Але ён недаацаніў сваю вартасць у вачох Машы: ён жа меў пакой у камунальнай маскоўскай кватэры, якая неўзабаве падпадзе пад рассяленне. Гэта значыць, што можа з'явіцца асобная кватэра, хай сабе і не ў цэнтры горада, але яе потым можна прадаць, дадаць тых грошай, якія засталіся ад продажу бабулінага дома ў Краснадары, пажаніцца, узяць іпатэку, завесці дысконтную картку ў будаўнічым гіпермаркеце, займець вясельны альбом, стварыць акаўнт на мамскім форуме. Маша сапраўды планавала жыццё як мінімум на пяць гадоў наперад і вельмі цяжка адмаўлялася ад сваіх планаў.
Калі на наступны дзень зранку Грынкевіч прыйшоў на працу, то ўбачыў у фае каля вахты Машу ўласнай персонай. Яна піла шакалад з аўтамата і міла шчабятала з начальніцай бюро перапустак Антанінай Іванаўнай, для сваіх — цёцяй Тоняй. Два ахоўнікі не звярталі на яе ніякай увагі, а значыцца, госця мінула круцёлку вахты на нейкіх легітымных падставах. Ну а што? Цёця Тоня чамусьці вельмі апекавалася ўсімі жанчынамі Грынкевіча, нават калі ён не афішаваў адносіны з імі, проста нейкім нюхам іх адчувала. Вось і з Ірынай апошнімі днямі яна абыходзіцца вельмі міла. Казалі, што Антаніна Іванаўна «адмытая цыганка», але на цыганскіх картах варажыць умее.
Зрэшты, пра адносіны з Машай увесь тэатр тады ведаў і без цёці Тоніных картаў.
Донна Эльвіра крычыць дону Джавані, каб ён спыніўся. Яшчэ ёсць час, каб уратаваць гэтую няшчасную і нявінную авечку Дзэрліну ад гнюсных пасягальніцтваў вядомага свавольніка.
«Ябі вашу маць, хто яе сюды пусціў?!» — хацелася зараўсці Грынкевічу, як дзіку, абвешанаму зграяй псоў. Як быццам нешта можна выправіць і адхіліць: нават калі скінуць з сябе псоў, нават калі пабегчы і ад шоку набраць нечуваную хуткасць, каб кулі паляўнічых цябе не дасталі, — усё адно ж памрэш ад нанесеных ран. У роднай пушчы ля родных балот, з'едзены мухамі і чарвякамі, але не абсмалены на вогнішчы.
Горш за ўсё было тое, што сёння была спеўка з удзелам Ірыны. І Грынкевіч якраз хацеў асцярожна пагутарыць, каб тая вучыла Дзэрліну, ведаючы, што такое паніжэнне можа ўдарыць па самалюбстве. Яна б паслухалася, але нечаканае з'яўленне гэтай вар'яткі прымусіць Ірыну думаць пра што заўгодна, але не пра оперу. І не пра іхную будучыню, эскіз якой яны ледзь-ледзь пачалі маляваць.
Маша дапіла шакалад і з выглядам трыумфатара рушыла да Грынкевіча. Ейны позірк мог выражаць што хочаш, апроч натуральнага ў гэтай сітуацыі пытання: «А што я тут раблю?».
— Ты да каго? — запытаўся Грынкевіч фармальным тонам: Маша цудоўна ведала, як ён ненавідзіць публічнае высвятленне адносінаў.
— Да цябе, мой коцік.
Паненка дэфілявала па тэатральным фае ў трыкатажнай сукенцы, якая плотна аблягала фігуру. Калісьці Грынкевіч любіў гэтую сукенку, бо яна вельмі выгадна падкрэслівала Машыну дупку а-ля Джэй-Ло і дазваляла ацаніць форму бюста вельмі моднага трэцяга памеру. Караткаватыя, але ладнай формы ножкі яна падкавала высокімі абцасамі. Валасы раскошнага ад прыроды цёмна-каштанавага колеру распусціла па плячах. Касметыкі было мінімум, як Грынкевічу заўсёды падабалася
— роўна столькі, каб надаць завершанасць вобразу тэмпераментнай паўднёвай сэкс-бомбы. Смуглявая скура, бровы дугой, агатавага колеру вочы з даўжэзнымі вейкамі, крыху кірпаты носік і роцік банцікам. Маша ведала пра ўсе свае вартасці і сёння вырашыла іх падкрэсліць, быццам выкідала назапашаныя за час партыі ў карты козыры.
— Хадзем пагутарым.
Дзэрліна збянтэжаная, яна не ведае, што ёй рабіць. Дон Джавані вырашае набрацца нахабства і вырашыць дзве праблемы адразу, каб абедзве жанчыны не былі да яго ў прэтэнзіі.
Грынкевіч распісаўся за ключ ад дырыгенцкай, узяў Машу пад локаць і павёў за сабой. Хвілінаў пятнаццаць яшчэ ёсць, пакуль на спеўку спаўзуцца ўсе салісты. Шаптацца так ці іначай будуць, бо цёця Тоня праз сетку сарафаннага радыё разнясе навіну па ўсім тэатры. І да Ірыны дойдзе інфармацыя пра Машу. Аднак калі ён усё ж пераканае Машу, што ўсё скончана, дык потым можна растлумачыць Ірыне, як яно было папраўдзе: маўляў, абрубіў апошні хвост. Толькі без публічных скандалаў! Ірына прыйшла сюды працаваць праз год пасля таго, як сышла Маша. Машу тут яшчэ добра памятаюць.
— Дык чым я абавязаны такім візітам? — запытаўся ён, абдаючы яе холадам іроніі.
— Як ты памятаеш, Грынкевіч, мы з табой павінны былі ехаць у верасні на адпачынак. У цябе планы памяняліся. Што ж, акей! Праца — гэта святое. Але ж і я хачу адпачыць, — загаварыла Маша, дэфілюючы па пакоі. — І зусім неістотна, дзе я буду адпачываць: на моры ці тут, у N.
Читать дальше