Варты Стась не выклікаў. Увогуле ён нічога болей не сказаў, гэты афіцэр СМЕРШа, які калісьці быў бедным вясковым хлопцам. Проста загадаў ісці і чакаць далейшых распараджэнняў. Іх не было ні дзень, ні два. Фларыян за гэты час колькі разоў бачыў свайго малодшага брата, які ўсміхаўся яму ў твар і рабіў выгляд, што нічога не адбываецца. А навошта пужаць здабычу? Раптам гэты доктар застрэліцца ці атруціцца? Паводле сюжэта гэтай трагедыі ён мусіў ісці па этапах і піць келіх да дна.
На трэці дзень Казіміра знайшлі з прабітай галавой недзе ў полі. Вайна толькі што скончылася, таму пастанавілі, што гэта былі нейкія бандыты. Тады і следства па гэтай справе не мела ніякага сэнсу.
Фларыян Стрыжэўскі неўзабаве дэмабілізаваўся, прыехаў у Полацк, куды яго якраз накіравалі на працу, забраў з сабой жонку і сына, а потым у яго нарадзілася дачка і яшчэ адзін сын. І там ён пражыў аж да скону. Праўда, у першы год пасля вайны ў яго трэсліся рукі і апераваць ён не мог. А потым жыццё неяк наладзілася і шмат чаго забылася. Пакуль унукі не разварушылі старое. Дзед памёр у дзевяноста чацвёртым годзе — тады яшчэ можна было варушыць. Пазней адзін з унукаў, як некалі і ягоны прадзед, паехаў зарабляць грошы за акіян і мала каму ў іхнай радзіне стала цікавая гісторыя той Ісмены. Гісторыя, у праўдзівасць якой у сям'і мала хто верыў, але якую ўсе ведалі на памяць, як верш са школьнай хрэстаматыі.
Дон Джавані зноў спакушае сялянскую дзяўчыну: ён зменіць ейны лёс, прынясе ёй шчасце. Дзэрліна ўжо не мае сілаў супраціўляцца.
Была амаль дзявятая раніцы, калі Ірына раптам падскочыла на ложку, растаўкла Грынкевіча і загаварыла пра тое, што ў гэты час яна мусіць ужо быць у кансерваторыі. Грынкевіч прапанаваў ёй прыдумаць адгаворку. Ірына тэлефанавала свайму педагогу і казала нешта пра адчуванне жудаснай ацёчнасці ў насаглотцы, пра першы дзень менструацыі і пра мігрэнь. Цяжка было сабе ўявіць, што ўся гэтая трасца магла адразу наваліцца на адну-адзіную студэнтку-вакалістку.
— Ну, вось мы і адыгралі гадзінку-другую, — сказаў ён, ловячы дзяўчыну за лытку. — Хадзі сюды.
І яна зноў узвышалася над ім, як каралева на троне. І ён зноў прымусіў яе скарыцца. Яна перастала стрымліваць сябе — ейныя рухі былі як танец захмялелай вакханкі. Ён прыспешыў фінал, і яна, шчаслівая і стомленая, накрыла ягоны твар сваімі валасамі, дакрануўшыся да якіх, можна было памерці.
Потым Ірына плёскалася ў лазенцы, потым у яго на вачох заплятала валасы ў той самы «каласок», з якім прыйшла сюды. Ён стаяў з кубкам кавы ў руцэ і глядзеў на ейныя зборы. Думкі, якія прыйшлі да яго сёння пад ранак, у тыя хвіліны афармляліся ў жыццёва важнае рашэнне.
Джавані робіцца настойлівым і нецярплівым, пакуль Дзэрліна нарэшце не кажа: хадзем.
— Як ты ставішся да старадаўняй музыкі? Маю на ўвазе перыяд недзе ад Пергалезі да Моцарта ўключна?
Ірына папраўляла перад люстэркам кофтачку. Замест адказу яна толькі паціснула плячыма.
— Праз год я адсюль усё адно з'еду, — працягваў Грынкевіч, дапіваючы сваю каву. — Ты ж ведаеш, я рыхтую сабе базу ў Маскве.
Ірына нарэшце адказала:
— Мяне цікавіць гэтая музыка. Але дзе я буду набіраць іншы рэпертуар? Калі я слушна цябе зразумела.
Грынкевіч прамаўчаў, быццам спрабуючы выканаць у галаве нейкае арыфметычнае дзеянне.
— Табе нішто не замінае слухацца там у розных тэатрах. І калі паралельна ў цябе нешта атрымаецца, я буду толькі шчаслівы. Вядома ж, столькі грошай я не маю.
— Затое ў цябе ёсць чароўная палачка, якая заўсёды з табой, — смеючыся прамовіла Ірына і прытулілася да яго. — Паглядзім на вашыя паводзіны, маэстра. У вас яшчэ цэлы год выпрабавальнага тэрміну.
Джавані і Дзэрліна спяваюць пра тое, што іх цяпер чакае чыстае каханне.
Праз колькі хвілінаў яна ўжо бегла ўніз па сходах. А Грынкевіч думаў, як хутка і нечакана жыццё само скіравала яго ў патрэбнае рэчышча. А яшчэ дзень таму ён цьмяна ўяўляў, хто яна для яго і куды іх завядзе гэты адчайны раман. Няма нічога больш натуральнага, калі прыгожая спявачка робіцца сяброўкай дырыгента. Хай сабе ў яе не мядова-цёплы тэмбр голасу і хай сабе яна ніколі не назаве яго — Herr Kapellmeister.
Цяпер ён нават меў чым абнадзеіць маці, калі яна задасць яму сваё адвечнае пытанне пра ўнукаў.
Яны разам рука ў руцэ ідуць у дамок дона Джавані.
Сцэна X
Тыя самыя і донна Эльвіра, якая раз'юшана накідваецца на дона Джавані.
Рэчытатыў «Fermati, scellerato!».
Грынкевіч не меў рацыі, калі меркаваў, што Маша будзе разумнай дзяўчынкай і нарэшце возьмецца адбудоўваць уласнае жыццё. Цудоўнае і правільнае жыццё ў Маскве, у якім потым знойдзецца месца каму хочаш, толькі не гэтаму маладому дырыгенту з цьмянымі перспектывамі і няпростым характарам. І дарма ён спадзяваўся, што цяпер Маша ўсё зразумела. Проста апошнія колькі тыдняў ён быў у эйфарыі: уласны спектакль, Ірына.
Читать дальше