— А што, хлопцы, можа, сёння рэпетыцыі не будзе? — з’едліва і раздражнёна спытаўся Пугач у дакучлівых хлопцаў.
— Будзе, толькі без Бабаеўскага, — нядбайна кінуў яму Альберт і, ляпнуўшы далонь аб далонь, тут жа ўскрыкнуў: — А во, Янка, яшчэ хохма была! — І ўсчаў рагатліва распавядаць Тышкевічу чарговае пашлоцце.
— Як не будзе? — перабіў яго Сяргей. — А хто за яго?
— Хутчэй за ўсё Фурсаў, — адказаў Янка. — Так што лафа.
— Дык а што з Баб.. — Пугач хацеў сказаць “з Бабаем”, але ўспомніўшы пра Альберта, запнуўся і паправіўся: — З Рыгорычам?
— А нешта там дома ў яго, — ухмыліста зірнуў на Сяргея Альберт. — Надзвычайнае здарэнне нейкае…
— Адкуль ты ведаеш?
— Ведаю, калі гавару, — нават пакрыўдзіўся Сычоў. — Ён яшчэ з вячэрняга спектакля сарваўся. І сёння, Нінка казала, яго да абеду не будзе… Рыгорыч жа ўжо з Зарэмбай — цю-цю, памахаў, так бы мовіць, ручкай, — працягваў ухмыляцца Альберт. — У старой сям’і, мабыць, што здарылася…
Тут Альберт пераключыў увагу на Тышкевіча, усклікнуў: “А во, Янка, паслухай лажу!” — і, артыстычна крыўляючыся, запоўніў грымёрку новай показкай.
Ён залівіста распавядаў хвілін пяць, як адчуў, што яго схапілі за плячо, тарганулі і сашмаргнулі з тумбачкі. Перад ім, з раз’юшаным перакошаным тварам, стаяў Сяргей і трымаў загрудкі.
— Перастань тут іржаць, чуеш! — хрыпеў Пугач і да трэску камячыў Сычову кашулю.
— Ды ты што, ачмурэў?! — абурыўся Альберт і схапіў Сяргея за рукі, намагаючыся выслабаніцца; цыбаты, ён быў на добрых паўгалавы вышэйшы за Пугача.
Але той з нечаканай сілай сарваў яго з месца, давалок да дзвярэй і вышпурнуў у калідор. Усё адбылося нагэтулькі вокамгненна, што Янка Тышкевіч нават не паспеў да іх падскочыць, каб спыніць тузаніну. Ён толькі лыпаў ад здзіўлення вачыма.
— Дэгенерат! — гарлаў з калідора асмялелы Альберт. — Псіх! Я на цябе ў суд падам!
Пугач не адказваў на яго выкрыкі. Выставіўшы Сычова з грымёркі, ён неяк звяў, абмяк, шаргатлівай хадою дацёгся да свайго крэсла, сеў і абхапіў галаву рукамі.
— Навошта ты з ім так? — падышоў да Сяргея Тышкевіч.
— А хай не рагоча, — буркнуў той ужо без ранейшай злосці.
…Пасля абеду, недзе паміж трыма і чатырма гадзінамі, Сяргей Пугач уляцеў у пад’езд дома Святланы Стрэчань і шпарка пабег па сходах. Аднак адолеўшы два лесвічныя пралёты, перад трэцім ён замарудзіў крок і ўжо не ляцеў па прыступках, а нібы краўся. Выгляд Сяргей меў насцярожаны і зладзеяваты, быццам гатовы ён быў у любую секунду павярнуць наўспят і ўцякаць на злом галавы.
На лесвічнай пляцоўцы Пугач зусім сцішыўся і на дыбачках падышоў да крайніх левых дзвярэй; прыпаў да вушака, прыслухоўваючыся. Нерухомы, ён прастаяў так даволі доўга. Затым гэтак жа на дыбачках пракраўся да супрацьлеглых дзвярэй, падняў руку да званка, павагаўся, апусціў, а тады зноў падняў руку і на гэты раз націснуў на кнопку.
— Хто там? — амаль імгненна раздаўся за дзвярыма старэчы голас: відаць па ўсім, за Сяргеем сачылі праз вочка.
— Прабачце, калі ласка, бабуля, — падробна зычлівым голасам пачаў Пугач, — можа, вы мне падкажаце, дзе дзяўчына з сорак першай кватэры… Нешта там з самае раніцы ніхто трубку не падымае… Я падумаў, мо тэлефон сапсаваўся…
— А вы хто будзеце, малады чалавек?
— Ды аднагрупнік я Свецін. Яе два дні на занятках не было. Група хвалюецца. Тэлефанавалі дамоў — ніхто не адказвае…
— У бальніцу забралі Свету, ледзь не памерла яна ўчора… — Голас бабулькі за дзвярыма, як здалося Сяргею, сарваўся на ўсхліп.
— Як у бальніцу?.. — залепятаў Сяргей. — Як жа ў бальніцу, бабуля?! Куды?! Як?! Ды што ж з ёй такое здарылася!! — Апошнюю фразу ён амаль пракрычаў.
Але з-за дзвярэй не было адказу.
— Бабуля! Адчыніце, бабуля! — Сяргей замалаціў кулакамі спярша па вушаку, а потым і па абіўцы. — Мне трэба! Чуеце, мне трэба ведаць, што здарылася!
— А тое, — раптам агрэсіўна ўскрыкнуў старэчы голас, — што даводзяць такія, як ты, дзяўчат да самага самагубства! Набаюць, наабяцаюць залатых гор — і ў кусты!
— Як… што… што такое вы кажаце…
— Бязлітасныя, эгаісты, вырадкі — вось вы хто! — плакала за дзвярыма незнаёмая бабуля. — Яе, калі хочаш знаць, ужо б на свеце не было, каб маці не задумала паміж урокамі дамоў заскочыць. Два літры крыві сабе выпусціла, бядачка…
— Як крыві?! — роў і грукаў у дзверы Сяргей. — Чаму? Навошта? Гэтага быць не можа!
— Ды я сама ёй рукі жгутом перацягвала, пакуль “хуткая” падаспела. Вены яна паўскрывала… Э-э-х, не цэніце вы жыцця…
Читать дальше