы, Грынкевіч убачыў яе пад дзвярыма сваёй кватэры. Відаць, яна ўвайшла ў пад'езд за кімсьці з суседзяў, калі тыя адчынялі дзверы. Маша сядзела на дыванку, абхапіўшы рукамі сагнутыя ў каленях ногі, як змагар за правы чалавека ў часе акцыі пратэсту дзе-небудзь на тэрыторыі вельмі важнай установы. Такім чынам яна давала зразумець, што прыбраць яе адсюль можа толькі нарад спецназаўцаў.
Гэта было цалкам у ейным стылі, ад якога Грынкевіч за два гады адвык. У гэтыя хвіліны ён, як сёмая ступень да тонікі, хіліўся да цёплага душу, да вячэры з пляшкай піва і да ложка перад тэлевізарам, бо хацеў на пару гадзін адключыць мазгі. Маша прыйшла іх вынесці. І для пачатку яна разлічвала ўварвацца ў кватэру або дэманстратыўна біць нагамі ў дзверы, калі яе пакінуць у пад'ездзе. Такое неяк ужо здаралася, суседзі тады выклікалі міліцыю, і Машы пагражалі суткі за дробнае хуліганства, але Грынкевіч тады сам залагодзіў справу. Можа, і дарма. Сёння яна гатовая была паўтарыць свой подзвіг, але ж Грынкевіч не быў гатовы цэлы вечар патраціць на Машу, мянтоў і суседзяў.
Читать дальше