У той жа дзень, вечарам, Яніна Пятроўна сядзела па завядзёнцы ў спальні, задумна глядзела ў акно. Дзень быў сонечны, на двары весяліліся дзеці. Праз расчыненую фортку струменілі вясновыя подыхі, яны неслі водары цёплай зямлі, разнатраўя, водары першых сёлетніх кветак. Танюткімі ніцямі ўпляталіся сюды лясныя, палявыя і азёрныя пахі. Так, прынамсі, здавалася Яніне Пятроўне.
Сонца ніжэла, на брукаваны завулак, што віднеўся між будынкаў, апускаліся мудрагелістыя цені дамоў і прысадаў. Прысады пагойдваліся ад ветру, і па бруку гулялі сонечныя плямы. І вось Яніна Пятроўна ўбачыла, што на сярэдзіне завулка стаіць і нібыта глядзіць на яе хлопец. Зрок у Мачульскай быў няважны, але постаць хлопца здалася надзвычай знаёмай. Ён стаяў, курыў і быў зусім адзін на завулку. Хто ён? Так доўжылася некалькі хвілін, а затым хлопец павярнуўся і мернай хадою стаў аддаляцца. І па гэтай пругкай хадзе Яніна Пятроўна пазнала яго… пазнала свайго маладога мужа — бравага лейтэнанта Максіма Ягоравіча Тарасенку.
Аднак ён няўхільна адыходзіўся ад яе і быў ужо пад разлапістым клёнам. Яшчэ колькі секунд — і Максім знікне за яго заценню. Гэтага нельга было дапусціць, ні ў якім выпадку нельга. А таму, стаўшы бязважкай, выпырхнула Яніна праз фортку і паляцела за сваім нарачоным…
Там, за разгалістым клёнам, на залітай сонцам брукаванай даваеннай вулачцы, неўзабаве вітаў яе муж Максім, віталі мама і тата. Віталі душу, што больш за паўстагоддзя пражыла пасля іх на зямлі, але не знайшла сабе новых блізкіх.
Нарэшце яны сабраліся разам.
2002—2003 гг.
Падрыхтаванае на падставе: Міхась Южык, Марыянеткі і лялькаводы: раман — Мінск: Мастацкая літаратура, 2008. — 263 с.
ISBN 978-985-02-0991-7
Раман апавядае пра закуліснае жыццё драмтэатра “Кіцеж”, якое выходзіць з-за межаў тэатра на прастору сучаснага мегаполіса. У сатырычнай форме паказваецца жыццё маладога акцёра, які робіцца марыянеткай уласных страсцей і нерэалізаваных творчых амбіцый.
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011
© PDF: Камунікат.org, 2011
© ePub: Камунікат.org, 2012