Улетку 1941 года Казімір адразу сышоў у лясы і там зрабіўся палітруком. Фларыян хацеў падацца туды ж, бо нешта казала яму пра такую неабходнасць. Але ягоная жонка толькі што нарадзіла сына і пасля родаў ніяк не магла акрыяць. Перад самай вайной яны перабраліся з Навагрудка ў адно мястэчка, якое немцы занялі так хутка, што нават не ўсе здаровыя паспелі ўцячы ў лясы. Немцы не сталі чапаць нікога, апроч габрэяў. Палякаў яны не любілі, але ж Фларыяна савецкая ўлада паспела зноў зрабіць Стрыжэўскім, дый карыстаўся ён «тутэйшай» гаворкай. Савецкая ўлада, зрэшты, не паспела ператварыць доктара ў камуніста, таму немцы пагатоў не мелі да яго пытанняў. Лекары былі патрэбныя, каб аглядаць мясцовае насельніцтва наконт прыдатнасці да працы ў Нямеччыне.
Доктар Стрыжэўскі каму змог, таму і напісаў заключэнне пра непрыдатнасць. Немцы, зразумела, ледзь не злавілі яго на гарачым. Абышлося, але ад працы ў такіх камісіях доктара адхілілі. Фармальна ён застаўся служыць немцам, бо не меў іншага выйсця. А можа, проста ўведаў, дзе ён, ягоны сапраўдны Палінік, якога Фларыян павінен пахаваць?
Аднойчы да яго ў госці завітаў малодшы брат Казімір. Сустрэча адбылася ўпотай, сярод ночы. Казік прачытаў лекцыю пра барацьбу з карычневай чумой, пра тое, што трэба ратаваць радзіму і сыходзіць у лясы. «А за што нашага брата забралі? — рэзка, быццам хірургічным скальпелем, перасёк прамоўцу Фларыян. — Ты мне прапануеш вось такую радзіму ратаваць? Дзе цяпер Мікола? Дзе ягоная магіла?»
Потым ён пашкадаваў, што задаў свайму брату такое пытанне.
Праз год у мястэчку адкрылі школу, і жонка падалася туды выкладаць. Малодшы брат прыйшоў таксама сярод ночы і нагадаў пра лясы ды карычневую чуму ўжо ў зусім ультыматыўнай форме. «А баба твая, кажуць, вучыцелькай стала? Вучыць дзетак Гітлера любіць. — сказаў ён на развітанне. — Пашкадуеш пра ўсё, браце».
Праз пару тыдняў у адной з суседніх вёсак партызаны забілі дзвюх настаўніц, і тады Фларыян загадаў жонцы сядзець у хаце.
У канцы сорак трэцяга года доктар пайшоў зрубіць ялінку на Каляды і на ўскрайку лесу знайшоў забітага немца. Да мястэчка было якіхсьці пару кіламетраў. Выбару не заставалася ніякага. Ён вярнуўся дадому без ялінкі і загадаў жонцы збірацца разам з сынам. Так яны і апынуліся нарэшце ў лесе, прыбіўшыся да нейкага атраду. Там пра Казіміра Стрыжэўскага чулі, але сказалі, што ён тры месяцы таму падаўся на фронт разам са сваім атрадам. Небяспекі сутыкнуцца з братам не было.
А мястэчка немцы спалілі ўшчэнт праз два дні.
Партызаны прымалі дактароў ахвотна, а пагатоў хірургаў, не зважаючы нават на тое, што гэты доктар палову вайны правёў у акупацыі. Фларыянава жонка памкнулася была паўдзельнічаць у «лясной школцы», але муж загадаў ёй маўчаць пра сваё педагагічнае мінулае. Чым бліжэй было да канца вайны, тым лепей ён адчуваў будучы рэванш Антыгоны. І зусім не маральны рэванш. Фларыян не думаў больш хаваць свайго Палініка і назаўжды абраў шлях Ісмены.
Вайна для Грынкевічавага дзеда скончылася недзе пад Уроцлавам. У сорак чацвёртым годзе яго мабілізавалі на фронт, дзе ён рабіў сваю звыклую лякарска-хірургічную справу. Фларыян прыйшоў у ваенныя дактары з партызанскага атраду, таму не выклікаў падазрэнняў: лясы сталі для яго ідэалагічным каранцінам. Ён думаў, што цяпер найгоршае скончылася і засталося толькі дачакацца перамогі. Але ў красавіку 1945 года за два тыдні да афіцыйнай капітуляцыі Нямеччыны ён сутыкнуўся з уласным братам, дасведчаным палітруком.
Праз пару дзён доктара выклікалі ў СМЕРШ. Антыгона прагнула для свайго Палініка раскошнага пахавальнага вогнішча. Пра такое не магла б марыць нават Брунгільда, калі вырашыла спаліць сябе разам з Вальгалай. Але Антыгона не была змаёмая з Брунгільдай, каб абмяняцца досведам.
Хто такія простыя смяротныя для багоў і герояў? Так, галлё для іх пахавальных вогнішчаў. Грынкевічаў дзед быў гатовы згарэць і шкадаваў толькі жонку і сына, якіх ужо ніколі не ўбачыць. Хоць бы толькі за іх не ўзяліся, думалася яму.
У кабінеце яго чакаў. былы аднавясковец Стась. Ягоная маці, удава з пяццю дзецьмі, калісьці працавала ў іх на млыне. Працавала яна добра, таму млынар Ян Стшыжэўскі часта даваў ёй паўмяхі мукі проста так, а жонка млынара на святы перадавала дзецям пернікаў ці цукерак. «Ты ведаеш, хто на цябе ліст напісаў? Твой родны брат. І раз ужо ён у нас герой партызанскай вайны, двойчы паранены на фронце, бальшавік.» Доктар чакаў, што зараз Стась пакліча варту, якая забярэ яго, новага ворага народа. А былы аднавясковец усё пералічваў подзвігі малодшага брата, героя, адданага партыі. Гэта было невыносна. «А ты памятаеш, як ты ў трыццаць пятым годзе маю сястру ўратаваў? Ты быў студэнтам-медыкам, усё казаў, што цябе вучаць не роды прымаць, але ж мы прасілі зрабіць што-небудзь. Ну, яна і засталася жывая, і пляменнік мой таксама. Ты яшчэ яго хрысціў тады, памятаеш? І чытаць ты мяне навучыў. І канфірмаваліся мы з табой разам, у адзін дзень. І нічога я не магу для цябе зрабіць, дружа. Жонка твая ў фашыстоўскай школе працавала, а ты яе не адгаворваў. А сам ты падпісваў паперы, каб нашых людзей губіць у Нямеччыне на прымусовай працы. Кепска, братка. Вялікую паперу ён на цябе напісаў. А ён герой, і аднаго ягонага сведчання хопіць, каб цябе на месцы расстраляць. »
Читать дальше